image_pdfimage_print
Маляваныя дываны Алены Кіш: у Яромінскай дзіцячай школе мастацтваў адкрылася выстава

Яромінская дзіцячая школа мастацтваў стала першай выставачнай залай на Гомельшчыне, дзе размясцілася экспазіцыя фотарэпрадукцый маляваных дываноў народнай мастачкі Алены Кіш. Арганізатарам выставы выступіў кіраўнік мастацкага аддзялення школы Дзмітрый Чак.

На ўрачыстым адкрыцці Дзмітрый Белавіч расказаў шмат цікавага пра жыццё і творчасць мастачкі. Нарадзілася Алена Кіш на Случчыне ў 1889 годзе. Выяўленчаму мастацтву яна нідзе не вучылася, аднак зараз яе работы стаяць побач з творамі знакамітых сусветных майстроў, так званага, “наіўнага” мастацтва.

kish2.jpg

kish4.jpg

kish5.jpg

— Алена Кіш вандравала па вёсках, распісвала дываны, — расказвае Дзмітрый Чак. — Такі від мастацтва быў вельмі папулярным у пачатку мінулага стагоддзя. Да развіцця прамысловасці і выпуску фабрычных дываноў, якія сталі ўпрыгожваць сцены, вясковы люд карыстаўся паслугамі народных мастакоў. Менавіта такой была і Алена Кіш.

Жанчына сшывала разам нескалькі адрэзкаў тканага палатна, так, каб атрымаўся суцэльны холст, і распісвала яго клеявымі фарбамі. Ці давала яна назвы сваім работам з казачнымі сюжэтамі, невядома, аднак навукоўцы, якія зараз даследуюць творчасць мастачкі з народа, назвалі іх так: “Дзева на водах”, “Ліст да каханага”, “Рай”, “У райскім садзе” і гэтак далей.

— Доўгі час творчасць нашай зямлячкі была ў заняпадзе, і толькі ў 1978 годзе яе работы былі ўпершыню прадстаўлены шырокай аўдыторыі знаўцаў і аматараў мастацтва на калектыўнай выставе, прысвечанай маляваным дыванам. А сем гадоў таму адбылася першая персанальная выстава яе работ, якія захоўваюцца ў Заслаўскім музеі, — працягвае Дзмітрый Чак.

Зараз імя Алены Кіш стаіць у адным радзе з такімі славутымі майстрамі, як француз Анры Русо, грузін Ніко Пірасмані (альбо Пірасманішвілі). Пра яе творчасць можна прачытаць у “Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва”, імя беларускай мастачкі — у ліку 500, унесеных у каталог лепшых майстроў пэнздля і фарбы з 50 краін свету, якія працавалі ў гэтым напрамку.

kish3.jpg

— Творчасць Алены Кіш вельмі блізкая дзіцячаму ўспрыняццю рэчаіснасці, таму гэта і стала рашаючым аргументам для арганізацыі выставы фотарэпрадукцый менавіта ў сценах мастацкай школы, — адзначае Дзмітрый Чак. — Спадзяюся, што яна выклікае цікавасць не толькі ў жыхароў аграгарадка Яроміна, а і іншых населеных пунктаў раёна, і многія выкарыстаюць магчымасць дакрануцца да прыгожага, казачнага і невядомага, якое “схавана” ў творах Алены Кіш.

Выстава ў Яромінскай дзіцячай школе мастацтваў будзе працаваць да 30 верасня, з 13 да 18 гадзін. Уваход свабодны.

http://sozhnews.by