Абрад Сула: адно з сямі цудаў Маркавіч і наваколляў

Больш стагоддзя таму ў Маркавічах і Гадзічаве існаваў добры звычай — на другі дзень Вялікадня хадзіць у госці да суседзяў і віншаваць іх са святам. Доўгі час гэты абрад не праводзілі, але ж намаганнямі былога дырэктара Маркавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Мікалая Пашчанкі, настаўніка Рыгора Басава і вучняў-удзельнікаў фальклорнага калектыву “Чарнабрыўцы” абрад быў адроджаны. Сёлета ўжо ў 15 раз па вуліцах Маркавіч прайшлі жанчыны і дзяўчаты, якія спявалі абрадавыя песні і вадзілі карагоды. Да маркавіцкай Сулы далучыліся і журналісты “Маяка”.

Па словах ураджэнца Маркавіч Віктара Шыпкова, які разам з настаўнікамі і сябрамі праводзіў першую Сулу пасля доўгага перапынку, абрад мае сакральнае значэнне:

 Па часе правядзення і ўнутранаму зместу ён быў «прывязаны» да Уваскрасення Хрыстова. Як хрысціянскае свята, якое сімвалізуе ўваскрэсенне чалавечай душы да новага жыцця, так і Сула — сімвал абуджэння прыроды, надзеі на добры ўраджай. Карагод — сімвал сонца, і “ваджэнне танка” было “сігналам”, што прыйшоў час займацца сельскагаспадарчымі работамі.

Жывыя сведкі падзяліліся з энтузіястамі ўспамінамі, расказалі, як усё адбывалася. У панядзелак пасля Вялікадня, як толькі закончыцца богаслужэнне ў Свята-Кацярынінскай царкве ў Гадзічаве, усе ішлі за ваколіцу вёскі. Дзяўчаты і жанчыны станавіліся ў шэрагі, узяўшыся пад рукі, і ішлі з песнямі і прыпеўкамі пад гармонік у бок вёскі Маркавічы па старажытнаму Кацярынінскаму шляху. У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог удзельнікі абраду паўтаралі “крывы танок”, карагоды-гульні “Чарнабрывы каралёк” і “Падшыбну кабыліцу”.

Завяршала абрадавае шэсце адна з самых паважаных сялянак Маркавіч, якая з кулічом ці пасхай на тканым рушніку вітала гасцей: «Як прайшоў Хрыстос усе мукі, узялі Яго пад рукі. Яго маці стаяла і такія словы прамаўляла: «Сыне мой, як будзеш Ты васкрасаці, будуць цябе ангелы страчаць, са святым васкрасеннем паздраўляць! Хрыстос уваскрос!». А жанчына з Гадзічава ёй адказвала: «Дай Бог і на той год даждаць светлага Хрыстова васкрасення ў шчасці і здароўі! Хрыстос уваскрос!» — і абедзьве хрыстосаваліся. Потым усе частаваліся кулічамі, яйкамі, пасхамі, гулялі ў біткі, пелі і танцавалі.

1ef5e1f5e.JPG

2e62f6e2.JPG

5ed5f65.JPG

62ef62ef.JPG

56g54e4wgf.JPG

e152e15e.JPG

e251025egf.JPG

r256hr632h6.JPG

5rfg5rg51.JPG

rf4r51h45.JPG

52br6h2r6h.JPG

Па словах загадчыка філіяла Веткаўскага музея народнай творчасці Наталлі Кадзетавай, якая не першы год наведвае Сулу, удзельнічаць у абрадзе, асабліва для моладзі, нават у якасці гледачоў, не проста цікава і пазнавальна, гэта яшчэ і ўнікальная магчымасць даведацца пра духоўнае жыццё нашых продкаў: у што яны верылі і што шанавалі:

— У правядзенні Сулы прымаюць удзел супрацоўнікі нашага музея, а таксама навучэнцы каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага. Для ўсіх нас гэта выдатная магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць старажытны абрад, які дае адчуванне таго, што ў чалавека ёсць духоўныя карані. А абрадавыя песні ўзбагачаюць нашу “скарбонку” народных спеваў, якія мы збіраем з усёй вобласці.

Ірына Глушэц, вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклору Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, адзначыла, што ў 2019 годзе абраду Сула быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

— З таго часу супрацоўнікі абласнога цэнтра штогод дапамагаюць у яго правядзенні і асабіста ўдзельнічаюць у ім. Для мяне Сула мае асаблівае, сакральнае значэнне, і далучэнне да абрадавых дзеянняў, выконванне спеваў і адмысловых карагодаў дае магчымасць дакрануцца да аўтэнтычнай народнай спадчыны, адчуць яе прыгажосць і глыбокі сэнс.

Абрад Сула працягнула вялікая канцэртная праграма, якую падрыхтавалі мастацкія калектывы Цэнтра культуры Гомельскага раёна. Таксама ўсіх зацікавілі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці майстроў Гомельскага раёна і экспазіцыя маркавіцкіх “строяў” — жаночага адзення канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Яны, дарэчы, як і абрад Сула, уваходзяць у пералік “Сямі цудаў Маркавіч і наваколляў”, якія склалі настаўнікі і вучні мясцовай установы адукацыі.

d5v5dv145.JPG

r84h58h4r.JPG

sv5v5sve.JPG

5r1h45h5r.JPG

6rh5hr56h.JPG

5dv521v45e.JPG

Гавораць удзельнікі абрада

Зінаіда Кушнярова:

— У Маркавічы я прыехала больш 40 гадоў назад — выйшла сюды замуж. Шматлікія клопаты не перашкодзілі займацца творчасцю — наведваць мясцовы калектыў мастацкай самадзейнасці. І я была ў ліку тых, хто стаў праводзіць абрад пасля доўгага перапынку. У Буда-Кашалёўскім раёне, адкуль я родам, такога абраду не існавала. Але ж цяпер я імкнуся не прапускаць ніводнай Сулы.

Анастасія Пінчук:

— Зараз я вучуся ў 10 класе Маркавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы, і штогод удзельнічаю ў правядзенні Сулы. Спачатку, калі была маленькай, — у ролі дзяўчынкі, якую жанчыны падкідвалі ўверх з пажаданнямі здароўя, а зараз ужо сама выводжу з дзяўчатамі “крывы танок” і іншыя карагоды. Калі сёлета Віктар Шыпкоў прапанаваў вучням прыняць удзел у абрадзе, многія зацікавіліся.

Ірына Смолікава:

 Я родам з Глыбоцкага, і ў нашай вёсцы таксама праводзілі гэты абрад, хоць і царква, і свецкія ўлады былі супраць. У мяне захаваўся гістрычны фотаздымак — Сула ў Глыбоцкім, якую праводзілі жанчыны вёскі ў 1967 годзе. Пры ўважлівым розглядзе можна падлічыць: у Суле прынялі ўдзел некалькі соцень вясковых жанчын.

Ірына ГРАМЫКА.

Фота Дар’і КАЙМОВІЧ.

Абрад Сула: адно з сямі цудаў Маркавіч і наваколляў

https://sozhnews.by