Приветствуем на официальном сайте Гомельского районного исполнительного комитета!

Фотогалерея - Конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…”

Дзясяткі артыстаў і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці сабраў у Новай Гуце VI раённы конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…”. Гэты творчы форум праходзіць раз у два гады, і з кожным разам збірае ўсё больш удзельнікаў.

Ацэньваць конкурсныя праграмы, работы майстроў і гаспадынь запрасілі кампетэнтнае журы. У яго склад увайшлі доктар філалагічных навук, загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Валянціна Новак, вядучыя метадысты па этнаграфіі і фальклору абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц (яна была і старшынёй журы), па аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Таццяна Хахракова, па народным традыцыям і абрадам Людміла Мельнікава і загадчык аддзела метадычнай работы цэнтра культуры Гомельскага раёна Таццяна Паўлюк.

изображение 158

Рэгіянальны конкурс-фестываль праводзіўся ў трох намінацыях: песенна-харэаграфічная і вусна-паэтычная праграма, дэкаратыўна-прыкладная творчасць і стравы нацыянальнай кухні. Падлеткі прыгатавалі стравы нацыянальнай кухні і падрыхтавалі цікавую іх прэзентацыю — разыгралі невялікую сцэнку з Гаспадаром і Гаспадыняй у галоўных ролях. Адначасова і стравы былі адмыслова пададзены: да прыкладу, посудам для гарбузянай кашы паслужыў ачышчаны знутры гарбуз. Вучні таксама прэзентавалі і цікавую творчую праграму “Грабаўскія вячоркі”.

изображение 096

изображение 125

Перад пачаткам выступленняў артыстаў журы ацаніла работы майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гаспадары свята, ураджэнцы Новай Гуты і творчы калектыў Цэнтра рамёстваў Гомельскага раёна, які размяшчаецца ў Навагуцкім СДК, прадэманстравалі беларускіх лялек, тканыя паясы, вязанне кручком і вышыўку. Бабовіцкую СШ прадстаўлялі вучаніцы Анастасія і Алена Ключнікавы і іх бабуля Ларыса Аляксандраўна Маскаленка, якая вучыць сваіх унучак рукадзеллю — вышыўцы, як традыцыйнай, крыжыкам, так і папулярнай зараз бісерам, а таксама рэдкай, але вельмі прыгожай дыяментавай мазаіцы.

изображение 149

изображение 144

Настаўнік Зябраўскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй Пастухоў прадэманстраваў свае работы — разьбу па дрэву.

изображение 092

Праграму конкурсу-фестывалю працягнулі выступленні артыстаў, якія разгарнулі перад гледачамі старонкі мінулага — песні, тэатралізаваныя пастаноўкі і народныя гульні ў выкананні юных і дарослых артыстаў.

изображение 289

І вось — падвядзенне вынікаў. Гран-пры конкурсу-фестывалю “Ад прадзедаў спакон вякоў...” за вернасць традыцыям заваявалі навучэнцы Галавінскай СШ (яны ж адзначаны і ў намінацыі “Адпаведнасць сцэнічнага касцюма нацыянальным народным традыцыям”). Першае месца ў намінацыі “За лепшае веданне нацыянальных традыцый і іх захаванне” — народнае аматарскае аб’яднанне “Скарбніца”, “За высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і мастацкі густ” — дзіцячы ансамбль “Гаманяты” і народны фальклорны ансамбль “Гамонка”. Самая арыгінальная конкурсная праграма, на думку журы, была ва ўзорнага харэаграфічнага ансамбля “Карусель” і народнага фальклорнага ансамбля “Світанак” Міхалькоўскага СДК, а лепшая тэатралізацыя конкурснай праграмы і артыстызм — у аматарскага аб’яднання “Спадчына” Галавінскай СШ і народнага ансамбля “Гамонка”.

 изображение 322

Першае месца ў конкурсе “Арыгінальнасць страў беларускай нацыянальнай кухні па традыцыйнаму рэцэпту сваёй мясцовасці” прысуджана аматарскаму аб’яднанню “Гаспадынька” з Цярэшкавіч, а ў намінацыі “Адпаведнасць вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нацыянальным традыцыям” — творчым калектывам Бабовіцкай СШ і Цэнтра рамёстваў Гомельскага раёна.

 Народный вокальный ансамбль Карагод Ерёминской ДШИ

Арганізатары конкурсу-фестывалю “Ад прадзедаў спакон вякоў” — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Цэнтр культуры Гомельскага раёна — спадзяюцца, што наступны творчы форум будзе яшчэ больш маштабным і цікавым, заклікаюць жыхароў раёна, установы адукацыі і культуры збіраць, захоўваць і прапагандаваць нацыянальныя традыцыі.