image_pdfimage_print
Фота з архіва

Фота з архіва

У Беларусі ад грыпу прышчапілі 30 працэнтаў грамадзян, якія падлягаюць вакцынацыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка.

Усяго плануецца вакцынаваць не менш за 40 працэнтаў насельніцтва. “Стварэнне праслойкі на ўзроўні 40 працэнтаў дастаткова для эфектыўнай прафілактыкі захваральнасці на грып”, – сказаў Аляксандр Тарасенка.

За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе прышчэплена 13 працэнтаў, абласнога бюджэту – 19 працэнтаў, за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый – 8 працэнтаў.

Рэкамендаваны перыяд вакцынацыі – з 15 верасня да 1 снежня. “Але мы, вядома, будзем імкнуцца вакцынаваць раней, паколькі бачым нязначны, але ўсё ж рост захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі”, – адзначыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач. Ён дадаў, што эпідэміялагічная сітуацыя знаходзіцца пад кантролем.

Што датычыцца расійскай вакцыны ад каранавіруса “Спадарожнік V”, клінічныя выпрабаванні якой цяпер праводзяцца ў краіне, то, паводле слоў Аляксандра Тарасенкі, “пакуль ніякіх пабочных рэакцый у добраахвотнікаў не адзначана”.

БЕЛТА