У выхадныя ў Беларусі пацяплее

У выхадныя ў Беларусі пацяплее, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У верасні на большай частцы тэрыторыі краіны адзначаўся дэфіцыт ападкаў. Іх колькасць у кастрычніку мяркуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (норма 36-66 мм).

“Па тэмпературным рэжыме верасень на значнай частцы тэрыторыі Беларусі прайшоў у кліматычных рамках жніўня. Кастрычнік, паводле прагнозу, у плане надвор’я спрабуе замяніць сабой верасень. Тэмпературны рэжым на працягу большай часткі месяца абяцае быць на 1-2 градусы цяплейшы, чым звычайна. Асабліва адчувальна вышэй за кліматычную норму чакаецца ў першай дэкадзе кастрычніка”, – расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 2 кастрычніка, тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца ў вобласці паніжанага атмасфернага ціску, па паўднёва-заходняй палове рэспублікі будзе адчувацца ўплыў франтальных раздзелаў, якія ідуць з Украіны. Чакаецца воблачна з праясненнямі. Пераважна па паўднёва-заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у дзённы час месцамі магчымы навальніцы. Вецер усходні, паўднёва-ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 6-12 градусаў цяпла, удзень – 13-19 вышэй за нуль.

У суботу, 3 кастрычніка, уплыў франтальнага раздзелу распаўсюдзіцца на многія рэгіёны Беларусі, таму на большай частцы тэрыторыі рэспублікі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы рознай інтэнсіўнасці. Вецер будзе паўднёва-ўсходні ўначы слабы, удзень парывісты. Уначы чакаецца ад 8 да 13 градусаў цяпла, удзень – плюс 13-20, па поўдні – да 22 градусаў вышэй за нуль.

У нядзелю, 4 кастрычніка, уплыў франтальнага раздзелу спыніцца, на тэрыторыю краіны чакаецца паступленне вільготных цёплых паветраных мас з паўднёвых шырот. Чакаецца пераменная воблачнасць. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, у дзённы час у асобных раёнах – з навальніцамі. Вецер чакаецца паўднёва-ўсходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 8-15 градусаў цяпла, удзень – 16-23 вышэй за нуль, месцамі – да 25 градусаў са знакам плюс.

Як адзначылі сіноптыкі, такі тэмпературны фон будзе на 4-9 градусаў вышэйшы за кліматычную норму для гэтых дат кастрычніка.

У пачатку наступнага тыдня атмасферны ціск падрасце, узмоцніцца ўплыў шырокага антыцыклону з цэнтрам над Сярэдняй Волгай, толькі па захадзе краіны захаваецца ўплыў франтальнага раздзелу, дзе яшчэ чакаюцца кароткачасовыя дажджы, удзень, магчыма, з навальніцамі. Паўднёва-ўсходні, паўднёвы вецер будзе падтрымліваць у краіне анамальна цёплае надвор’е. У панядзелак і аўторак, 5 і 6 кастрычніка, тэмпература паветра ўначы складзе 8-15 градусаў цяпла, удзень – ад 14 да 20 градусаў вышэй за нуль, па поўдні – плюс 21-23.

У сераду, 7 кастрычніка, у вобласці павышанага атмасфернага ціску ў многіх раёнах краіны будзе без ападкаў, толькі па захадзе рэспублікі месцамі магчымы кароткачасовыя дажджы. Вецер будзе паўднёвы ўмераны. Уначы чакаецца ад 7 да 14 градусаў цяпла, удзень – 13-20 вышэй за нуль.

БЕЛТА




Да +19°С чакаецца ў Беларусі 30 верасня

Да 19 градусаў цяпла чакаецца ў Беларусі 30 верасня, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У сераду будзе воблачна з праясненнямі. Пераважна па поўдні краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах магчымы навальніцы. У начны і ранішні час месцамі чакаецца слабы туман. Вецер прагназуецца паўночна-ўсходні, усходні 5-10 м/с, удзень у асобных раёнах парывы да 14 м/с.

Тэмпература паветра ўначы складзе 7-13 градусаў цяпла. Удзень будзе 13-19 градусаў.

БЕЛТА




“Белагра-2020”

З 29 верасня па 4 кастрычніка праходзіць міжнародная спецыялізаваная выстаўка “Белагра-2020”.

Месца правядзення: г.Мінск, пр-т Пераможцаў, 20/2, Футбольны манеж.

Экспазіцыя:

больш за 200 адзінак тэхнікі.

Удзельнікі:

30 замежных дэлегацый (Бельгія, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Ізраіль, Італія, Кітай, Нідэрланды, Польшча, Расія, Францыя, Швейцарыя, Швецыя),

360 кампаній.

У час Беларускага аграпрамысловага тыдня пройдуць выстаўкі “Белферма”, “Белпрадукт” і “Харчмаш. Холад. Упак”, упершыню адбудуцца конкурсы стрыгальшчыкаў авечак і на лепшага племяннога каня.

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка “Белагра” праводзіцца з 1990 года.

БЕЛТА




Лукашэнка пра Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі: яшчэ адзін важны крок да ўмацавання супрацоўніцтва

Аляксандр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае значнасць міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння ў развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў сваім выступленні на пленарным пасяджэнні VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Сённяшні саміт важны для Саюзнай дзяржавы як прадаўжэнне дыялогу, які мы з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі пачалі ў час сустрэчы ў Сочы ў верасні бягучага года. Гэта яшчэ адзін важны крок да ўмацавання добрасуседства і развіцця супрацоўніцтва паміж нашымі брацкімі народамі”, – сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што фармат такога рэгіянальнага ўзаемадзеяння вельмі эфектыўны. За 6 гадоў падпісана больш за 300 пагадненняў, заключана кантрактаў на суму звыш $2 млрд. “Гэта вялікі ўклад у развіццё сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу Беларусі і Расіі. Упэўнены, гэты саміт па ўсіх пазіцыях не ўступіць папярэднім”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Гісторыя пацвярджае, што толькі разам нам удаецца дабівацца значных вынікаў”, – акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА




Беларусь і Расія на VII Форуме рэгіёнаў падпісалі пагадненні і кантракты на больш як $700 млн

Беларусь і Расія на VII Форуме рэгіёнаў падпісалі пагадненні і кантракты на больш як $700 млн. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка па выніках пленарнага пасяджэння VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Вынікам гэтай работы стала падпісанне каля 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве і камерцыйных кантрактаў на суму, якая перавышае $700 млн. Падпісаныя дакументы будуць садзейнічаць паглыбленню супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, а таксама забяспечаць рэалізацыю праграм і дагавораў у сацыяльна-гуманітарнай сферы”, – сказаў Раман Галоўчанка.

Ён падзякаваў расійскім калегам за актыўны ўдзел у VII Форуме рэгіёнаў і выказаную Рэспубліцы Беларусь падтрымку. Праграма форуму ў гэтым годзе ўключала пяць тэматычных секцый, беларуска-расійскі маладзёжны форум, экспертную сесію высокага ўзроўню, сумеснае пасяджэнне дзелавых саветаў, пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

Сёння на пленарным пасяджэнні прыняты праект падагульняючага дакумента, які будзе дапоўнены з улікам выступленняў на форуме. “У праекце падагульняючага дакумента адлюстраваны намеры дзвюх краін процідзейнічаць спробам перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны, спробам маніпуляцыі так званай постпраўдай. Асаблівая ўвага акцэнтавана на захаванні міру, незалежнасці і бяспекі, а таксама неабходнасці патрыятычнага выхавання маладога пакалення”, – адзначыў Раман Галоўчанка.

У прэс-службе Савета Рэспублікі адзначылі, што традыцыйна ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі актыўныя арганізацыі нафтахімічнага профілю. Напрыклад, ТАА “Белнафтахім-РАС” выйшла на падпісанне кантрактаў на пастаўку прадукцыі арганізацый канцэрна “Белнафтахім” на агульную суму $61 млн. Пастаўкі будуць як у бягучым годзе, так і ў наступным. ААТ “Магілёўхімвалакно” заключае кантракт з ТАА “Авангард” (горад Тосна) на пастаўку поліэфірнага валакна на суму $30 млн.

Мінскі трактарны завод пры падрыхтоўцы да форуму забяспечыў пастаўкі сваёй прадукцыі ў Расію на суму $17 млн, ААТ “МАЗ” у верасні заключыў кантракты на пастаўку пасажырскай тэхнікі на суму $12 млн.

БЕЛТА




Кароткачасовыя дажджы і туман чакаюцца 29 верасня ў Беларусі

Фота з архіва

Фота з архіва

Кароткачасовыя дажджы і туман чакаюцца 29 верасня ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У аўторак прагназуецца пераменная воблачнасць. Уначы месцамі па поўначы краіны пройдуць невялікія дажджы. Раніцай і ўдзень па паўднёвым захадзе Беларусі таксама будуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах магчымы навальніцы. У начны і ранішні час месцамі чакаецца туман. Вецер паўднёва-заходні, заходні, уначы – 2-7 м/с, удзень – 5-10 м/с.

Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 3-9 градусаў, па поўдні – плюс 10-12. Удзень паветра прагрэецца да 15-21 градуса цяпла.

БЕЛТА




РФ і Беларусь захоўваюць высокія тэмпы ўзаемадзеяння, нягледзячы на пандэмію – Мацвіенка

Фота з архіва

Высокія тэмпы ўзаемадзеяння паміж Расіяй і Беларуссю захоўваюцца, нягледзячы на пандэмію, якая аказала ўплыў на інтэнсіўнасць кантактаў. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Федэрацыі РФ Валянціна Мацвіенка ў інтэрв’ю “Российской газете”.

“Хоць сітуацыя з каранавірусам паўплывала на інтэнсіўнасць нашых кантактаў, перавяла частку з іх у анлайн-фармат, мы ўсё ж захоўваем высокія тэмпы ўзаемадзеяння. І па некаторых рэгіёнах бачым, дарэчы, цікавую статыстыку – Ленінградская вобласць павялічыла ў 2019 годзе ў параўнанні з папярэднім годам тавараабарот з беларусамі на 36 працэнтаў. Арэнбургская вобласць актыўна нарошчвае тавараабарот. Таму што ёсць зацікаўленасць і неабходнасць у кантактах”, – адзначыла Валянціна Мацвіенка.

Згодна з данымі за мінулы год, найбольш актыўна гандлёва-эканамічныя сувязі з Беларуссю развівалі Смаленская, Калужская, Ленінградская, Самарская і Варонежская вобласці. Паводле слоў старшыні Савета Федэрацыі, на VII Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які адкрываецца 28 верасня, плануецца заключыць пагадненні з Ленінградскай, Самарскай і Курскай абласцямі, Башкортастанам, Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругай і іншымі рэгіёнамі.

Валянціна Мацвіенка таксама адзначыла, што ў бягучым годзе форум асабліва актуальны і з’яўляецца рэальным крокам наперад у развіцці адносін паміж дзвюма краінамі. “Я ўпэўнена, што рашэнні форуму будуць садзейнічаць аднаўленню ўзроўню і ўздыму расійска-беларускіх эканамічных адносін. Вядома, мы хочам, каб гэта адбывалася хутчэй. Таму ў рабоце форуму прымае ўдзел шмат прадстаўнікоў суб’ектаў Расійскай Федэрацыі і людзей, якія займаюцца бізнесам, рэальнай справай, што называецца, на зямлі”, – дадала яна.

Адказваючы на пытанне пра ўплыў палітычнай сітуацыі ў Беларусі на правядзенне мерапрыемства, старшыня Савета Федэрацыі адзначыла, што “ў тых, хто заняты справай, няма часу на тое, каб падпадаць пад яго (кантэкст палітычнай сітуацыі) уплыў”. “Магу сказаць, у працэсе падрыхтоўкі да форуму, у кантактах паміж бізнесменамі, паміж кіраўнікамі рэгіёнаў было абсалютна непрыкметна, каб на іх жаданне працаваць неяк негатыўна ўплывалі вулічныя шэсці ў Мінску, заявы еўрапейскіх парламентарыяў або відэа з Літвы. Нават, хутчэй, наадварот. Таму ў нас ёсць усе падставы прагназаваць, што і маючы адбыцца форум стане паспяховым”, – падкрэсліла Валянціна Мацвіенка.

Двухдзённы Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі адкрываецца ў панядзелак, ён пройдзе ў рэжыме відэаканферэнцыі. Тэма – “Гстарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязей народаў Беларусі і Расіі”.

Першы Форум рэгіёнаў адбыўся ў 2014 годзе ў Мінску. З таго часу яго прымалі Сочы, Мінск, Масква, Магілёў і Санкт-Пецярбург. Тэмай праведзенага ў ліпені 2019 года ў Пецярбургу мерапрыемства сталі міжрэгіянальныя сувязі як аснова фарміравання адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы. Па выніках шасці форумаў падпісаны 302 пагадненні аб супрацоўніцтве, сума камерцыйных кантрактаў дасягнула $2 млрд. На папярэднім форуме, які праходзіў з удзелам прэзідэнтаў дзвюх краін, падпісана больш за 60 кантрактаў амаль на $500 млн.

БЕЛТА




Абмежаванне сацыяльных кантактаў пры COVID-19

Як абмежаванне сацыяльных кантактаў уплывае на хуткасць распаўсюджвання COVID-19*.

Прынцып сацыяльнага дыстанцыравання – чалавек арганізуе сваё жыццё так, каб на 75% скараціць кантакты за межамі дома і работы і на 25% – на рабоце.

Без абмежавання кантактаў

Адзін чалавек: праз 5 дзён – 2,5 чалавека з вірусам, праз 30 дзён – 406 чалавек з вірусам.

На 50% менш кантактаў

Адзін чалавек: праз 5 дней – 1,25 чалавека з вірусам, праз 30 дзён – 15 чалавек з вірусам.

На 75% менш кантактаў

Адзін чалавек: праз 5 дзён – 0,625 чалавека з вірусам, праз 30 дзён – 2,5 чалавека з вірусам.

Праходжанне COVID-19 можа адбывацца без сімптомаў або з сімптомамі звычайнага грыпу.

* Звычайна інкубацыйны перыяд складае ад 1 да 14 дзён.

Крыніца: Міністэрства аховы здароўя.

БЕЛТА




Сельгасарганізацыі Беларусі ўбралі бульбу з паловы плошчаў

Фота з архіва

Фота з архіва

Сельгасарганізацыі Беларусі ўбралі бульбу з 12,6 тыс. га, што складае 50,1 працэнта запланаванай плошчы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Паводле даных на 25 верасня, накапана 374,7 тыс. т бульбы пры сярэдняй ураджайнасці 298 ц/га. Цукровыя буракі ўбраны з 14,5 тыс. га (17,6 працэнта ўборачнай плошчы), сабрана 652 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 449,4 тыс. га. Цукрыстасць буракоў складае 15,58 працэнта. Што датычыцца агародніны, беларускія аграрыі правялі ўборачныя работы на 3,08 тыс. га (51,4 працэнта да плана), сабралі 52,4 тыс. т пры ўраджайнасці 330,3 ц/га.

Кукуруза ў Беларусі ўбрана з 454,6 тыс. га, што складае 37,2 працэнта запланаванай плошчы. На сілас і зялёны корм убрана 447,9 тыс. га (45,9 працэнта плана), сабрана 10,718 млн т зялёнай масы пры ўраджайнасці 239,3 ц/га. Уборка кукурузы на зерне толькі пачынаецца: работы праведзены на 6,7 тыс. га (2,74 працэнта плана), намалочана 37,4 тыс. т.

Усяго па краіне намалочана 8,085 млн т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 36,8 ц/га (у 2019 годзе ўраджайнасць на аналагічную дату складала 31,6 ц/га). У Мінскай вобласці сабралі 2 млн т збожжа, Гродзенскай – больш за 1,5 млн т, Брэсцкай – больш за 1,3 млн т, Магілёўскай – больш як 1,1 млн т, Віцебскай – звыш 1 млн т, Гомельскай – больш за 900 тыс. т.

Пераварочванне стужак лёну праведзена на 35,4 тыс. га (74,3 працэнта да выцерабленага). Ільнотраста паднята з 32,6 тыс. га (68,6 працэнта ад плана), нарыхтавана 102,4 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 37,8 ц/га.

Акрамя таго, у Беларусі нарыхтавана 838 тыс. т сена (83 працэнты ад плана), 13,253 млн т сенажу (105,2 працэнта) і 9,355 млн т сіласу (48,8 працэнта). Усяго ў гэтым годзе плануецца атрымаць 9,3 млн т кармавых адзінак травяных кармоў, прычым найбольшая доля прыпадзе на Мінскую і Брэсцкую вобласці. Да гэтага часу нарыхтаваны 71 працэнт ад плана.

БЕЛТА




Запрашаем на абласное свята дажынкі!




Маляваныя дываны Алены Кіш: у Яромінскай дзіцячай школе мастацтваў адкрылася выстава

Маляваныя дываны Алены Кіш: у Яромінскай дзіцячай школе мастацтваў адкрылася выстава

Яромінская дзіцячая школа мастацтваў стала першай выставачнай залай на Гомельшчыне, дзе размясцілася экспазіцыя фотарэпрадукцый маляваных дываноў народнай мастачкі Алены Кіш. Арганізатарам выставы выступіў кіраўнік мастацкага аддзялення школы Дзмітрый Чак.

На ўрачыстым адкрыцці Дзмітрый Белавіч расказаў шмат цікавага пра жыццё і творчасць мастачкі. Нарадзілася Алена Кіш на Случчыне ў 1889 годзе. Выяўленчаму мастацтву яна нідзе не вучылася, аднак зараз яе работы стаяць побач з творамі знакамітых сусветных майстроў, так званага, “наіўнага” мастацтва.

kish2.jpg

kish4.jpg

kish5.jpg

— Алена Кіш вандравала па вёсках, распісвала дываны, — расказвае Дзмітрый Чак. — Такі від мастацтва быў вельмі папулярным у пачатку мінулага стагоддзя. Да развіцця прамысловасці і выпуску фабрычных дываноў, якія сталі ўпрыгожваць сцены, вясковы люд карыстаўся паслугамі народных мастакоў. Менавіта такой была і Алена Кіш.

Жанчына сшывала разам нескалькі адрэзкаў тканага палатна, так, каб атрымаўся суцэльны холст, і распісвала яго клеявымі фарбамі. Ці давала яна назвы сваім работам з казачнымі сюжэтамі, невядома, аднак навукоўцы, якія зараз даследуюць творчасць мастачкі з народа, назвалі іх так: “Дзева на водах”, “Ліст да каханага”, “Рай”, “У райскім садзе” і гэтак далей.

— Доўгі час творчасць нашай зямлячкі была ў заняпадзе, і толькі ў 1978 годзе яе работы былі ўпершыню прадстаўлены шырокай аўдыторыі знаўцаў і аматараў мастацтва на калектыўнай выставе, прысвечанай маляваным дыванам. А сем гадоў таму адбылася першая персанальная выстава яе работ, якія захоўваюцца ў Заслаўскім музеі, — працягвае Дзмітрый Чак.

Зараз імя Алены Кіш стаіць у адным радзе з такімі славутымі майстрамі, як француз Анры Русо, грузін Ніко Пірасмані (альбо Пірасманішвілі). Пра яе творчасць можна прачытаць у “Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва”, імя беларускай мастачкі — у ліку 500, унесеных у каталог лепшых майстроў пэнздля і фарбы з 50 краін свету, якія працавалі ў гэтым напрамку.

kish3.jpg

— Творчасць Алены Кіш вельмі блізкая дзіцячаму ўспрыняццю рэчаіснасці, таму гэта і стала рашаючым аргументам для арганізацыі выставы фотарэпрадукцый менавіта ў сценах мастацкай школы, — адзначае Дзмітрый Чак. — Спадзяюся, што яна выклікае цікавасць не толькі ў жыхароў аграгарадка Яроміна, а і іншых населеных пунктаў раёна, і многія выкарыстаюць магчымасць дакрануцца да прыгожага, казачнага і невядомага, якое “схавана” ў творах Алены Кіш.

Выстава ў Яромінскай дзіцячай школе мастацтваў будзе працаваць да 30 верасня, з 13 да 18 гадзін. Уваход свабодны.

http://sozhnews.by




Конкурс “Настаўнік года” стартуе ў Беларусі

У час прэс-канферэнцыі

У час прэс-канферэнцыі

Сёння адбудзецца ўрачыстае адкрыццё конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, паведаміў журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

У фінале будуць змагацца 56 педагогаў, якія перамаглі ў абласных і Мінскіх гарадскіх этапах. Праграма конкурсу вельмі насычаная: самапрадстаўленне ўдзельнікаў, урокі ў незнаёмым класе, тэсціраванне і майстар-класы.

“Сярод значных мерапрыемстваў сістэмы адукацыі конкурс “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” займае асаблівае месца. Ён прыцягвае ўвагу не толькі настаўніцтва, але і з-за спецыфікі адукацыі – шырокіх слаёў грамадства. Кожны конкурс дае магчымасць раскрыцца новым педагагічным талентам, абагульніць і трансліраваць новую педагагічную практыку. Ён накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, развіццё творчых ініцыятыў педагагічных работнікаў па рэалізацыі зместу адукацыйных праграм асноўнай і спецыяльнай адукацыі, рост прафмайстэрства, падтрымку эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, павышэнне прэстыжу педагагічнай работы і прызнанне ўкладу педработнікаў у развіццё сістэмы адукацыі”, – сказаў Аляксандр Кадлубай .

Намеснік міністра нагадаў, што такія конкурсы ў нашай краіне праводзяцца з 1991 года. Спачатку гэта былі рэспубліканскія этапы Усесаюзнага конкурсу. Знамянальна, што першым і адзіным настаўнікам года СССР стаў у 1991 годзе настаўнік фізікі сярэдняй школы нумар 49 Мінска Валерый Гербутаў. З 1992 года конкурсы педагагічнага майстэрства сталі рэспубліканскімі. Да 2014 года ў іх удзельнічаў 21 педагог – па 3 прадстаўнікі ад кожнага рэгіёна незалежна ад прадмета выкладання. Ацэнку праяўленаму прафмайстэрству настаўнікаў давала агульнае журы. Цяпер конкурс улічвае прадмет, які выкладае педагог, і арыентаваны на 8 прадметных намінацый.

Асноўныя конкурсныя выпрабаванні стартуюць з заўтрашняга дня. 30 верасня вызначацца 8 суперфіналістаў. Імя пераможцы стане вядома 2 кастрычніка. Галоўны прыз – аўтамабіль. “Мы ўпэўнены, што гэты конкурс, як і яго папярэднікі, адкрые новыя імёны і будзе садзейнічаць новым прафесійным кантактам”, – адзначыў Аляксандр Кадлубай.

Як дадала прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Галіна Нікалаенка, сярод фіналістаў бягучага года 42 жанчыны і 14 мужчын. “Усе маюць вышэйшую адукацыю. Сярэдні стаж педагагічнай дзейнасці – 16 гадоў. Найбольшы стаж – 29 гадоў, найменшы – 3 гады. У ліку фіналістаў – 4 настаўнікі-метадысты, 34 маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, астатнія маюць першую і адзін – другую кваліфікацыйную катэгорыю”, – расказала яна.

Сярэдні ўзрост удзельнікаў – 39 гадоў. Самаму маладому – 25 гадоў, самаму вопытнаму – 52 гады. Другі раз у конкурсе на рэспубліканскім узроўні ўдзельнічаюць 3 педагогі.

Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” аб’яўляецца Міністэрствам адукацыі і праводзіцца адзін раз у тры гады. Асноўныя мэты – стварэнне ўмоў для распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту, выяўлення таленавітых, творчых педагагічных работнікаў, павышэння прэстыжу педагагічнай працы і прыцягнення ўвагі грамадскасці да тэндэнцый развіцця сістэмы адукацыі. Удзел у конкурсе могуць прымаць работнікі сферы адукацыі незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі і стажу працы. Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў праводзяцца напярэдадні прафесійнага свята – Дня настаўніка.

БЕЛТА