image_pdfimage_print
Кожны гармонік мае сваё непаўторнае гучанне: Віктар Шыпкоў— аб удзеле ў фестывалі музычнага мастацтва “Грай, гармонік!”

Больш за 250 выканаўцаў — салісты і творчыя калектывы — прынялі ўдзел у XI рэгіянальным фестывалі музычнага мастацтва “Грай, гармонік!” На некаторы час Ельск стаў сталіцай народнай творчасці краіны. Сярод музыкаў, улюбёных у мілагучныя мелодыі і песні роднага краю, былі і прадстаўнікі Гомельскага раёна: фальклорны ансамбль “Славянская песня” Навагуцкага дома культуры і музыка-самавучка з Маркавіч Віктар Шыпкоў.

Ацэньвала канкурсантаў кампэтэнтнае журы з ліку вядомых дзеячаў культуры і мастацтва: акрамя выканання песень, музычных кампазіцый і частушак, былі арганізаваны выставы народных рамёстваў.

— Асноўнае патрабаванне для ўдзелу гарманістаў у конкурснай праграме — жывы гук! — расказаў Віктар Шыпкоў. — Таму было вельмі цікава паслухаць іншых музыкаў, бо кожны гармонік, як і чалавек, мае сваё непаўторнае гучанне.

Для ўдзелу ў конкурснай праграме Віктар падрыхтаваў некалькі музычных твораў — старажытныя песні, што бытавалі на яго малой радзіме і якія энтузіяст-фалькларыст дбайна выкарыстоўвае пры кожнай нагодзе. Гэта найгрышы “Гапака”, “Каробачкі”, “Кракавяка” і мясцовых “Полек”.

Як расказаў далей гарманіст з Маркавіч, фестывальныя мерапрыемствы пачаліся з урачыстага шэсця музыкаў і спевакоў, якія потым выступілі на некалькіх пляцоўках. Дарэчы, Віктар прадставіў у Ельску не толькі музычную творчасць малой радзімы, але і адмысловыя касцюмы — традыцыйнае святочнае адзенне жанчын Маркавіч і наваколляў.

Гомельскім музыкам спадабалася арганізацыя фестывалю: паміж выступленнямі ўдзельнікі свята маглі азнаёміцца з работай тэматычных падворкаў, зрабіць прыгожы здымак у шматлікіх фотазонах, прайсціся алеямі прыгожага фестывальнага парку, які арганізатары назвалі “Сяброўства без межаў”.

— На жаль, сёлета на свята не змаглі прыехаць гарманісты з Расіі і Украіны, якія ў мінулыя гады выдатна выступілі на фестывальных пляцоўках, — адзначыў Віктар Шыпкоў. — Было б цікава паслухаць іх аўтэнтычныя мелодыі і спевы. Спадзяюся, што ў наступны раз фестываль “Грай, гармонік!” збярэ шматлікіх госцей з-за мяжы.

Застаецца адзначыць, што нашы землякі выдатна прадставілі Гомельскі раён на фестывальных пляцоўках. Дадому Віктар Шыпкоў, творчы калектыў і адзін з яго ўдзельнікаў Максім Марквальд, які таксама выступаў сольна, вярнуліся з узнагародамі, як пераможцы і прызёры ў сваіх намінацыях — за захаванне і папулярызацыю народнай культуры.

Ірына ГРАМЫКА. Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ

https://sozhnews.by