image_pdfimage_print
Нашы землякі  з поспехам выступілі на ХI Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”

Нашы землякі Віктар Шыпкоў, Ірына Беланожка, Алена Дудкіна і Яна Анціпенка з поспехам выступілі на ХI Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” у пасёлку Акцябрскі: дадому аматары народнай творчасці вярнуліся з дыпломамі пераможцаў і прызёраў маштабнага творчага форума.

Танец як стан душы

Танцоры з Гомельскага раёна, загадчык Грабаўскага дома культуры Ірына Беланожка і Віктар Шыпкоў уразілі членаў журы сваім артыстызмам, харызмай і эмацыянальным усплескам. Яны заваявалі I месца ў рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў беларускіх народна-побытавых парных танцаў “Лявоніха”.

— У праграме фестывалю значылася дзесяць танцаў, — расказвае Ірына Беланожка. — Рэпеціравалі кожную вольную хвіліну, адточвалі ўсе танцавальныя рухі, каб на сцэне можна было не думаць пра тэхніку выканання, а толькі адчуваць натхненне і эмацыянальны ўздым, які дае народны танец. Для нашай узроставай катэгорыі выбралі “Лявоніху”, “Польку ў два бакі”, вальс, “Барыню” і “Заёнец”. Апошні танец у розных варыяцыях сустракаецца ў многіх народаў, і складаецца з таго, што на пол крыж-накрыж кладуцца дзве палкі (у кагосьці — шаблі), і танцоры адмысловым чынам прыгаюць цераз іх пад рытмы музыкі.

Як прызнаецца работнік культуры, народныя танцы так захапляюць, што супыніцца проста немагчыма, бо яны напаўняюць чалавека энергіяй і дораць узнёслы настрой, якім танцор, у сваю чаргу, дзеліцца з гледачамі.

— Нам было таксама цікава паглядзець выступленні іншых удзельнікаў, — дзеліцца Ірына Беланожка. — Хоць і танцавалі мы адны і тыя ж танцы, усё ж такі для кожнай мясцовасці характэрны свае асаблівасці.

viber_2021-07-26_16-37-23-286.jpg

Рэгіянальныя асаблівасці рамёстваў   

Арганізатары фальклорнага фэсту пад-рыхтавалі вельмі насычаную і разнастайную праграму, так што аматары народнай творчасці мелі магчымасць у поўнай меры прадэманстраваць багацце матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны свайго краю. У прыватнасці, традыцыйныя рамёствы і народныя касцюмы.

er_2021-07-26_22-27-39-005.jpg

— На нашым фестывальным падворку мы прэзентавалі вырабы, зробленыя ў розных тэхніках і відах, з адмысловымі адметнасцямі, характэрнымі толькі для нашай мясцовасці. Напрыклад, агульнараспаўсюджаная вышыўка ў нас была прадстаўлена ў выглядзе сувенірнай прадукцыі, — адзначыла загадчык філіяла “Цэнтр рамёстваў Гомельскага раёна” Алена Дудкіна. — І толькі Гомельскі раён прадставіў такі незвычайны від мастацтва, як пляценне з кукурузнага шалупіння, так званы талаш. Яго адрадзіла наша майстрыха Таццяна Браім, і работы гэтай таленавітай жанчыны прыцягнулі ўвагу ўсіх наведвальнікаў выставы-прэзентацыі “Традыцыі рэгіянальных фальклорных практык”.

Удзельніца фальклорнага фэсту адзначыла, што з цікавасцю агледзела і іншыя падворкі. У пасёлку Акцябрскі сабраліся майстры з усёй рэспублікі, таму было на што падзівіцца і ўзяць сабе “на ўзбраенне”: шматлікія майстар-класы давалі магчымасць паспрабаваць розныя віды рамёстваў. Віктар Шыпкоў прадэманстраваў адметнасці старажытнага віда пляцення на кругавой аснове, а работнік культуры Яна Анціпенка — як зрабіць ляльку-матанку.

viber_2021-07-26_16-39-36-969.jpg

 

Вельмі зацікавіў нашых землякоў і традыцыйны народны касцюм. Але, як адзначыла Алена Дудкіна, аўтэнтычны касцюм прадставілі толькі некалькі раёнаў:

— Таму было вельмі цікава параўнаць крой сукенак і спадніц, колеры, якім аддавалі перавагу ў той ці іншай вобласці, спосабы аздаблення сукенак. Асабліва адрозніваліся паміж сабой галаўныя ўборы. На нашым падворку таксама дэманстраваліся некалькі касцюмаў, якія насілі жанчыны Маркавіч і наваколля. Тлумачэнні па іх асаблівасцях даваў Віктар Шыпкоў.

Дарэчы, спецыяльна да фестывалю Віктар узнавіў андарак — плісіраваную спадніцу чырвонага колеру з геаметрычным узорам па ніжняй кромцы, якая разам з ушваркай, аздобленай машыннай строчкай і аплікацыяй, з’яўляецца адметнасцю святочнага маркавіцкага строю.

Застаецца дадаць, што майстры з Гомельскага раёна адзначаны Дыпломам III ступені ў намінацыі “Народныя промыслы і рамёствы” за самабытнасць і папулярызацыю мастацкіх традыцый свайго краю.

Ірына ГРАМЫКА

Фота прадастаўлена Аленай ДУДКІНАЙ