image_pdfimage_print
Фота з архіва

Фота з архіва

У Беларусі штогадовы аб’ём уводу жылля плануецца павялічыць з 4 млн кв.м у 2021 годзе да 4,5 млн кв.м у 2025 годзе. Гэта прадугледжана дзяржаўнай праграмай “Будаўніцтва жылля” на 2021-2025 гады, паведамляе БЕЛТА.

Дзяржпраграма зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 28 студзеня 2021 года нумар 51, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Праграма накіравана на павышэнне ўзроўню забяспечанасці насельніцтва даступным і камфортным жыллём, стварэнне бяспечнага і экалагічна ўстойлівага асяроддзя пражывання. Прыярытэтным напрамкам яе рэалізацыі стане збалансаванае развіццё розных форм задавальнення жыллёвых патрэбнасцей грамадзян у залежнасці ад іх даходаў, пераваг і месца пражывання як з выкарыстаннем мер дзяржпадтрымкі сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва, так і з прымяненнем новых механізмаў фінансавання будаўніцтва (набыццё жылля ва ўласнасць, арэнда жылля, развіццё сістэмы жылбудзберажэнняў, удасканаленне механізмаў іпатэчнага жыллёвага крэдытавання).

Згодна з дакументам, з 2021 па 2025 год плануецца паэтапна павялічыць аб’ёмы будаўніцтва агульнай плошчы жылля, жылля з дзяржпадтрымкай, арэнднага жылля, у тым ліку для ваеннаслужачых, і электрадамоў. Рост аб’ёмаў будаўніцтва жылля прадугледжваецца як у цэлым па краіне, так і па рэгіёнах. За пяць гадоў таксама плануецца ўвесці ў эксплуатацыю каля 725 тыс. кв.м арэнднага жылля і амаль 2 млн кв.м плошчы электрадамоў. Згодна з праграмай, будаўніцтва індывідуальнага жылля сфарміруе найбольш разнастайны па структуры спажывецкі попыт, які спалучае розныя камбінацыі кошту, эксплуатацыйных і праектных рашэнняў, прымяненне экалагічных матэрыялаў. Прадоўжыцца развіццё комплекснага індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Пры ўзвядзенні шматпавярховых дамоў будзе акцэнтавана ўвага на выкарыстанні энергазберагальных рашэнняў, тэхналогій разумнага дома.

Для грамадзян, якія маюць права на дзяржпадтрымку, будаўніцтва жылля будзе ажыццяўляцца ў жылых дамах тыпавых спажывецкіх якасцей па эканамічных энергаэфектыўных праектах. Адным з важных напрамкаў застанецца забеспячэнне жыллём шматдзетных сем’яў, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама дзяцей-сірот, інвалідаў і іншых сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян. Нараўне з будаўніцтвам новых жылых памяшканняў шматдзетныя сем’і змогуць паляпшаць свае жыллёвыя ўмовы, набываючы і рэканструюючы жыллё з выкарыстаннем сродкаў дзяржпадтрымкі, а таксама атрымліваючы арэндныя і сацыяльныя кватэры.

Фінансаванне дзяржпраграмы будзе ажыццяўляцца ў межах сродкаў, прадугледжаных на гэтыя мэты ў рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах. На рэалізацыю праграмы спатрэбіцца больш за Br38,6 млрд, у тым ліку сродкаў рэспубліканскага бюджэту – больш за Br6,66 млрд, мясцовых бюджэтаў – амаль Br2,4 млрд, крэдытных рэсурсаў – больш за Br6,7 млрд, іншых крыніц – амаль Br23 млрд. У 2021 годзе на рэалізацыю праграмы будзе накіравана больш за Br6,4 млрд, у 2022 годзе – Br7,1 млрд, у 2023 годзе – Br7,7 млрд, у 2024 годзе – Br8,3 млрд, у 2025 годзе – крыху больш за Br9 млрд.

Сярэдні кошт 1 кв.м жылля, пабудаванага з дзяржпадтрымкай, у 2021 годзе вызначаны ў памеры Br1152, да 2025-га ён павінен вырасці да Br1433,2.

Усе шматкватэрныя дамы павінны быць забяспечаны інжынернай і транспартнай інфраструктурай, долю ўчасткаў для індывідуальнага будаўніцтва з мінімальнай інфраструктурай будуць павялічваць з 82 працэнтаў у 2021 годзе да 90 працэнтаў да канца пяцігодкі.

Адказным заказчыкам дзяржпраграмы вызначана Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Акрамя Мінбудархітэктуры, заказчыкамі выступаюць Мінэнерга, Мінсувязі, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам. Гэтым дзяржструктурам неабходна прымаць меры па выкананні падпраграм і кантраляваць мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне сродкаў, што выдзяляюцца на іх рэалізацыю. Акрамя таго, ім трэба будзе забяспечваць выкананне зводных мэтавых паказчыкаў праграмы і яе падпраграм, весці маніторынг рэалізацыі мерапрыемстваў і г.д.

Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.