image_pdfimage_print

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапануе ўвесці сямігадзінны рабочы дзень для шматдзетных з захаваннем зарплаты, паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у інтэрв’ю праграме “Тыдзень” на тэлеканале СТБ, паведамляе БЕЛТА.

“Мы ўважліва паглядзелі на магчымасці Працоўнага кодэкса і сёння прапанавалі шматдзетным мамам перайсці на гібкі графік, скарочаны з васьмі да сямі гадзін рабочы дзень. Пры гэтым у поўным аб’ёме заработная плата, як за васьмігадзінны рабочы дзень. Нас падтрымалі, у 2021 годзе мы будзем уваходзіць чарговы раз з пэўнымі карэкціроўкамі ў Працоўны кодэкс, таму будзем прапаноўваць дэпутатам, каб яны нас таксама падтрымалі”, – расказала Ірына Касцевіч.

Гаворачы аб мерах дзяржпадтрымкі для шматдзетных, Ірына Касцевіч заявіла, што ўвядзенне сямейнага капіталу дало суперэфект. “Сёння ў нас 110 тыс. шматдзетных сем’яў, і мы назіраем на працягу работы сямейнага капіталу значны рост”, – адзначыла яна.

Паводле яе даных, сямейным капіталам ужо скарысталіся 24 тыс. сем’яў. З іх 90 працэнтаў накіравалі сродкі на жыллё, 6 працэнтаў – на адукацыю для старэйшых дзяцей, 4 працэнты – на медыцынскія паслугі.

БЕЛТА