Геаграфічнае становішча

Гомельскі раён – адзін з найбольш густанаселеных раёнаў вобласці, сэрца паўднёва-ўсходняга беларускага Палесся з найбагацейшай гісторыяй і працоўнымі дасягненнямі.

Гомельскі раён размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы Гомельскай вобласці. Мяжуе з Рэпкінскім і Гараднянскім раёнамі Рэспублікі Украіна, з Лоеўскім, Рэчыцкім, Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім і Добрушскім раёнамі Гомельскай вобласці.

Асаблівасцю Гомельскага раёна з’яўляецца адсутнасць раённага цэнтра, яго тэрыторыі мяжуюць з абласным цэнтрам Гомельскай вобласці г.Гомель.

На тэрыторыі плошчай 2,0 тыс.кв. км размешчана 184 населеных пункта, у іх пражывае больш за 68 тыс. чалавек, у тым ліку беларусаў – 89,4%, рускіх – 6,8%, украінцаў – 2,5%, іншых нацыянальнасцяў (цыганы, армяне, палякі, яўрэі, татары, азербайджанцы, малдаване, немцы, туркмены, чувашы, грузіны) – 1%.

Адміністрацыйна раён падзелены на 21 сельскі Савет: Аздзелінскі, Бобовіцкі, Бальшавіцкі, Грабаўскі, Даўгалескі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Руднемарымонаўскі, Улукаўскі, Урыцкі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чонкаўскі, Яромінскі.

Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Пераважная вышыня 120 – 140 м над узроўнем мора. Самы высокі пункт (160,3 м) размешчаны каля вёскі Зябраўка. У поймах рэк Дняпро і Сож размешчаны заліўныя лугі.

Карысныя выкапні: торф, гліна для грубай керамікі, пясок.

Галоўная рака – Сож з прытокамі Іпуць, Уць, Церуха (левы), Уза (правы).

Шыракалістым і хваёвым лесам занята 38,2% тэрыторыі раёна.

Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 44,9% тэрыторыі раёна. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-балотныя, тарфяна-балотныя, супясчаныя, пясчаныя, суглінкавыя.

Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі – мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Развіта птушкагадоўля.

Раён перасякаюць чыгункі: Брэст – Бранск, Санкт – Пецярбург – Кіеў, Гомель – Бахмач; аўтадарогі на Брэст, Бранск, Магілёў, Мінск, Чарнігаў. Суднаходства ажыццяўляецца па рацэ Сож.