У Беларусі засталося ўбраць 3,5 працэнта збожжавых

У Беларусі засталося ўбраць 3,5 працэнта плошчаў збожжавых і зернебабовых культур (без уліку кукурузы), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Паводле даных на 7 верасня, збожжавыя і зернебабовыя культуры (без уліку кукурузы) убраны з 2,115 млн га, што складае 96,5 працэнта запланаванай плошчы. У Брэсцкай вобласці ўбрана 99,5 працэнта плошчаў ад плана (338,2 тыс. га), Гродзенскай – 99,4 працэнта (320,6 тыс. га), Мінскай 99,4 працэнта (486,5 тыс. га), Гомельскай – 98,1 працэнта (334,9 тыс. га), Магілёўскай – 92 працэнты (305,9 тыс. га), Віцебскай – 89,9 працэнта (329,7 тыс. га). Прадаўжаецца ўборка грэчкі і проса: у цэлым па Беларусі скошана 36,8 працэнта і 40,5 працэнта плошчаў адпаведна.

Усяго па краіне намалочана 7,931 млн т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 37 ц/га (у 2019 годзе ўраджайнасць на аналагічную дату складала 31,1 ц/га). У Мінскай вобласці сабралі амаль 2 млн т збожжа, у Гродзенскай – больш за 1,5 млн т, Брэсцкай – звыш 1,3 млн т, Магілёўскай і Віцебскай – больш як па 1 млн т, Гомельскай – звыш 900 тыс. т.

Лён выцераблены на 47,4 тыс. га (98,3 працэнта ўборачнай плошчы). Пераварочванне стужак лёну праведзена на 25,9 тыс. га (54,7 працэнта да выцерабленага). Ільнотраста паднята з 9,79 тыс. га, нарыхтавана 32,2 тыс. т.

Акрамя таго, у Беларусі нарыхтавана 803,7 тыс. т сена (79,6 працэнта ад плана), 13,041 млн т сенажу (103,5 працэнта) і 2,926 млн т сіласу (15,3 працэнта). Усяго ў бягучым годзе плануецца атрымаць 9,3 млн т адзінак травяных кармоў, прычым найбольшая доля прыпадзе на Мінскую і Брэсцкую вобласці. Да гэтага часу нарыхтавана 51,1 працэнта ад плана.

БЕЛТА




Бялынічы — гучыць літаратурна

Сёлета штогадовае свята кнігі, якое ўпершыню адзначалася ў 1994 годзе, прымае горад Бялынічы Магілёўскай вобласці. Традыцыйна яно адбываецца ў гістарычных цэнтрах культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

Сёлета адной са знакавых тэм свята нацыянальнай культуры і мастацкага слова стане 90-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, аўтара знакамітых твораў “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляванне караля Стаха” і іншых.

На свяце ўдзельнікі і госці змогуць паслухаць выступленні літаратараў і творчых калектываў, наведаць кніжныя выставы і азнаёміцца з новымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі кнігавыдаўцамі. Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ад-будуцца ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, навукова-практычная канферэнцыя, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў.

Бялыніцкая зямля мае багатую гісторыю і незвычайны сакральны лёс. Па адной з легенд, заснаванне горада і ягоная назва звязаны з цудатворнай іконай Бялыніцкай Божай Маці, якую прынеслі на гэтую зямлю яшчэ ў XIII стагоддзі манахі Кіева-Пячэрскай лаўры, ратуючыся ад войскаў хана Батыя. Аднойчы непадалёк ад ракі Друць ад абраза пачало ісці святло, і таму тут вырашылі заснаваць манас-тыр, а горад, што ўзнік побач, атрымаў назву Бялынічы — белыя ночы…

Значнай падзеяй свята пісьменства стане адкрыццё скульптуры “З’яўленне іконы” — анёла з распасцёртымі крыламі і іконай Божай Маці — нябеснай заступніцы горада. На жаль, сама святыня ў пачатку XX стагоддзя бясследна знікла.

Да свята кнігі ў Бялынічах запланавана і адкрыццё новага будынка музея, значная частка якога будзе прысвечана знакамітаму ўраджэнцу горада — мастаку-пейзажысту Вітольду Бялыніцкаму-Бірулі. Напрыканцы Дня пісьменства на Магілёўшчыне адбыўся пленэр мастакоў, а непасрэдна на свяце генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў прэзентуе кнігу, прысвечаную мастаку Бялыніцкаму-Біруле.

Землякі знакамітага пейзажыста вялікую залу ў памяшканні новага музея прызначылі пад перасоўныя мастацкія экспазіцыі. Таксама тут будзе працаваць школа юных мастакоў і праводзіцца розныя канферэнцыі і семінары.

 

den_pismennosti_20170902-mat_tutby_1.jpg

http://sozhnews.by




Чалавек і кніга: насустрач адно аднаму

Чалавек і кніга: насустрач адно аднаму

«Культурная пятніца ў музеі» — гэта праект Гомельскага гісторыка-краязнаўчага музея, у якім плануецца ахапіць самыя розныя сферы культурнай і навуковай спадчыны, расказаць аб цікавых і знакамітых земляках.

Па задуме арганізатараў цыклу мера-прыемстваў, кожная сустрэча будзе прымеркавана да важнай даты або падзеі. Вось і напярэдадні Дня ведаў прайшла “культурная пятніца”, прысвечаная галоўнай крыніцы асветы — Кнізе. Дадатковай нагодай выбраць менавіта гэтую тэматыку стала выстава мініяцюрных кніг Міхаіла Ксеневіча, якая зараз экспануецца ў музеі.

— Заснавальнікам калекцыі, якая налічвае 352 мініяцюрныя кнігі, быў Яўген Ксяневіч — творчы чалавек, знаўца мас-тацтва і вялікі энтузіяст. Справу яго працягвае сын Міхаіл, — зазначыла дырэктар музея Кацярына Варабей. — Вялікая ўдача, што ў нашых наведвальнікаў з’явілася магчымасць азнаёміцца з гэтым унікальным зборам міні-кніг, якія выстаўляюцца даволі рэдка…

Сапраўды, мініяцюрныя кнігі — гэта своеасаблівыя творы мастацтва, якія заў-сёды выдаюцца абмежаванымі тыражамі. А ў калекцыі Ксяневіча кожнае выданне — са сваёй гісторыяй: ёсць зборнік вершаў, які браў з сабой у палёт беларускі касманаўт Пётр Клімук, унікальны міні-двухтомнік Коласа і Купалы, кнігі з аўтографамі знакамітых аўтараў. Дарэчы, вокладка кніжкі найменшага фармату мае толькі 5 сантыметраў у вышыню і 4 — у шырыню!

Не менш цікавымі былі і іншыя тэматычныя экспазіцыі — выстава рарытэтных кніг і выданняў, якія былі падараваны музею, фотадакументаў аб жыцці і творчасці нашага знакамітага земляка — пісьменніка Івана Кірэевіча Сяркова.

Дарэчы, хоць на “культурную пятніцу” сабраліся аматары кніг самага рознага ўзросту — ад дашкольнікаў да чытачоў са шматгадовым стажам — практычна ўсе яны прызналіся, што з’яўляюцца прыхільнікамі трылогіі “Мы з Санькам…”, напісанай І. Сярковым. Вельмі сімвалічным было тое, што яны прынялі ўдзел у эстафеце “чытання ўголас”, успомнілі мясціны родных Пакалюбіч, аб якіх ішла размова ў вядомых творах.

Таксама ўсе ўдзельнікі сустрэчы ўк-лючыліся ў зацікаўленае абмеркаванне ролі літаратуры ў сучасным грамадстве, падзяліліся сакрэтамі прывіцця любові да чытання падчас “круглага стала” “Чалавек і кніга: насустрач адно аднаму”.

— Калі я быў маленькі, мама кожны вечар чытала мне па 2–3 старонкі новай кніжкі. Потым навучыўся чытаць самастойна і мастацкая літаратура стала часткай майго жыцця! — расказаў сямікласнік Арсеній Макаранка, які некалькі раз прызнаваўся ў Пакалюбіцкай сярэдняй школе лепшым чытачом года.

Мама самай маленькай чытачкі Вікторыі Хмелянок — Таццяна Валер’еўна — падзялілася, што яны з дачкой не толькі чытаюць, але і самі “пішуць” кнігі. Дзяўчынка робіць малюнкі, а маці выдумляе да іх цікавыя гісторыі.
Дарэчы, калі самай юнай чытачцы Пакалюбіцкай сельскай бібліятэкі толькі пяць гадоў, то самаму сталаму чытачу — ўжо 101. Гэта наш вядомы доўгажыхар, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Дзмітрыевіч Кондрусеў…

Шмат цёплых слоў прагучала ў гэты дзень у адрас кніг, якія на працягу многіх стагоддзяў выхоўваюць у чалавеку самае лепшае. Усе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі запрашэнне наведаць і наступную “культурную пятніцу ў музеі”, якая абяцае быць не менш насычанай і цікавай.

IMG_3008.JPG

IMG_3000.JPG

http://sozhnews.by




Міністэрства аховы здароўя апублікавала рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах COVID-19

Фота з архіва

Фота з архіва
Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя распрацаваў метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 2020/2021 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі ва ўмовах распаўсюджвання COVID-19, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Рэкамендацыі прызначаны для выкарыстання ва ўсіх тыпах устаноў адукацыі для дзяцей і дарослых незалежна ад формы ўласнасці і ведамаснай прыналежнасці. Асобныя палажэнні могуць выкарыстоўвацца ў дзейнасці іншых устаноў і арганізацый (дамы дзіцяці, стацыянарныя дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, спецыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы для дзяцей).

Дакумент прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на зніжэнне рызыкі заражэння COVID-19. Адзначаецца, што адукацыйны працэс устанаўліваецца з улікам прынцыпаў сацыяльнага дыстанцыравання. У прыватнасці, размова ідзе аб раздзяленні часу пачатку і заканчэння змен, павелічэнні па магчымасці працягласці перапынкаў і перазменак, максімальна магчымым раз’яднанні навучэнцаў пры навучанні, пражыванні, арганізацыі сну, харчавання, правядзенні масавых мерапрыемстваў (культурных, спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых) пераважна на адкрытым паветры.

Абмяжоўваецца правядзенне бацькоўскіх сходаў і асабістых сустрэч педагагічных работнікаў з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) навучэнцаў. Для стасункаў рэкамендуецца выкарыстоўваць тэлефоны, электронную пошту і інш. Гэта ж датычыцца рабочых нарад і мерапрыемстваў, якія лепш праводзіць у фармаце відэаканферэнцый (з выкарыстаннем сродкаў відэасувязі).

Штодзённа перад пачаткам дзейнасці ўстановы адукацыі ў работнікаў будуць вымяраць тэмпературу цела (з пераважным выкарыстаннем бескантактавых тэрмометраў), апытваць аб наяўнасці прыкмет рэспіраторных захворванняў. Навучэнцаў i работнiкаў з прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі (кашаль, насмарк, павышаная тэмпература цела і г.д.) не дапусцяць да вучобы/работы.

У кожнай установе адукацыі з улікам яе тыпу, умоў і асаблівасцей рэжыму дзейнасці будзе распрацаваны адпаведны план мерапрыемстваў па папярэджанні COVID-19.

БЕЛТА




Качанава: ніводны зварот грамадзян не павінен застацца без належнага разгляду

Наталля Качанава. Фота з архіва

Наталля Качанава. Фота з архіва

Ніводны зварот грамадзян не павінен застацца без належнага разгляду, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час пасяджэння Прэзідыума верхняй палаты парламента па выніках работы са зваротамі грамадзян у першым паўгоддзі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

“Ніводны зварот грамадзян, што паступае ў Савет Рэспублікі, не павінен застацца без належнага разгляду. Сярод паступаючых у Савет Рэспублікі зваротаў грамадзян няма і не будзе накіраваных “не па кампетэнцыі”. Кожны зварот, што паступае ў Савет Рэспублікі, павінен быць разгледжаны належным чынам. Калі людзі не будуць знаходзіць адказы на хвалюючыя іх пытанні, яны страцяць давер да ўлады”, – сказала Наталля Качанава.

У першым паўгоддзі Саветам Рэспублікі разгледжана больш за 2 тыс. зваротаў. Найбольшая колькасць пісьмовых зваротаў у першым паўгоддзі паступіла з Мінска (550), найменшая – з Гродзенскай вобласці (53).

За сем месяцаў дзейнасці Савета Рэспублікі сёмага склікання ў верхнюю палату парламента паступіла каля 2,5 тыс. зваротаў. Што датычыцца тэматыкі, то на працягу апошніх гадоў яна застаецца нязменнай: гэта пытанні адносна ЖКГ, землеўпарадкавання і землекарыстання, сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння, аховы здароўя, будаўніцтва, падаткаабкладання.

На асаблівым кантролі – арганізацыя асабістых прыёмаў як у рэгіёнах, так і ў Савеце Рэспублікі, а таксама правядзенне прамых тэлефонных ліній, у тым ліку тэматычных. У першым паўгоддзі праведзена 10 такіх прамых тэлефонных ліній, 40 асабістых прыёмаў грамадзян, у час якіх звярнуліся 413 чалавек.

Наталля Качанава падкрэсліла: неабходна дасканала аналізаваць усе звароты грамадзян, што дасць магчымасць выяўляць сістэмныя недахопы, якія сведчаць аб магчымых прабелах у заканадаўстве або аб недапрацоўках на месцах.

БЕЛТА




Віктар Шыпкоў з Маркавіч адраджае старажытны від пляцення

Віктар Шыпкоў з Маркавіч адраджае старажытны від пляцення

Ураджэнца вёскі Маркавічы Віктара Шыпкова ў Гомельскім раёне ведаюць многія: разам з жонкай Валерыяй і чатырма дзецьмі ён удзельнічаў у рэспубліканскім праекце “Уладар сяла”, шматдзетная сям’я выйшла ў фінал, дзе прадстаўляла Гомельскую вобласць. Адрознівала гэтую пару ад іншых шчырая зацікаўленасць спадчынай продкаў.

— Цікавіцца народнай творчасцю я пачаў яшчэ са школьных гадоў дзякуючы настаўніку Рыгору Басаву, — расказвае Віктар. — Менавіта ён сабраў улюбёных у фальклор навучэнцаў — так з’явіўся калектыў “Чарнабрыўцы”, і, пры падтрымцы былога дырэктара школы Мікалая Пашчанкі, быў адноўлены старажытны абрад Сула. Які, дарэчы, у мінулым годзе набыў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Як расказаў далей Віктар Шыпкоў, вёска Маркавічы знаходзіцца на памежжы дзвюх краін, таму з цягам часу з’явіліся непаўторныя адметнасці, уласцівыя толькі гэтай мясцовасці. Напрыклад, жаночы касцюм: свой строй — для дзяўчат, асобны — для замужніх і яшчэ адзін варыянт — для пажылых жанчын.

— Яны вельмі адрозніваліся ад касцюмаў іншых беларускіх вёсак, нават тых, што знаходзіліся за 20–30 кіламетраў, — працягвае фалькларыст-аматар. — Дзяўчаты і жанчыны насілі адзенне, упрыгожанае яркімі стужкамі і шматколернай вышыўкай — у адрозненне ад беларускага касцюма, дзе пераважалі толькі два-тры колеры. Маркавіцкі народны касцюм з’яўляецца асаблівасцю вёскі, з ім прыязджалі знаёміцца нават сталічныя навукоўцы.  

DSC_7674.JPG

Падчас фальклорных экспедыцый у Маркавічах і наваколлях юнак зацікавіўся некаторымі адметнасцямі касцюма, у прыватнасці, плеценымі паясамі і жаночымі чапцамі. Справа ў тым, што выраблены яны адметным спосабам — ніткі, нацягнутыя на раме альбо ўвогуле на сцяне, пераплятаюцца між сабой. Старэйшая жыхарка вёскі Будзішча Майя Прышчэпава паказала аматару-этнографу, як плесці “на раме” такія паясы.

7756.jpg

— Іх снавалі, выкарыстоўваючы толькі адну доўгую нітку, часцей шарсцяную, — тлумачыць Віктар Шыпкоў. — Каб атрымаць такую, адмысловым спосабам, моцным ткацкім вузялком, звязвалі між сабой кавалачкі нітак. Майстры былі настолькі вопытныя, што месца злучэння двух кавалкаў нявопытнаму воку амаль немагчыма знайсці.

Маркаўчаніна так зацікавіў такі спосаб пляцення, што ён вырашыў даведацца пра яго болей. Аказалася, што ў свеце ён вядомы як пляценне ў тэхніцы “спрэнг” — такі тэрмін даў яму амерыканскі даследчык Пітэр Калінгвуд. Аднак сама тэхніка вядома яшчэ са старажытнасці, і што вельмі знакава, была распаўсюджана паўсюдна. Асаблівасць яе ў тым, што вырабленая такім спосабам рэч — вельмі эластычная, пругкая: пры нацягненні расцягваецца амаль удвая супраць свайго памеру, аднак, калі адпускаеш, вяртаецца да першапачатковага выгляду. Археолагі знайшлі ў егіпецкіх пірамідах, а таксама ў пахаваннях у Перу і Маскоўскага крамля галаўныя ўборы, сплеценыя ў такой тэхніцы. Але ў знатных асобаў яны былі зроблены з нітак, пераплеценых з танюсенькімі залатымі альбо сярэбранымі дроцікамі.

— Але самае цікавае — у такой тэхніцы выпляталіся і чапцы нашых жанчын! — дадае Віктар Шыпкоў. — Яшчэ мая бабуля Ніна Еўдакімаўна мела такі, і расказвала, што і мая прапрабабка Малання захоўвала падобны галаўны ўбор. Калісьці людзі сталага ўзросту рыхтавалі для сябе загадзя “пахавальны вузялок”, і чапец там быў абавязкова! Калі ж прыгледзецца да яго ўважліва, то відаць, што выраблены ён менавіта метадам пляцення “на раме”, альбо “на сцяне”, як казалі нашы жанчыны.

Не адзін год спатрэбіўся Віктару Шыпкову, вывучэнне адпаведнай літаратуры, кансультацыі з навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, каб даведацца болей пра ўнікальнае рамяство. Знайшоў нават кнігу Пітэра Калігвуда — дзякуючы дапамозе замежных сяброў, зараз ён мае фотакопіі гэтага выдання канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Нягледзячы на тое, што напісана кніга па-англійску, а ў школе малады этнограф вывучаў нямецкую мову, з дапамогай слоўнікаў ён пераклаў тэкст на рускую мову.

— Аднак да гэтага часу я ўжо многае ведаў і сам — дзякуючы вопыту і шматлікім спробам “расшыфраваць” вузельчыкі сатканых на раме рэчаў. Першымі вырабамі сталі паясы, а зараз я ўжо магу сплесці і жаночы чапец.

Дарэчы, плесці “на раме” можна некалькімі спосабамі: найбольш вядома простае адна- і двухнапраўленае. Аднак Віктар Шыпкоў самастойна авалодаў і вельмі складанымі: ажурным пляценнем на аснове аднанапраўленага, дыяганальным палатняным і саржавым пляценнем, дыяганальным спляценнем. Для таго, каб саткаць першую рэч — мужчынскі пояс — яму спатрэбілася некалькі месяцаў. Цяпер гэты ўзор старажытнага пляцення знаходзіцца ў экспазіцыі амерыканскага калекцыянера. Яшчэ адзін — жаночы — Віктар Шыпкоў зрабіў асабіста для салісткі гомельскага фальклорнага гурта “Ягорава гара” Ірыны Глушэц.

— Пояс, акрамя практычнай мэты — падперазоўваць адзенне, меў і сакральны сэнс, — тлумачыць Віктар. — Па-першае, ён быў вельмі доўгім — ад двух з паловай да чатырох метраў, жаночы, дарэчы, шырэйшы за мужчынскі, і вельмі прыгожа падкрэсліваў гнуткую жаночую фігуру. Па-другое, у многіх народаў кола — сімвал абярэгу ад злога вока і сурокаў, таму пояс яшчэ і выконваў ахоўную ролю — засцерагаў свайго гаспадара ці гаспадыню. З гэтай жа мэтай, як расказвалі нашы бабулі, пояс ткалі, выкарыстоўваючы розныя колеры: чырвоны, зялёны, белы і іншыя. Яшчэ майстрыхі для яго вырабу бралі 365 нітак — па колькасці дзён, і складаўся ён з двюх частак, левай і правай, якія адлюстроўвалі адна адну. Па расказах старажылаў быў адноўлены традыцыйны маркавіцкі касцюм, нешта Віктар зрабіў сам — пашыў ушварку, якая нагадвае доўгі жылет чорнага колеру з рознакаляровай яркай вышыўкай, аплікацыяй са стужак і складкамі ззаду.

DSC_7849.JPG

Зараз этнограф заняты падрыхтоўкай даследавання гэтага рамяства, дзе даступна, з выкарыстаннем ілюстрацый, будзе апісаны ўвесь працэс пляцення “на раме” альбо “на сцяне”. Віктар Шыпкоў спадзяецца, што пасля прачытання дапаможніка многія зацікавяцца старажытным рамяством.

http://sozhnews.by




Акцыя “Маёй краіне” пройдзе ў Гомельскім раёне

6 жніўня ў 14.30 на пляцоўцы дома культуры аграгарадка Урыцкае пройдзе грамадска-культурная акцыя # МАЕЙКРАІНЕ – 2020.

У праграме:

14.30-16.30-праца тэматычных выставачных пляцовак

14.30-16.30-канцэрт калектыву Гомельскай абласной філармоніі

14.30-16.00-акцыя РКАО “БРСМ” « ” за Беларусь!»

14.30-16.30-паказальныя выступленні выхаванцаў філіяла СДЮШАР аграгарадка Урыцкае; майстар-клас па фітнесу

19.00-21.00-танцавальная праграма пад адкрытым небам

 




У першы дзень датэрміновага галасавання яўка выбаршчыкаў склала 4,98 працэнта

Фота з архіва
У першы дзень датэрміновага галасавання яўка выбаршчыкаў на выбарах Прэзідэнта Беларусі склала 4,98 працэнта. Такая інфармацыя размешчана на сайце ЦВК, паведамляе БЕЛТА.

У Брэсцкай вобласці прагаласавалі 4,23 працэнта выбаршчыкаў ад агульнай колькасці, уключаных у спісы, у Віцебскай – 5 працэнтаў. У Гомельскай вобласці яўка склала – 7,55 працэнта, у Гродзенскай – 3,39 працэнта.

У Мінскай вобласці на выбарчыя ўчасткі ў першы дзень датэрміновага галасавання прыйшлі 4,69 працэнта выбаршчыкаў, у Магілёўскай – 4,66 працэнта, у Мінску – 4,77 працэнта.

Агульная колькасць выбаршчыкаў, уключаных у спісы, складае 6 836 585 чалавек.

Датэрміновае галасаванне на выбарах стартавала 4 жніўня і прадоўжыцца па 8 жніўня ўключна.

БЕЛТА




Лукашэнка ў Пасланні народу і парламенту: мы сёння моцна трымаем у руках будучыню нашай незалежнай Беларусі

Народ Беларусі сёння моцна трымае ў руках будучыню сваёй незалежнай краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Мільёны здзіўленых і зацікаўленых вачэй народаў Узбекістана і Таджыкістана, Казахстана і Туркменістана, Каўказа, братэрскіх нам Расіі і Украіны сапраўды ў гэтыя дні накіраваны на нашу Радзіму, шматпакутную Беларусь. У іх позірках адно пытанне: “Ці вытрымае Беларусь? Ці зможа выстаяць у гэтай гібрыднай схватцы, у гэтай вайне? Яны разумеюць: калі беларусы рухнуць, наступнымі будуць яны”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння супраць яго накіраваны ўсе ядавітыя “кавідныя” стрэлы: зваліць, унізіць, растаптаць, знішчыць. “Дык вось ведайце, нават без мяне беларускі народ зможа сябе абараніць. Таму што ведае, што іншай зямлі ў свеце, акрамя Беларусі, у яго не будзе. Нідзе – ні ў Аўстраліі, ні ў Штутгарце – ім месца няма. У афшорах грошай таксама няма. А ў лапці абуць народ вам (дэструктыўным сілам. – Заўвага БЕЛТА) не ўдасца і пад бізун загнаць ужо не атрымаецца, – заявіў Прэзідэнт. – І помніце, у нас ёсць і міліцыя, і армія, і спецслужбы. Гэта дзеці тых, каго вы хочаце запрэгчы ў калёсы і паганяць пугай. Яны – людзі ў пагонах – вам гэтага зрабіць не дазволяць. Нават без мяне. Вы спазніліся роўна на чвэрць стагоддзя”.

“Мы сёння моцна трымаем у руках будучыню. Будучыню нашай незалежнай Беларусі. Краіну мы вам не аддадзім. Незалежнасць каштуе дорага. Але яна вартая таго, каб яе захаваць і перадаць будучым пакаленням. За намі Беларусь – чыстая і светлая, сумленная і прыгожая, працавітая, крыху наіўная і крыху ранімая. Але яна – наша, яна любімая. А любімую не аддаюць”, – рэзюмаваў беларускі лідар.

БЕЛТА




Лукашэнка падпісаў указ аб прызыве на тэрміновую ваенную службу ў жніўні-лістападзе

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня падпісаў указ нумар 297 “Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве”, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакументам прадугледжваецца прызваць у жніўні-лістападзе 2020 года на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве грамадзян Беларусі мужчынскага полу, якім на дзень прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама грамадзян прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку.

Выкананне ўказа дасць магчымасць забяспечыць патрэбнасці Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў у ваеннаслужачых тэрміновай службы і службы ў рэзерве.

Адначасова дакументам прадугледжваецца звальненне ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны.

БЕЛТА




Ураджайнасць збожжавых у Беларусі вышэйшая за мінулагоднюю – Гракун

Ураджайнасць збожжавых у Беларусі вышэйшая за мінулагоднюю, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Збожжавыя сёння ўбраны з больш як 40 працэнтаў плошчы. Намалочана 3,39 млн т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 38,4 ц/га. Ураджайнасць вышэйшая за ўзровень мінулага года (на аналагічную дату было 32,5 ц/га. – Заўвага БЕЛТА). Першынство ва ўборцы – у сельгаспрадпрыемстваў Брэсцкай вобласці (практычна 60 працэнтаў). У гэтым жа рэгіёне нарыхтавалі больш за ўсё збожжа на гэты час – звыш 840 тыс. т пры ўраджайнасці 41,7 ц/га. Але самая высокая ўраджайнасць сёння ў сельгаспрадпрыемстваў Гродзенскай вобласці – больш за 50 ц/га”, – сказаў Уладзімір Гракун.

Намеснік міністра адзначыў важнасць тэхналогій для атрымання добрага ўраджаю збожжавых і нарыхтоўкі кармоў. Неабходна ў аптымальны тэрмін праводзіць сяўбу, уносіць мінеральныя ўгнаенні, выконваць ахоўныя мерапрыемствы, якасна нарыхтоўваць. “Цяпер мы плюсуем да мінулага года 2,67 ц кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Акрамя таго, на гэту дату нарыхтавана больш сенажу, чым у 2019-м”, – адзначыў ён.

Лён выцераблены на 28,8 тыс. га (59,1 працэнта ўборачнай плошчы). Другі ўкос траў у Беларусі праведзены на 708,1 тыс. га (86,5 працэнта ад плана). Нарыхтавана 647,6 тыс. т сена (64,1 працэнта ад плана), 12,257 млн ​​т сенажу (97,3 працэнта) і 503,9 тыс. т сіласу (2,63 працэнта).

Усяго ў гэтым годзе плануецца атрымаць 9,3 млн т адзінак травяных кармоў, прычым найбольшая доля прыпадае на Мінскую і Брэсцкую вобласці. Да гэтага часу нарыхтавана 41,5 працэнта ад плана. Сіласу плануецца нарыхтаваць амаль 19,2 млн т, сенажу – 12,6 млн т (у тым ліку ў палімерную ўпакоўку 1,1 млн т), сена – 1,01 млн т.

БЕЛТА




Сезон масавага палявання на птушак адкрываецца 8 жніўня

Сезон масавага палявання на птушак адкрываецца 8 жніўня. Такая інфармацыя размешчана на сайце Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

“Летне-асенні сезон палявання набірае абароты. З другой суботы жніўня (гэта значыць з 8 чысла) можна будзе паляваць на вадаплаўную (акрамя гусей) і балотную дзічыну, а таксама вальдшнэпа, вехіра, шызага голуба, перапёлку і фазана. Паляванне дазволена ў светлы час сутак некалькімі спосабамі: з засады, з падыходу, з пад’езду з маламерных суднаў без рухавікоў альбо з выключанымі рухавікамі. Дазваляецца выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую стрэльбу і патроны, запоўненыя шротам, паляўнічых сабак усіх груп, акрамя гончых і хартоў. Дапускаецца бяззбройнае паляванне з лоўчымі птушкамі”, – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама з другой суботы жніўня адкрываецца паляванне на цецерука. Але паколькі гэты від належыць да нарміруемых, яго здабываюць на падставе атрыманага ў паляўнгаспадарцы дазволу і паляўнічай пуцёўкі да яго. Паляваць можна толькі ў светлы час сутак на асобін любога полу і ўзросту, акрамя старак (самак, якія водзяць вывадак маладых птушак). Спосаб палявання – ружэйны з падыходу толькі з паляўнічымі сабакамі парод выжла, спаніэль, рэтрывер (з адным сабакам – да трох паляўнічых) з прымяненнем гладкаствольнай паляўнічай стрэльбы і патронаў, запоўненых шротам.

З першай суботы верасня (з 5 чысла) будзе дазволена здабываць рабчыка і шэрую курапатку, а з трэцяй суботы верасня (з 19 чысла) – белалобую і шэрую гусь, гусака-гуменніка і канадскую казарку.

Летне-асенні сезон палявання на птушак прадоўжыцца па другую нядзелю снежня (да 13 чысла).

У дзяржінспекцыі нагадалі аб неабходнасці захавання правіл бяспекі. Паляўнічым забараняецца страляць у напрамку людзей, сельгасжывёл, транспартных сродкаў і населеных пунктаў, размешчаных менш як за 0,5 км, страляць на шум, шоргат, па невыразна бачнай цэлі або ва ўмовах дрэннай бачнасці (прыцемкам, супраць сонца, у тумане). Ва ўмовах абмежаванай бачнасці нельга страляць па ўзлятаючай птушцы, якая знаходзіцца ніжэй за ўзровень 2,5 м. Пры паляванні з лодкі забаронена страляць праз весляроў або іншых паляўнічых у судне.

БЕЛТА