Ад бізнесу паступіла ўжо каля 5,7 тыс. зваротаў аб падтрымцы па ўказе нумар 143

У час сустрэчы. Фота Мінэканомікі

У час сустрэчы. Фота Мінэканомікі

Сумесная рабочая сустрэча міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова і міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч з прадстаўнікамі аб’яднанняў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (асацыяцый і саюзаў), дзяржорганаў і мясцовых органаў улады адбылася 18 чэрвеня ў Міністэрстве эканомікі ў фармаце відэаканферэнцыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Мінэканомікі.

Асноўнай тэмай сустрэчы пры шырокім прадстаўніцтве кожнага з бакоў стала практыка прымянення на месцах палажэнняў указаў кіраўніка дзяржавы нумар 143 “Аб падтрымцы эканомікі” і нумар 178 “Аб часовых мерах дзяржаўнай падтрымкі наймальнікаў і асобных катэгорый грамадзян”.

Адкрываючы сустрэчу, Аляксандр Чарвякоў назваў новы фармат узаемадзеяння больш эфектыўным для прапрацоўкі складаных пытанняў. Ён таксама адзначыў, што ўсе дамоўленасці, акрэсленыя на мінулай сустрэчы, рэалізаваны і адпаведная інфармацыя накіравана ў адрас дзяржорганаў і бізнес-саюзаў.

Ірына Касцевіч арыентавала прадстаўнікоў рэгіёнаў і бізнес-супольнасці на інтэнсіўную інфармацыйную работу па рэалізацыі ўказа нумар 178. “Такая работа ў першую чаргу павінна праводзіцца адносна арганізацый, якія дзейнічаюць у рэжыме скарочанага рабочага часу або якія знаходзяцца ў прастоі”, – падкрэсліла міністр працы і сацыяльнай абароны.

Міністр эканомікі адзначыў: у рэгіёнах работа над рэалізацыяй указа нумар 143 прадаўжаецца, бізнесам такая форма дзяржпадтрымкі запатрабавана. “Паводле апошняй інфармацыі, у аблвыканкамы і Мінгарвыканкам паступіла каля 5,7 тыс. зваротаў суб’ектаў гаспадарання па прадастаўленні розных мер падтрымкі па ўказе нумар 143. Больш як 2,5 тыс. з іх ужо задаволена. І работа ў гэтым напрамку прадаўжаецца. Абласныя саветы дэпутатаў у два разы знізілі стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў на другі і трэці квартал. Больш за 340 суб’ектаў гаспадарання атрымалі льготу па падатку на нерухомую маёмасць на суму Br3,7 млн. З іх 70 працэнтаў – прыватны бізнес. Адтэрміноўкі, растэрміноўкі і падатковыя крэдыты на суму каля Br5 млн прадастаўлены 217 арганізацыям. Прычым 85 працэнтаў – таксама прыватны бізнес. Арандатары гандлёвых плошчаў, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, па выніках работы аблвыканкамаў таксама паведамляюць аб зніжэнні арэнднай платы і прадастаўленні адтэрміновак”, – праінфармаваў удзельнікаў сустрэчы Аляксандр Чарвякоў.

Абмяркоўвалася бягучая сітуацыя ў турыстычнай галіне і рэстаранным бізнесе, узнімаліся пытанні арганізацыі выязнога гандлю і правядзення кірмашоў у Мінску, устанаўлення арэнднай платы за карыстанне дзяржаўнай нерухомай маёмасцю ў замежнай валюце, памеру штрафных санкцый за парушэнне санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства.

Рабочыя сустрэчы ў такім фармаце будуць прадоўжаны.

БЕЛТА