У Беларусі прышчапілі ад грыпу 30 працэнтаў грамадзян, што падлягаюць вакцынацыі

Фота з архіва

Фота з архіва

У Беларусі ад грыпу прышчапілі 30 працэнтаў грамадзян, якія падлягаюць вакцынацыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка.

Усяго плануецца вакцынаваць не менш за 40 працэнтаў насельніцтва. “Стварэнне праслойкі на ўзроўні 40 працэнтаў дастаткова для эфектыўнай прафілактыкі захваральнасці на грып”, – сказаў Аляксандр Тарасенка.

За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе прышчэплена 13 працэнтаў, абласнога бюджэту – 19 працэнтаў, за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый – 8 працэнтаў.

Рэкамендаваны перыяд вакцынацыі – з 15 верасня да 1 снежня. “Але мы, вядома, будзем імкнуцца вакцынаваць раней, паколькі бачым нязначны, але ўсё ж рост захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі”, – адзначыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач. Ён дадаў, што эпідэміялагічная сітуацыя знаходзіцца пад кантролем.

Што датычыцца расійскай вакцыны ад каранавіруса “Спадарожнік V”, клінічныя выпрабаванні якой цяпер праводзяцца ў краіне, то, паводле слоў Аляксандра Тарасенкі, “пакуль ніякіх пабочных рэакцый у добраахвотнікаў не адзначана”.

БЕЛТА




Змяненні ў Канстытуцыю павінны адпавядаць патрэбам грамадства – Сівец

У Канстытуцыю трэба ўносіць такія змяненні, якія будуць адпавядаць патрэбам грамадства. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Сяргей Сівец сёння на дыялогавай пляцоўцы “Канстытуцыйнае рэфармаванне і партыйнае будаўніцтва” ў Мінску.

У сталіцы адбылася ўжо трэцяя дыялогавая пляцоўка. На абмеркаванне вынеслі актуальныя пытанні: мэтазгоднасць адмены смяротнай кары, замацаванне магчымасці прымяняць узяцце пад варту толькі на падставе рашэння суда, а таксама ўвядзенне пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека.

“Канстытуцыйна-прававая рэформа – гэта магчымасць змянення нашага грамадскага дагавора. Тое, дзе закладваюцца паняцці, як мы збіраемся жыць і ўзаемадзейнічаць адзін з адным, якім чынам будзе выбудоўвацца сістэма ўлады і якія паўнамоцтвы будуць у дзяржаўных органаў. Гэта няпростыя, маштабныя пытанні, якія патрабуюць дэталёвага разгляду, а такія дыялогавыя пляцоўкі дапамагаюць узняць тэму, абмеркаваць, прыйсці да кампрамісу і выпрацаваць кансэнсус у частцы іх вырашэння і замацавання”, – расказаў Сяргей Сівец.

Ён таксама падкрэсліў, што на абмеркаванне выносяцца сучасныя праблемы, якія хвалююць жыхароў краіны. А значыць, трэба дэталёва разглядаць тэмы і ўносіць такія прапановы рэформ, якія дакладна будуць адпавядаць патрэбам беларускага грамадства.

“Калі ёсць запатрабаванне на змяненні таго ці іншага сацыяльнага інстытута, мы павінны прапрацаваць гэта пытанне на экспертным узроўні і прапанаваць якія-небудзь якасныя і эвалюцыйныя рэформы. І ніяк інакш. Нельга каціцца назад і пазбаўляцца таго, чаго дасягнулі за многія гады”, – адзначылі ў гутарцы.

Чарговы дыялог завяршыўся, наперадзе фінальная сустрэча. На ёй адбудзецца падвядзенне вынікаў па тэмах, якія ўздымалі на сходах, а таксама распрацоўка праектаў-рэкамендацый, якія спецыялісты палічаць патрэбным вынесці на больш сур’ёзны ўзровень – абмеркаванне на Усебеларускім народным сходзе.

У трэцяй дыялогавай пляцоўцы ўдзельнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў, эксперты.

БЕЛТА




Мінпрацы прапануе ўвесці для шматдзетных мам сямігадзінны рабочы дзень з захаваннем зарплаты

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапануе ўвесці сямігадзінны рабочы дзень для шматдзетных з захаваннем зарплаты, паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у інтэрв’ю праграме “Тыдзень” на тэлеканале СТБ, паведамляе БЕЛТА.

“Мы ўважліва паглядзелі на магчымасці Працоўнага кодэкса і сёння прапанавалі шматдзетным мамам перайсці на гібкі графік, скарочаны з васьмі да сямі гадзін рабочы дзень. Пры гэтым у поўным аб’ёме заработная плата, як за васьмігадзінны рабочы дзень. Нас падтрымалі, у 2021 годзе мы будзем уваходзіць чарговы раз з пэўнымі карэкціроўкамі ў Працоўны кодэкс, таму будзем прапаноўваць дэпутатам, каб яны нас таксама падтрымалі”, – расказала Ірына Касцевіч.

Гаворачы аб мерах дзяржпадтрымкі для шматдзетных, Ірына Касцевіч заявіла, што ўвядзенне сямейнага капіталу дало суперэфект. “Сёння ў нас 110 тыс. шматдзетных сем’яў, і мы назіраем на працягу работы сямейнага капіталу значны рост”, – адзначыла яна.

Паводле яе даных, сямейным капіталам ужо скарысталіся 24 тыс. сем’яў. З іх 90 працэнтаў накіравалі сродкі на жыллё, 6 працэнтаў – на адукацыю для старэйшых дзяцей, 4 працэнты – на медыцынскія паслугі.

БЕЛТА




МПЗ хоча перайсці на стапрацэнтную падачу падатковых дэкларацый у электронным выглядзе

Фота з архіва

Фота з архіва

Міністэрства па падатках і зборах Беларусі хоча перайсці на стапрацэнтную падачу дэкларацый у электронным выглядзе, паведаміў кіраўнік ведамства Сяргей Налівайка ў інтэрв’ю праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1”, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“У нас пераважная большасць – 88 працэнтаў з лішнім плацельшчыкаў – падаюць ужо дэкларацыі ў электронным выглядзе. Мы хочам, каб такіх суб’ектаў было 100 працэнтаў, у тым ліку і фізічных асоб”, – адзначыў Сяргей Налівайка.

На думку міністра, сёння ёсць магчымасці для выбудоўвання дыстанцыйнага ўзаемадзеяння паміж падатковым органам і плацельшчыкам. МПЗ нацэлена на тое, каб аддалена маніторыць дзейнасць падаткаплацельшчыка, дапамагаць яму і падказваць. “Думаю, суб’екты гаспадарання пацвердзяць, што апошнія гады супрацоўнікі падатковых органаў больш займаюцца такой прафілактычнай работай, папераджальнай. І перш чым выйсці на праверку, як мінімум два-тры папярэджанні паступае суб’екту, даецца магчымасць прывесці свае справы, свае лічбы ў парадак. Гэты трэнд будзе і ў далейшым вытрымлівацца”, – сказаў Сяргей Налівайка.

МПЗ разлічвае, што праз тры гады каля 80 працэнтам суб’ектаў гаспадарання ўжо не трэба будзе самім запаўняць дэкларацыю – за іх гэта будзе рабіць падатковая інспекцыя. Суб’екту гаспадарання перад падпісаннем дэкларацыі трэба будзе толькі ацаніць дакладнасць і карэктнасць даных у ёй.

БЕЛТА




Першы энергаблок БелАЭС гатовы на 98 працэнтаў – Каранкевіч

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 98 працэнтаў. Аб гэтым паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у час форуму па развіцці электрамабільнасці E-Mobility 2020, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Цяпер гатоўнасць першага энергаблока БелАЭС ацэньваецца на 98 працэнтаў. Праведзена ўжо загрузка свежага ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара, выкананы гідравыпрабаванні. На завяршальнай стадыі знаходзіцца этап фізічнага пуску, калі рэактарная ўстаноўка выведзена на мінімальна кантралюемы ўзровень магутнасці. Плануем, што ўжо ў пачатку лістапада на першым энергаблоку пачнецца энергетычны пуск, а гэта ўжо вытворчасць першых кілават-гадзін з выдачай іх у энергасістэму краіны. Увод энергаблока ў эксплуатацыю плануецца ў першым квартале 2021 года”, – сказаў Віктар Каранкевіч.

Будаўніча-мантажныя работы на другім энергаблоку станцыі выкананы на 75 працэнтаў, праводзіцца індывідуальнае апрабаванне асноўнага тэхналагічнага абсталявання. Увод блока ў эксплуатацыю запланаваны на 2022 год. “Такім чынам, зусім хутка Беларусь атрымае эканамічна выгадную, экалагічна чыстую крыніцу энергіі, перавагі якой будуць адчувальныя як для эканомікі, так і насельніцтва. І электратранспарт – гэта якраз той напрамак, які зможам паспяхова развіваць. Упэўнены, тут у нас ёсць добрыя перспектывы і адпаведны зачын”, – заявіў міністр.

Ён таксама падкрэсліў, што запуск Беларускай атамнай электрастанцыі адкрые новыя магчымасці не толькі для развіцця электратранспарту. “Гэты важнейшы для краіны і энергетычнай галіны праект будзе мець сінергетычны эфект у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Увод у эксплуатацыю АЭС дасць магчымасць эканоміць прыродны газ у аб’ёме 4,5 млрд куб. м, што значна ўмацуе энергетычную бяспеку Беларусі. Выкіды парніковых газаў знізяцца больш як на 7 млн т у год. Гэта палепшыць экалагічную абстаноўку ў краіне, а таксама дасць магчымасць унесці значны ўклад у агульную справу па змякчэнні наступстваў змянення клімату ў свеце”, – адзначыў Віктар Каранкевіч.

“Акрамя таго, праект БелАЭС стане платформай для шырокага ўкаранення ў эканоміку самых перадавых тэхналогій і стварэння на іх аснове інавацыйных вытворчасцей. Гэта пераход на новы тэхналагічны ўклад у энергетыцы на карысць экалогіі і канкурэнтных тарыфаў”, – дадаў ён.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце “АЭС-2006” паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі “Расатам”. Энергаблокі пакалення “3+” маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная асаблівасць энергаблока – унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.

БЕЛТА




Сельгасарганізацыі ўбралі бульбу з 92,3 працэнта плошчаў

Фота з архіва

Фота з архіва

Сельгасарганізацыі Беларусі ўбралі бульбу з 23,2 тыс. га, што складае 92,3 працэнта ад плана, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Накапана 660 тыс. т бульбы. Ураджайнасць склалася на ўзроўні 285 ц/га супраць 312,9 ц/га на аналагічную дату 2019 года. Самая высокая ўраджайнасць у Віцебскай вобласці – 378,9 ц/га. У тройцы рэгіёнаў з самай высокай ураджайнасцю таксама Мінская (323,2 ц/га) і Магілёўская (321,5 ц/га) вобласці.

Агародніны сабралі 94,9 тыс. т пры ўраджайнасці 219,1 ц/га (252,3 ц/га – на аналагічную дату мінулага года). Больш за трэць агародніны сабрана ў Брэсцкай вобласці (35,9 тыс. т).

Убрана 49,8 працэнта плошчаў цукровых буракоў (41 тыс. га). Накапана больш за 1,85 млн т буракоў, сярэдняя ўраджайнасць склала 452,1 ц/га (у мінулым годзе – 477,3 ц/га). Цукрыстасць буракоў – 16,1 працэнта (у 2019-м – 16,64 працэнта). На буракапрыёмныя пункты вывезена 1,5 млн т караняплодаў.

БЕЛТА




Рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары ў Беларусі прадоўжана да канца года

Рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары ў Беларусі прадоўжана да 31 снежня. Адпаведная пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 12 кастрычніка 2020 года нумар 65 афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

У пералік сацыяльна значных тавараў уключаны 18 пазіцый. Сярод іх сметанковае масла і алей, пшанічная мука, соль, некаторыя віды круп, хлеба, мяса, свежай і свежамарожанай рыбы, сыру, малака, яйкі, дзіцячае харчаванне, чорны чай. Гранічны нарматыў рэнтабельнасці, уключаны ў адпускныя цэны вытворцаў, устаноўлены ў памеры фактычнага ўзроўню рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, які склаўся ў студзені – лютым.

Калі фактычная рэнтабельнасць была ніжэйшай за 10 працэнтаў, то яна ўстанаўліваецца на ўзроўні 10 працэнтаў.

Рэнтабельнасць для свежых бульбы, буракоў, морквы, капусты, цыбулі, агуркоў, памідораў, за выключэннем адкалібраваных, мытых, а таксама расфасаваных у перфараваныя пакеты або сеткаватую тару, яблыкаў вызначаецца з улікам фактычнага ўзроўню рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі за 2019 год.

На свежыя агуркі і свежыя памідоры закрытага грунту рэнтабельнасць абмежавана ўзроўнем рэнтабельнасці ў папярэдні перыяд вегетацыі.

Для імпарцёраў гранічная рэнтабельнасць устаноўлена ў памеры 10 працэнтаў.

Гранічныя максімальныя аптовыя надбаўкі, гандлёвыя надбаўкі складуць ад 15 працэнтаў да 30 працэнтаў у залежнасці ад назвы тавару.

Цэны на сацыяльна значныя тавары, сфарміраваныя да ўступлення ў сілу пастановы, павінны быць прыведзены юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў адпаведнасць з патрабаваннямі пастановы.

Дакумент уступае ў сілу з 15 кастрычніка.

БЕЛТА




Міністэрства аховы здароўя: каранавірус перастане быць пандэмічным да лета 2021 года

Фота з архіва
Пандэмія каранавіруса завершыцца да лета 2021 года, лічыць выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Аб гэтым ён заявіў у час сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, паведамляе БЕЛТА.

Летам захваральнасць на COVID-19 знізілася, цяпер настала так званая новая хваля. “Штам будзе пандэмічным паўтара года. Мы пра яго забудзем як пра пандэмічны толькі к лету наступнага года”, – сказаў Дзмітрый Піневіч.

Паводле яго слоў, вірус знізіў сваю вірулентнасць. Тым не менш ён па-ранейшаму ўяўляе сабой асаблівую небяспеку для людзей пажылога ўзросту. Заўважана таксама, што ў цэлым пацыентамі сталі маладзейшыя.

Узровень захваральнасці цяпер прыкладна ў два разы ніжэйшы за вясенні перыяд. Гэта датычыцца і колькасці шпіталізаваных. Пачалася работа па перапрафіляванні ложкавага фонду на прыём кавідных пацыентаў. “Мы чакаем, што сітуацыя будзе складанай. Але лічым, што тыя стандарты лячэння, якія былі выпрацаваны яшчэ вясной, дадуць магчымасць прайсці гэту сітуацыю”, – адзначыў выконваючы абавязкі міністра. Ён дадаў, што ў краіну паступілі нізкамалекулярныя гепарыны і прэпарат Рэмдэсівір, што выкарыстоўваюцца для лячэння пацыентаў з COVID-19.

Паводле слоў Дзмітрыя Піневіча, рэакцыя арганізма чалавека на каранавірус адназначна адрозніваецца ад уплыву сезоннага грыпу. Многія са студэнтаў, хто быў у рэанімацыі, гэта бачылі. Але паралізаваць цяпер усе сферы жыцця, у тым ліку працэс навучання, будзе вельмі вялікай памылкай, упэўнены ён.

“Пераводзіць усё ў анлайн-рэжым і вучыцца майстэрству лячэння, знаходзячыся ў інтэрнаце? Сусвет пасля COVID-інфекцыі зменіцца. Некаторыя лічаць, што для адных навучанне будзе вочным, каля ложка хворага, у кантакце з выкладчыкам, а для астатніх – дыстанцыйным, такім чынам, і якасць будзе адпаведнай. Мы павінны падысці з розумам, улічваючы ўсе рызыкі і пагрозы”, – сказаў выконваючы абавязкі міністра. Ён лічыць, што для студэнтаў-медыкаў максімальна павінна быць захавана вочнае навучанне. Але па магчымасці трэба арганізоўваць і анлайн-лекцыі.

На сустрэчы студэнты таксама цікавіліся, ці будзе ўлічвацца работа ў “чырвоных зонах” на канчатковым размеркаванні. Дзмітрый Піневіч адказаў станоўча. “На размеркаванні ўсе, хто працаваў у “чырвоных зонах” атрымаюць бонусы”, – сказаў ён.

БЕЛТА




У Беларусі 15 кастрычніка пахаладае

У Беларусі 15 кастрычніка пахаладае, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Будзе воблачнае з праясненнямі надвор’е. Ноччу месцамі, днём у многіх раёнах пройдуць невялікія дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах прагназуецца слабы туман. Вецер чакаецца паўднёвы, паўднёва-ўсходні 4-9 м/с.

Тэмпература паветра ноччу складзе 2-7 градусаў цяпла, днём будзе плюс 8-13, па паўдным усходзе – 14-16 градусаў вышэй за нуль.

БЕЛТА




У Беларусі тэрмін самаізаляцыі з-за COVID-19 скарочаны да 10 дзён

У Беларусі тэрмін знаходжання ў самаізаляцыі з-за COVID-19 скарочаны да 10 дзён. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 13 кастрычніка 2020 года нумар 591, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

“У мэтах забеспячэння аховы здароўя насельніцтва, папярэджання распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 на тэрыторыі Беларусі актуалізаваны патрабаванні да выканання самаізаляцыі – тэрмін знаходжання ў самаізаляцыі скарочаны да 10 каляндарных дзён”, – паведамілі ў прэс-службе.

Грамадзянам у самаізаляцыі дазволена ў выпадку крайняй неабходнасці наведваць арганізацыю аховы здароўя для атрымання экстраннай і (або) неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Пастановай пашыраны спіс асоб, на якіх не распаўсюджваюцца патрабаванні па самаізаляцыі пасля прыбыцця з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі COVID-19. Гэта кіраўнікі і члены афіцыйных дэлегацый; тыя, хто едзе праз Беларусь транзітам і выедзе з краіны на працягу сутак; якія прыбылі з камандзіровак; асобы, якія перавозяць стваловыя клеткі, органы для трансплантацыі.

БЕЛТА




“Самая святая місія на Зямлі” – Лукашэнка павіншаваў суайчынніц з Днём маці

Фота з архіва

Фота з архіва

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчынніц з Днём маці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

“Самая святая місія на Зямлі – мацярынства. Гэта вялікае шчасце – дарыць жыццё і бачыць сваё прадаўжэнне ў наступных пакаленнях. Гэта сапраўдны подзвіг, які жанчына здзяйсняе з велізарнай любоўю, цярплівасцю і пяшчотай, прысвячаючы ўсё сваё жыццё дзецям”, – гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў высокую і адказную ролю маці ў захаванні спрадвечных традыцый. З сем’яў, у якіх бацькі вучаць сваім прыкладам шанаваць старэйшыя пакаленні, ганарыцца гісторыяй і дасягненнямі краіны, паважаць нацыянальную культуру і любіць родную зямлю, фарміруецца духоўна моцны незалежны народ”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў шматдзетным маці: “Дзякуючы вам прадаўжаецца наша гісторыя і мы з упэўненасцю глядзім у будучыню Беларусі. Дзяржава заўсёды будзе аказваць падтрымку вашым сем’ям, ствараць лепшыя ўмовы для жанчын, якія гадуюць дзяцей і актыўна рэалізуюць сябе ў сацыяльнай і прафесійнай сферах”.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім суайчынніцам і іх блізкім здароўя, шчасця і дабрабыту. “Нашы дарагія мамы! Прыміце нізкі паклон за вашы працу, клопат і бясконцую мацярынскую любоў”, – дадаў Прэзідэнт.

Віншаванне Прэзідэнта Беларусі з Днём маці

Дарагія суайчынніцы!

Ад усёй душы віншую вас з Днём маці.

Самая святая місія на Зямлі – мацярынства. Гэта вялікае шчасце – дарыць жыццё і бачыць сваё прадаўжэнне ў наступных пакаленнях. Гэта сапраўдны подзвіг, які жанчына здзяйсняе з велізарнай любоўю, цярплівасцю і пяшчотай, прысвячаючы ўсё сваё жыццё дзецям.

Высокая і адказная роля маці ў захаванні спрадвечных традыцый. З сем’яў, у якіх бацькі вучаць сваім прыкладам шанаваць старэйшыя пакаленні, ганарыцца гісторыяй і дасягненнямі краіны, паважаць нацыянальную культуру і любіць родную зямлю, фарміруецца духоўна моцны незалежны народ.

Асаблівыя словы ўдзячнасці ў гэты дзень – шматдзетным маці. Дзякуючы вам прадаўжаецца наша гісторыя і мы з упэўненасцю глядзім у будучыню Беларусі. Дзяржава заўсёды будзе аказваць падтрымку вашым сем’ям, ствараць лепшыя ўмовы для жанчын, якія гадуюць дзяцей і актыўна рэалізуюць сябе ў сацыяльнай і прафесійнай сферах.

Нашы дарагія мамы! Прыміце нізкі паклон за вашы працу, клопат і бясконцую мацярынскую любоў.

Жадаю вам і вашым блізкім здароўя, шчасця і дабрабыту.

Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛТА




Эпідэміёлаг назвала найбольш эфектыўныя меры супраць каранавіруса

Сацыяльнае дыстанцыраванне з’яўляецца найбольш эфектыўнай мерай супраць каранавіруса, заявіла намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА.

“Асноўнае мерапрыемства, якое нам цяпер неабходна, – сацыяльнае дыстанцыраванне. Хачу падкрэсліць: не ўсе правільна гэта разумеюць. Многія атаясамліваюць сацыяльнае дыстанцыраванне з сацыяльнай дыстанцыяй. Гэта зусім розныя рэчы”, – сказала Ірына Глінская. Яна растлумачыла, што сацыяльнае дыстанцыраванне прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў, які павінен выконваць кожны чалавек, каб, з аднаго боку, забяспечыць сваю бяспеку, з іншага боку, бяспеку навакольных.

“Кожны павінен абмежаваць колькасць сваіх кантактаў. Каб сацыяльнае дыстанцыраванне працавала эфектыўна, па-за домам іх трэба зменшыць прыкладна на 75 працэнтаў, на рабоце – на 25 працэнтаў. І вось тады колькасць заражэнняў можа істотна знізіцца”, – адзначыла намеснік галоўнага ўрача.

Вірус мае асаблівасць: ён пачынае выдзяляцца да таго, як у чалавека з’явіліся клінічныя сімптомы захворвання. Ёсць людзі, якія з’яўляюцца крыніцай віруса, але пры гэтым не адчуваюць сябе хворымі. Іншакш кажучы, гэта бессімптомныя носьбіты. “Таму вельмі важна, каб кожны чалавек ужо цяпер, а не пасля з’яўлення сімптомаў захворвання, абмежаваў свае кантакты. Менавіта цяпер той перыяд у эпідэмічным працэсе, калі трэба задумацца аб сваёй бяспецы і бяспецы навакольных”, – падкрэсліла Ірына Глінская.

Важнейшы момант, які з’яўляецца адной з пазіцый сацыяльнага дыстанцыравання, – гэта захаванне дыстанцыі 1,5 м. У тых месцах, дзе немагчыма захаваць гэту дыстанцыю, абавязкова выкарыстанне масак. Гэта датычыцца, напрыклад, грамадскага транспарту, магазіна. “Вядома, трэба прытрымлівацца дыстанцыі нават у масцы”, – адзначыла намеснік галоўнага ўрача.

У сувязі з гэтым яна заўважыла: калі крыніца інфекцыі, гэта значыць чалавек, які выдзяляе вірус, не ў масцы, у адрозненне ад навакольных яго людзей, то рызыка іх заражэння будзе даволі высокай – прыкладна 70 працэнтаў. Але калі і крыніца інфекцыі, і навакольныя надзенуць маску, рызыка заражэння, паводле падлікаў спецыялістаў, складзе ўсяго 1,5 працэнта. Такім чынам, упэўнена спецыяліст, выкарыстанне масак вельмі значна можа паўплываць на распаўсюджванне віруса, захваральнасць.

Што датычыцца гігіенічнай апрацоўкі рук (апрацоўка антысептыкам або мыццё з мылам), насельніцтва актыўна выкарыстоўвае названыя меры. “Мы бачым, што гэта паўплывала нават на захваральнасць на кішэчныя інфекцыі, яна знізілася. Гэты прынцып, здаецца, увайшоў у наша жыццё, а вось папярэднія меры, аб якіх я гаварыла раней, на жаль, выкарыстоўваюцца пакуль слаба. Мы жывём так, як і да пандэміі, не хочам мяняць свае прывычкі, свой лад жыцця. Але цяпер гэта сапраўды неабходна, каб істотна знізіць рызыку распаўсюджвання інфекцыі”, – дадала Ірына Глінская.

Пры гэтым людзям з груп высокай рызыкі, у тым ліку пажылога ўзросту, з хранічнымі захворваннямі, неабходна выконваць больш строгі варыянт сацыяльнага дыстанцыравання. Большасць неспрыяльных зыходаў рэгіструецца менавіта сярод гэтай катэгорыі. Такім людзям трэба пастарацца максімальна не выходзіць з дома, толькі ў сувязі з якімі-небудзь жыццёва важнымі сітуацыямі. Арганізаваць дастаўку прадуктаў, лякарстваў, аказанне медыцынскай дапамогі можна не наведваючы магазіны і арганізацыі аховы здароўя.

Добра на эпідсітуацыю паўплывае і вакцынацыя супраць грыпу, якая ўжо стартавала ў краіне. Дзякуючы прышчэпцы ўдасца знізіць рызыку ўзнікнення адначасова двух цяжкіх захворванняў – грыпу і COVID-19. “Мы заўсёды гаварылі аб карысці вакцынацыі супраць грыпу, але ў бягучым годзе гэта як ніколі актуальна і мэтазгодна”, – заўважыла спецыяліст. Паводле яе слоў, органамі-мішэнямі абодвух вірусаў – і віруса грыпу, і каранавіруса – з’яўляюцца ў тым ліку лёгкія. Калі адбудзецца адначасовае заражэнне, захворванне можа працякаць вельмі цяжка і закончыцца неспрыяльным зыходам. Дарэчы, ёсць работы, якія паказваюць, што прышчэпка ад грыпу зможа стымуляваць і неспецыфічную ахову, гэта значыць супраць іншых вірусаў, у тым ліку супраць таго, што выклікае COVID-19.

Што датычыцца калектыўнага імунітэту, плануецца правесці адпаведныя даследаванні. “Улічваючы вынікі сералагічных даследаванняў, можам сказаць, што недзе ў сярэднім у больш як 15-19 працэнтаў абследаваных вызначаны імунаглабуліны G”, – сказала Ірына Глінская. Разам з тым, паводле яе слоў, гэтыя лічбы нельга параўноўваць з тымі, якія даюць, напрыклад, расійскія спецыялісты, паколькі там праводзіліся папуляцыйныя даследаванні, была выпадковая выбарка. “У нас жа гэта людзі, якія мелі пэўныя сімптомы, былі ў кантакце з хворым. Была выкарыстана іншая методыка падбору кантынгенту для абследавання”, – дадала яна.

Намеснік галоўнага ўрача таксама выказалася аб прынятых краінай кроках па барацьбе з каранавірусам. “Няхай у нас не было строгага каранціну, але ў нас была дакладная стратэгія. Мы працавалі па кожным ачагу, спыняючы перадачу віруса. І гэта было найбольш эфектыўным. Гэта дазволіла сістэме аховы здароўя аказаць дапамогу ўсім, хто меў у ёй патрэбу, – сказала яна. – У асобных раёнах, дзе ўзровень захваральнасці ў нейкі перыяд быў вышэйшы, прымаліся пэўныя лакальныя меры. Мы праводзілі тыя мерапрыемствы, якія на той момант былі найбольш мэтазгоднымі”.

БЕЛТА