image_pdfimage_print
Аляксандр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка

17 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі народ ніколі не пасуе перад выклікамі часу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця ХХIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, “Славянскі базар” стаў сэрцам культурнага і духоўнага адзінства. І яно, падкрэсліў Прэзідэнт, павінна біцца ў імя галоўнай ідэі, закладзенай у аснову фестывалю, – “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення”.

“Асабліва сёння, калі ўсе краіны і народы знаходзяцца на мяжы глабальнага геапалітычнага крызісу, перадзелу свету, для нас жыццёва важна захаваць традыцыю, якая аб’ядноўвае людзей. Паколькі што б ні адбывалася ў свеце, міжнародны фестываль “Славянскі базар” заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў дружбу народаў”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фестывальнай сцэне з году ў год выступалі сотні артыстаў розных нацыянальнасцей, розных палітычных і рэлігійных поглядаў, з розных дзяржаў. Але, не зважаючы на міжнародныя канфлікты, міжнацыянальныя і ўнутрыпалітычныя крызісы, тут заўсёды панавалі мір, дружба і ўзаемаразуменне. “У чым сакрэт? Напэўна, і перш за ўсё – у культурным кодзе славян, у агульнай тысячагадовай гісторыі продкаў сучасных славянскіх народаў. У ёй мы не знойдзем фактаў варварскага разбурэння традыцый і знішчэння іншых цывілізацый. Ёсць толькі стварэнне і ўзаемаўзбагачэнне культур. Мы мірныя людзі, рабілі і будзем рабіць усё прыгожа і мірна. Таму штогод “Славянскі базар у Віцебску” прыцягвае да сябе ўдзельнікаў і гасцей з розных куткоў планеты”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што і сёння віцебскі амфітэатр сабраў самых яркіх артыстаў, самых добрых і чулых гледачоў. Такіх, якія прыходзяць і прыязджаюць на гэта свята па закліку сэрца. “Тых, каго аб’ядноўвае шчырая любоў да агульнанацыянальнай славянскай культуры”, – дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў гасцям і ўдзельнікам фестывалю, каб гэтыя дні падарылі ім шмат яркіх эмоцый, а конкурсы адкрылі новыя імёны ў свеце мастацтва.