image_pdfimage_print
Фота з архіва

Фота з архіва

Маразы ў Беларусі аслабеюць з сярэдзіны тыдня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

“У мінулыя выхадныя ў Беларусі тэмпература ў сярэднім была на 10-15 градусаў ніжэй за кліматычную норму, прычым 17 студзеня адмоўныя адхіленні ў асобных раёнах дасягалі 18 градусаў. З 16 па 18 студзеня ноччу тэмпература на большай частцы тэрыторыі краіны апускалася ніжэй за 20 градусаў марозу. Мінімальнае значэнне тэмпературы паветра адзначана ў ноч на 17 студзеня на метэастанцыі Слуцк – мінус 28,7”, – расказалі ў Белгідрамеце.

На гэтым тыдні чакаецца змена ўмоў надвор’я. “У пачатку тыдня яшчэ захаваецца марознае надвор’е, але пачынаючы ўжо з серады па паўднёвым захадзе, а ў далейшым па ўсёй тэрыторыі Беларусі чакаецца павышэнне тэмпературнага фону. Потым да канца тыдня тэмпературы паветра будуць у асноўным вагацца ад слабаадмоўных да слабададатных значэнняў, толькі ў ноч на чацвер, 21 студзеня, па ўсходзе краіны яшчэ падмарозіць да мінус 13-15. Пры павышэнні тэмпературы паветра з сярэдзіны тыдня ападкі будуць ісці ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Месцамі ўтворыцца галалёд”, – прагназуюць сіноптыкі.

У аўторак, 19 студзеня, ноччу і раніцай месцамі па краіне пройдзе невялікі снег, днём будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе 19-24 градусы марозу, месцамі – мінус 25-27, у паўночных раёнах – мінус 13-18. Днём будзе 10-16 градусаў ніжэй за нуль.

Потым у паўднёва-заходніх раёнах Беларусі чакаецца аслабленне маразоў. У сераду, 20 студзеня, ноччу па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег, слабая мяцеліца. Днём па паўднёвым захадзе прагназуецца мокры снег, магчымы дождж, месцамі галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе 16-23 градусы марозу, пры праясненнях – да мінус 26, па паўднёвым захадзе – мінус 9-15, у крайніх паўднёва-заходніх раёнах Брэсцкай вобласці – мінус 6-8. Днём будзе 6-13 градусаў ніжэй за нуль, па паўднёвым захадзе – ад мінус 5 да плюс 1.

Далей маразы будуць слабець па ўсёй краіне. У чацвер, 21 студзеня, ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі, пераважна па паўночным усходзе, пройдуць кароткачасовыя ападкі (снег, мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж). Месцамі чакаецца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля па паўднёвым захадзе да мінус 13-15 градусаў па ўсходзе, днём будзе ад мінус 2 да плюс 4.

У пятніцу, 22 студзеня, будзе пераважна без ападкаў. Месцамі чакаюцца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 4 да плюс 2, днём будзе ад мінус 2 да 4 градусаў.

БЕЛТА