image_pdfimage_print
Фота з архіва

Фота з архіва

Урад вызначыў крытэрыі для кампенсавання расходаў на электразабеспячэнне жылля. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 16 ад 16 студзеня 2021 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Дакументам зацверджана палажэнне аб крытэрыях аднясення грамадзян да малазабяспечаных і іншых сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян, а таксама вызначаны пералік даходаў уласніка (членаў яго сям’і), якія ўдзельнічаюць у вызначэнні сярэднедушавога даходу. Устаноўленыя крытэрыі выкарыстоўваюцца пры кампенсаванні часткі расходаў на выкананне работ па электразабеспячэнні эксплуатуемага жыллёвага фонду для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы.

Згодна з палажэннем, да малазабяспечаных адносяцца грамадзяне, якім па праву ўласнасці належыць эксплуатуемы жыллёвы фонд, і члены іх сем’яў, у якіх сярэднедушавы даход не перавышае дзеючую велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму.

Да сацыяльна слабаабароных катэгорый адносяцца інваліды Вялікай Айчыннай вайны, а пры адсутнасці сумесна пражываючых працаздольных членаў сям’і – таксама непрацуючыя інваліды I і II групы, непрацуючыя інваліды баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў III групы і непрацуючыя пенсіянеры, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Акрамя таго, сацыяльна слабаабароненымі лічацца шматдзетныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама ў якіх абодва або адзін з бацькоў (усынавіцеляў) з’яўляюцца інвалідамі I або II групы.

Кампенсаванне расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду ажыццяўляецца ў адпаведнасці з указам ад 14 красавіка 2020 года нумар 127.

БЕЛТА