image_pdfimage_print

Фота з архіва

Фота з архіва

Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч расказаў сёння журналістам аб тым, якія напрамкі плануецца закласці ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Прадаўжаецца падрыхтоўка сістэмных мер на сярэднетэрміновую перспектыву, якія будуць пакладзены ў аснову Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады. Адначасова ідзе работа і над механізмамі рэалізацыі нашых мэт. Гэта ў першую чаргу дзяржпраграмы (25 праектаў цяпер праходзяць абмеркаванне і ўзгадненне) і праграма дзейнасці ўрада, якая будзе прадугледжваць змяненне інстытуцыянальнага асяроддзя, накіраванае на паляпшэнне ўмоў жыцця нашых грамадзян”, – сказаў Дзмітрый Ярашэвіч.

У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця будзе некалькі блокаў. “Традыцыйна адным з асноўных з’яўляецца сацыяльны блок. Гэта пытанні, якія хвалююць усіх грамадзян: даходы, цэны, якасць і даступнасць аховы здароўя і адукацыі. У праграме таксама будзе закранута тэма ўдасканалення інвестыцыйнага клімату, умоў для работы бізнесу. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на дзяржаўным сектары эканомікі, паколькі былі накоплены некаторыя праблемы, якія мы настроены ў самы кароткі тэрмін вырашыць. Такім чынам, асноўныя пытанні – гэта забеспячэнне дзяржавай сацыяльных гарантый, эфектыўны дзяржсектар, разняволенне бізнес-ініцыятывы, стварэнне ўмоў для замежных інвестараў”, – адзначыў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, у падрыхтоўцы сістэмных мер і практычных крокаў на сярэднетэрміновую перспектыву ўдзельнічаюць не толькі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, але і бізнес-саюзы, эксперты міжнародных арганізацый, незалежныя эканамісты, навуковая супольнасць. У Навукова-даследчым эканамічным інстытуце Мінэканомікі ў лістападзе прайшоў цыкл круглых сталоў па абмеркаванні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады. Запланавана таксама абмеркаванне на дыялогавых пляцоўках. “Затым праграма будзе разгледжана на Усебеларускім народным сходзе. Думаю, паступяць яшчэ прапановы. Усе яны будуць прааналізаваны, уключаны ў канчатковы праект праграмы і затым накіраваны кіраўніку дзяржавы на зацвярджэнне”, – дадаў Дзмітрый Ярашэвіч.

БЕЛТА