Першы энергаблок БелАЭС будзе ўключаны пасля дыягностыкі сістэм і вузлоў турбагенератара – Каранкевіч

16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы энергаблок БелАЭС будзе ўключаны пасля дыягностыкі сістэм і вузлоў турбагенератара. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

12 ліпеня на першым энергаблоку БелАЭС спрацавала аўтаматычная абарона генератара. Турбагенератар быў адключаны ад сеткі. У адпаведнасці з планавым і праектным алгарытмам магутнасць рэактарнай устаноўкі была зніжана да мінімальна кантралюемага ўзроўню – да 1 працэнта. Электразабеспячэнне спажыўцоў у момант адключэння не парушалася.

“З улікам таго, што абсталяванне турбагенератара працавала пры тэмпературы каля плюс 300 градусаў, неабходны некаторы час для яго расхалоджвання, каб спецыялісты маглі пачаць высвятленне прычын спрацоўвання абароны генератара і іх устараненне”, – растлумачыў Віктар Каранкевіч.

Будзе праведзена дэталёвая дыягностыка ўсіх тэхналагічных сістэм і вузлоў турбагенератара. “Гэтыя работы будуць выконвацца паэтапна. Пасля іх завяршэння блок будзе зноў уключаны ў работу”, – дадаў міністр




Першыя мерапрыемствы стартуюць на “Славянскім базары ў Віцебску”

14 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Сёння пачынаюцца першыя мерапрыемствы XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Беларускі тэатр “Лялька” восьмы раз прадставіць “Лялечны квартал”, які карыстаецца папулярнасцю. Творчыя калектывы з Беларусі і Расіі на працягу пяці дзён пакажуць спектаклі для дзяцей і дарослых. Першымі на сцэне 14 ліпеня выступяць гаспадары пляцоўкі з пастаноўкай “Насарог і Жырафа”.

Падрыхтавалі на сёння і нядрэнную выставачную праграму. У абласным краязнаўчым музеі прэзентуюць XI Нацыянальную філатэлістычную выставу “Белфіла-2021”. У экспазіцыі прадстаўлена 80 калекцый з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Ізраіля, Латвіі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і Чэхіі. У канцэртнай зале “Віцебск” публіку чакаюць дзве выставы – жывапісу ад галерэі “АртХаос”, а таксама 750 фатаграфій, якія расказваюць аб розных кутках Расіі.

У дадатак да культурнай праграмы ў цэнтры сучаснага мастацтва прадставяць праект “Вясёлы Пушкін”. Гэта вынік шматгадовага супрацоўніцтва музея-запаведніка А.С. Пушкіна “Міхайлаўскае” і мастака Ігара Шаймарданава. Паводле задумы аўтара, выстава ўяўляе сабой “нешта накшталт маленькай выдуманай навелкі з жыцця Пушкіна або добрага анекдота”. Гэта прыдуманыя, выдуманыя або амаль праўдзівыя гісторыі з дзвюх зім і двух лет, праведзеных пісьменнікам у міхайлаўскай ссылцы, калі ён наведваў Трыгорскае, Бугроўскі млын і Святагорскі кірмаш.

Важнейшым мерапрыемствам першага дня “Славянскага базару” стане адкрыццё на будынку цэнтра культуры “Віцебск” памятнай дошкі заснавальніку фестывалю Радзівону Басу. Менавіта дзякуючы яму пра творчы форум даведаліся далёка за межамі Беларусі і ён стаў брэндам краіны.

Канцэртная праграма музычнага фестывалю пачнецца з выступлення “Хору Турэцкага”. Крыху пазней у Летнім амфітэатры пройдзе сімфанічная рок-феерыя “Уверцюра да фестывалю. Агонь і лёд”. Арганізатары абяцаюць эфектнае лядовае шоу ў гарачы ліпень. У 22.00 на пл.Перамогі з канцэртам-віншаваннем напярэдадні свайго дня нараджэння выступіць Рыгор Лепс. Уваход свабодны. Фінальным акордам першага дня “Славянскага базару” стане цырымонія падняцця сцяга форуму.

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 15 па 18 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 14 і 19 ліпеня. Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю адбудзецца 15 ліпеня на галоўнай сцэне. У час гала-канцэрта ўручаць спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення”. Закрыюць фестываль гала-канцэртам з узнагароджаннем пераможцаў конкурсаў 18 ліпеня. Журы дарослага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, дзіцячага – спявак Піліп Жмахер (Сербія). На форуме чакаюць прадстаўнікоў 33 краін, у тым ліку каля 5 тыс. артыстаў.-




Больш за 5 тыс. работнікаў беларускіх прадпрыемстваў выказаліся супраць санкцый – ФПБ

12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 5 тыс. работнікаў прадпрыемстваў усіх рэгіёнаў краіны і сфер эканомікі выказаліся супраць санкцый. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

“Людзям відавочна, што санкцыі ЕС і ЗША ў першую чаргу ўдараць па заработках, пенсіях, дапамогах. Такія дыскрымінацыйныя меры абсалютна незаконныя і парушаюць адно з асноўных правоў чалавека – права на працу. Беларусы гатовы абараняць такое права. Аб гэтым яны гавораць з сябрамі, у працоўных калектывах, сем’ях, выказваюць сваю пазіцыю ў сацыяльных сетках. Пляцоўкай, якая аб’ядноўвае тых, хто стаміўся маўчаць і гатовы адстойваць сваю пазіцыю, стала Федэрацыя прафсаюзаў. На інтэрнэт-партале нацыянальнага прафцэнтра сабраны тысячы меркаванняў людзей аб санкцыйнай палітыцы калектыўнага Захаду. Больш за 5 тыс. меркаванняў людзей аб’яднаны ў больш чым 30-гадзінны відэаролік, накіраваны сёння палітыкам краін Еўрасаюза”, – расказалі ў ФПБ.

“Я мама і хачу, каб у мяне была работа, каб я магла забяспечваць сваіх дзяцей, а дзеці жылі ў спакойнай краіне”, “Нам санкцыі не патрэбны!”, “Заклікаем займацца сваімі праблемамі і не ўмешвацца ў справы нашай краіны”, “Я падтрымліваю тысячы маіх калег, суайчыннікаў. Хачу паглядзець у вочы тым, хто заклікае з-за мяжы да санкцый, і задаць пытанне, як яны будуць глядзець у вочы сваім суайчыннікам, якія могуць застацца без работы, дзецям, якія могуць страціць будучыню”, “Пакіньце нас у спакоі! Дайце магчымасць спакойна працаваць!” – усё гэта словы простых людзей. Прамысловасць, энергетыка, хімічная галіна, адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная і жыллёва-камунальная сферы, сельская і лясная гаспадарка, сувязь, будаўніцтва, гандаль, транспарт салідарна выступаюць супраць незаконных абмежавальных мер, якія прымяняюцца да нашай краіны.

“Гэта тая праўда, якую заходнія палітыкі сёння наўмысна ігнаруюць і скажаюць. Гэта тое, аб чым яны стараюцца не гаварыць. Яны сёння з высокіх трыбун заяўляюць, што нібы самі беларусы выступаюць за ўвядзенне санкцый, нібы ўсё гэта робіцца ў інтарэсах беларускага народа. Гэта відэа – дакладны і зразумелы адказ на такую хлусню, – падкрэслілі ў Федэрацыі прафсаюзаў. – Відавочна, што заходнія чыноўнікі не збіраюцца лічыцца з меркаваннем людзей. У лютым Федэрацыя прафсаюзаў накіравала ў іх адрас больш за 1,130 млн подпісаў рабочых супраць санкцый. Але і сёння зразумелага адказу на гэты салідарны і калектыўны запыт людзей няма. Цяпер еўрачыноўнікі ў сваіх беззаконных дзеяннях па-ранейшаму прыкрываюцца людзьмі – нібы разбурэнне нашай эканомікі ў іх інтарэсах. Але яны павінны ўбачыць праўду, якая застанецца ў гісторыі і будзе сведчаннем іх незаконнай і крывадушнай палітыкі”




ДАІ рэкамендавала вадзіцелям быць асцярожнымі ў гарачае надвор’е

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендавала вадзіцелям быць больш уважлівымі і асцярожнымі ў гарачае надвор’е. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла дзяржаўтаінспектар АДАІ Партызанскага РУУС Мінска Ганна Ціхановіч.

“Ператамленне за рулём – натуральная рэакцыя арганізма на доўгае кіраванне аўтамабілем, звязанае са значнай нервовай нагрузкай. Небяспекі можна чакаць як ад іншых вадзіцеляў, якія заснулі за рулём і страцілі кіраванне, так і ад самога сябе, калі не адпачыць перад паездкай і некалькі гадзін запар весці аўтамабіль, – расказалі ў АДАІ. – Ператамленне суправаджаецца дрэнным самаадчуваннем, прытупленнем увагі, зніжэннем канцэнтрацыі, хуткай стамляльнасцю і нават бяссонніцай. Небяспека ДТЗ рэзка ўзрастае пасля 8-10 гадзін бесперапыннага ваджэння. Многія вадзіцелі пачынаюць адчуваць стомленасць ужо праз 2-3 гадзіны знаходжання за рулём, і, як правіла, перад паездкай яны не адпачываюць”.

Як адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі, адна гадзіна ваджэння ва ўмовах інтэнсіўнага руху прыраўноўваецца да шасці гадзін дзейнасці чалавека, занятага цяжкай фізічнай працай. Пры кіраванні аўтамабілем на працягу гадзіны са скорасцю 100 км/гадз вадзіцель стамляецца гэтак жа, як людзі пасля чатырох гадзін цяжкай разумовай працы. Акрамя таго, на самаадчуванне ўплывае дрэннае асвятленне дарогі ноччу, неспрыяльныя ўмовы надвор’я, шум і вібрацыі ў кабіне, наступствы ўжывання алкаголю і лякарстваў. Адсюль узнікае няўважлівасць, неасцярожнасць, рассеянасць, марудлівасць. Усё гэта ўплывае на бяспеку дарожнага руху: у вадзіцеля адзначаецца запозненая рэакцыя на дарожную абстаноўку, знакі, сігналы святлафора, ён з цяжкасцю вытрымлівае скорасны рэжым і прамалінейнасць руху.

Асаблівую небяспеку ўяўляюць начныя рэйсы для вадзіцеляў старэйшых за 55 гадоў. “Ноччу шафёры гэтай узроставай групы робяць у два разы больш аварый, чым днём. Справа ў тым, што з узростам, нягледзячы на вялікі вадзіцельскі вопыт, пагаршаюцца псіхічныя і фізіялагічныя функцыі, якія непасрэдна ўплываюць на бяспеку ваджэння. Пры працяглай яздзе ноччу стомленасць можа прывесці да галюцынацый. Напрыклад, па шляху можа здацца дом або звер, які пераходзіць дарогу, могуць проста ўзнікнуць туманныя плямы або прадметы нявызначанай формы. У такіх выпадках вадзіцель рэзка тармозіць або зварочвае ўбок, потым пераконваецца, што на самай справе на дарозе ніякай перашкоды няма”, – сказала Ганна Ціхановіч.

Адзіны сродак выратавання ад галюцынацый – адпачынак. Неабходна рабіць перапынкі, пры ўзнікненні стомленасці спыняцца і адпачываць. Важна ўсведамляць: лепш крыху пазней прыехаць у месца прызначэння, чым трапіць у ДТЗ з-за стомленасці або наогул заснуць за рулём”, – дадалі ў ведамстве.




Па новай праграме “Сямейны капітал” больш за 18,5 тыс. шматдзетных сем’яў адкрылі дэпазіты

8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для шматдзетных сем’яў на 1 ліпеня 2021 года адкрыта 100 930 дэпазітных рахункаў “Сямейны капітал”, з якіх па праграме 2020-2024 гадоў – 18 518, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Па праграме “Сямейны капітал” 2015-2019 гадоў для шматдзетных сем’яў адкрыта 82 412 дэпазітных рахункаў на суму $824,1 млн. Памер назначанай у мінулую пяцігодку сумы складаў $10 тыс. для шматдзетных сем’яў, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нарадзілася (усыноўлена, удачарона) у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года ўключна. Звярнуцца па назначэнне сямейнага капіталу можна было па 30 чэрвеня 2020 года ўключна – не пазней за шэсць месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга дзіцяці або наступных дзяцей.

Па праграме 2020-2024 гадоў для шматдзетных сем’яў адкрыта 18 518 дэпазітных рахункаў на суму Br421,7 млн. У новай пяцігодцы сямейны капітал назначаецца шматдзетным сем’ям, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нарадзілася (усыноўлена, удачарона) з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года ўключна. У 2020 годзе памер сямейнага капіталу складаў Br22,5 тыс., а з 1 студзеня 2021 года – Br23 737,5.

“На 1 ліпеня гэтага года на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пададзена 38 532 заявы. З іх на паляпшэнне жыллёвых умоў – 34 391 (89 працэнтаў), на атрыманне адукацыі – 1779 (5 працэнтаў), на атрыманне медыцынскіх паслуг – 2362 (6 працэнтаў). Прынята 36 430 рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу”, – адзначылі ў Мінпрацы.

Больш за ўсё рашэнняў аб размарозцы сямейнага капіталу прынята ў Брэсцкай вобласці – 7783, следам ідуць Мінская – 6117, Гомельская вобласць – 5847, Мінск – 5057, Гродзенская вобласць – 4253, Магілёўская – 3753. Менш за ўсё такіх рашэнняў прынята ў Віцебскай вобласці – 3620.-0-




На Купалу сонца грае: ў Новай Гуце адбудзецца раённае свята Купалле

Вечарам 6 ліпеня многія збяруцца ля вадаёмаў, каб адсвяткаваць самую таямнічую ноч у годзе — Купальскую. Абавязкова будуць гарэць вогнішчы, дзяўчаты сплятуць вянкі з цалебных зёлак і кветак. Іх пазней пусцяць па вадзе, варажуючы-загадваючы: ці выйдуць сёлета замуж, ці добрае сумеснае жыццё чакае будучую маладую сям’ю?

IMG_1552.JPG

IMG_1574.JPG

Раённае свята Купалле адбудзецца ў Новай Гуце на беразе ракі Сож, на якое ў 20 гадзін запрашаюць жыхароў і гасцей аграгарадку.

— Купалле ў нашым населеным пункце ўжо стала традыцыйным, — расказвае выконваючы абавязкі загадчыка Навагуцкага сельскага дома культуры Наталля Шатовіч. — І з кожным годам свята збірае ўсё больш удзельнікаў. Сёлета мы падрыхтавалі цікавую тэатралізацыю, а таксама вялікую канцэртную праграму. Прыходзьце: будзе весела і незабыўна!

Таямніцы Купалля можна будзе разгадаць таксама ў іншых населеных пунктах раёна: 6 ліпеня вясёлае свята змогуць наведаць жыхары вёсак Зябраўка і Маркавічы (пачатак у 20.00). У пятніцу, 9 ліпеня, работнікі культуры з Цярэшкавіч і Бабовіч прапануюць аднавяскоўцам адшукаць “кветку шчасця” і паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне, а ў суботу, 10 ліпеня, Купалле адбудзецца на возеры Іпуць і ў аграгарадку Яроміна.

IMG_1602.JPG

IMG_1609.JPG

Як верылі нашы продкі, у Купальскую ноч жывёлы могуць размаўляць, расліны — хадзіць, а недзе ў гушчары лясной распускаецца папараць-кветка, якая валодае магічнымі здольнасцямі надзяляць кожнага, хто яе знойдзе. Да святкавання гэтай ночы рыхтаваліся людзі ўсіх узростаў: увечары дзяўчаты зёлкі ў полі збіралі, вянкі плялі, а потым на іх варажылі, па вадзе пушчалі. Лічылася, што толькі ў гэтую ноч можна ўбачыць, як русалкі на галінах дрэў калыхаюцца. Вось толькі сустрэча з імі для мужчын небяспечная: русалкі могуць заваражыць любога з іх і зацягнуць на глыбіню.

IMG_1592.JPG

IMG_1616.JPG

IMG_1615.JPG

Існаваў яшчэ адзін купальскі звычай: 6 ліпеня, калі царква адзначала памяць святой Агрыпіны, якую ў народзе называлі Аграфена, усе імкнуліся нарыхтаваць венікі для лазні, а бліжэй да вечара мыліся. Таму гэты дзень у народзе часцей называлі днём Аграфены Купальніцы. А лагічным яго працягам стала ўмыванне вадою на світанні 7 ліпеня, альбо “купанне” у ранішняй расе.

І толькі на Купалле раскладваюць вогнішча, цераз якое ўсе перапрыгваюць. Бо ад гэтага дзеяння, як лічылі нашы продкі, “усе балячкі ў агонь сы-ходзяць, і чалавек здаравей становіцца”. Так гэта ці не, аднак пасля скачку многія і сапраўды адчуваюць прыліў сіл. Альбо гэта атмасфера свята так дзейнічае, усё ж такі адчуваецца ўздзеянне таямнічай ночкі Купальскай?

Ірына ГРАМЫКА. Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.




За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 943 пацыенты з COVID-19, выпісаны 1363

Фота з архіва

Фота з архіва
За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 943 пацыенты з COVID-19, выпісаны 1363. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваны 399 852 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19. Выздаравелі 392 366 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19.

За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 2910 пацыентаў з выяўленым каранавірусам.

За мінулыя суткі выканана 17 923 тэсты. Усяго ў краіне праведзена 6 427 830 тэстаў.

БЕЛТА




Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены ў Беларусі 7 чэрвеня з-за навальніц

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены ў Беларусі 7 чэрвеня з-за навальніц, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У панядзелак будзе пераменная воблачнасць. Ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, чакаюцца навальніцы. Днём пры навальніцах месцамі прагназуюцца град і моцныя ліўні. Вецер паўночны ўмераны, пры навальніцах парывісты, днём у асобных раёнах будзе шквалістае ўзмацненне ветру.

Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 10-16. Днём будзе 21-27 градусаў цяпла.

БЕЛТА

 




Лукашэнка падпісаў пастанову Савета бяспекі аб мерах па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі

Фота з архіва

Фота з архіва

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў пастанову Савета бяспекі нумар 1 “Аб мерах па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”, падрыхтаваную па выніках праведзенага 18 мая 2021 года пасяджэння Савета бяспекі. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

На гэтым пасяджэнні разглядаліся пытанні, звязаныя з павышэннем ролі Савета бяспекі як калегіянальнага каардынацыйна-палітычнага органа ў справе абароны незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі, падтрымання грамадзянскага міру і згоды ў краіне, процідзеяння экстрэмізму і барацьбы з тэрарызмам.

Ураду дадзена даручэнне падрыхтаваць праект закона, які прадугледжвае змяненне законаў Беларусі “Аб надзвычайным становішчы” і “Аб ваенным палажэнні”, у мэтах стварэння дадатковых умоў для прадухілення і нейтралізацыі рызык, выклікаў і пагроз нацыянальнай бяспецы.

Акрамя таго, на пасяджэнні адобраны праект новага палажэння аб Савеце бяспекі. Пасля зацвярджэння ўказам кіраўніка дзяржавы гэты дакумент уступіць у сілу і будзе апублікаваны.

БЕЛТА




Трэці працоўны семестр стартаваў у Мінску

Трэці працоўны семестр стартаваў у Мінску

Адкрыццё трэцяга працоўнага семестра адбылося 4 чэрвеня ў сталіцы: Мінская гарадская арганізацыя БРСМ у парку Перамогі ўручыла працоўныя пуцёўкі ўдзельнікам студэнцкіх атрадаў горада. У старце працоўнага семестра былі задзейнічаны 2 тыс. удзельнікаў. Сімвалічныя працоўныя пуцёўкі студатрадаўцам перадалі старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк і першы сакратар Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ Раман Бандарук.

БЕЛТА




На БелАЭС завяршыўся этап комплекснага апрабавання першага энергаблока

Фота з архіва

Фота з архіва

На Беларускай АЭС паспяхова завяршыўся этап комплекснага апрабавання першага энергаблока, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дзяржкарпарацыі “Расатам”.

Комплекснае апрабаванне энергаблока – гэта заключны этап доследна-прамысловай эксплуатацыі кожнага атамнага аб’екта. Мэта такога працэсу – пацвердзіць працаздольнасць асноўнага абсталявання на праектных параметрах у рэжыме штатнай эксплуатацыі. Паспяховае завяршэнне гэтага этапу сведчыць пра гатоўнасць энергаблока нумар 1 да прамысловай (камерцыйнай) эксплуатацыі.

“Працягласць комплекснага апрабавання – 15 сутак, на працягу якіх блок працуе на 100 працэнтаў магутнасці, – растлумачыў сутнасць завершанага этапу віцэ-прэзідэнт, дырэктар праекта па ўзвядзенні Беларускай АЭС АТ ІК “АСЭ” Віталь Палянін. – Этап пройдзены без заўваг ад эксплуатуючай арганізацыі “Беларуская АЭС”. Вынікі работы блока на гэтым этапе стануць асновай для магчымасці падпісання акта папярэдняй прыёмкі блока прыёмачнай камісіяй і пачатку прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока”.

Этап доследна-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока БелАЭС быў адкрыты 22 снежня 2020 года.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці.

БЕЛТА

 




Яравая сяўба завяршаецца ў Беларусі

Фота з архіва

Фота з архіва
Сяўба яравых культур у Беларусі праведзена на 2,3 млн га, што складае 94,1 працэнта запланаваных плошчаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Паводле даных на 24 мая, яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры (з кукурузай на зерне, грэчкай і просам) пасеяны на 1,087 млн га, або 100,9 працэнта ад плана.

Завершана сяўба цукровых буракоў, яравога рапсу, бульбы. Ва ўсіх абласцях, акрамя Віцебскай, завершана сяўба лёну (41,7 тыс. га, або 97,9 працэнта ў цэлым па краіне).

Набліжаецца да завяршэння сяўба кукурузы (1,016 млн га, або 89,8 працэнта), агародніны (4,22 тыс. га, або 91,7 працэнта), аднагадовых траў (253,8 тыс. га, або 83,1 працэнта).

Прадаўжаюцца работы па сяўбе грэчкі (22 тыс. га, або 72,7 працэнта) і проса (3,81 тыс. га, або 55,2 працэнта).

Яравую сяўбу ў гэтым годзе плануецца правесці амаль на 2,5 млн га.

БЕЛТА