Намеснік старшыні Гомельскага раённага выканаўчага камітэта МОХАРАЎ Аляксей правядзе асабісты прыём грамадзян

7 ліпеня 2020 года з 16.00 да 17.00 у Прыбарскім сельскім выканаўчым камітэце правядзе асабісты прыём грамадзян і юрыдычных асоб намеснік старшыні Гомельскага раённага выканаўчага камітэта МОХАРАЎ Аляксей Уладзіміравіч.




Міністэрства аховы здароўя дало рэкамендацыі па аказанні меддапамогі пацыентам з COVID-19

Фота з архіва

Фота з архіва

Міністэрства аховы здароўя дало часовыя рэкамендацыі па арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19. Гэта прадугледжана загадам Міністэрства аховы здароўя ад 1 ліпеня 2020 года, паведамляе БЕЛТА.

Рэкамендацыі падрыхтаваны на падставе практычнага вопыту аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй CОVID-19 адносна дыягностыкі, лячэння і маршрутызацыі пацыентаў, улічваючы рэкамендацыі СААЗ, замежныя навуковыя публікацыі і матэрыялы.

У іх, у прыватнасці, вызначана, якая катэгорыя пацыентаў абавязкова шпіталізуецца з сартаваннем на ўзроўні прыёмнага аддзялення (накіраванне ў агульнасаматычнае аддзяленне або ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі). Размова ідзе аб сярэднецяжкай і цяжкай інфекцыі COVID-19 (або падазрэнні на інфекцыю), пры наяўнасці фактараў рызыкі і (або) неабходнасці назначэння лекавага сродку гідраксіхларахін. Таксама гэта датычыцца пацыентаў з вострым рэспіраторным дыстрэс-сіндромам з інфекцыяй COVID-19.

Пацыентам з сярэднецяжкай формай інфекцыі без фактараў, што ўскладняюць ход пнеўманіі, медыцынская дапамога можа аказвацца дома пры забеспячэнні дынамічнага нагляду.

Вызначаны парадак вядзення пацыентаў з інфекцыяй COVID-19 у аддзяленнях анестэзіялогіі і рэанімацыі бальніц, а таксама на амбулаторным этапе.

У рэкамендацыях агавораны парадак назначэння лекавых сродкаў у амбулаторных умовах. У прыватнасці, назначэнне фавіпіравіра рэкамендавана пацыентам з сярэднецяжкім ходам інфекцыі COVID-19 і ажыццяўляецца з дапамогай правядзення медычнага кансіліуму і пры ўмове інфармаванай згоды пацыента або яго законных прадстаўнікоў са строгім кантролем бяспекі лячэння.

Таксама распрацавана інструкцыя аб парадку арганізацыі эпідэміялагічнага расследавання выпадкаў інфекцыі СОVID-19, медыцынскага нагляду і аказання медыцынскай дапамогі кантактам I і II узроўняў па інфекцыі COVID-19.

БЕЛТА




Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Палацы Незалежнасці ўручыў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пагоны генерал-маёра ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Віктар Гулевіч, намеснік міністра ўнутраных спраў – камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Назаранка, начальнік упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Дзмітрый Равуцкі, начальнік упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці Алег Сталярчук і начальнік Інстытута пагранічнай службы Сяргей Жылінскі.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў пагоны генерал-маёра юстыцыі начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Алегу Шандаровічу. Начальніку Гомельскай мытні Феліксу Яшкову было прысвоена званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі камандзіраў такога ўзроўню няшмат і атрыманне генеральскага звання з’яўляецца публічным прызнаннем заслуг чалавека, які выбраў сваім лёсам цяжкую прафесію – абараняць Радзіму.

У Палацы Незалежнасці ўшаноўвалі і выпускнікоў, якія скончылі ваенныя навучальныя ўстановы з выдатнымі паказчыкамі ў вучобе. Кіраўнік дзяржавы ўручыў ім спецыяльныя лісты аб аб’яўленні Падзякі Прэзідэнта. Ён павіншаваў ваеннаслужачых з заканчэннем вучобы, адзначыўшы, што гэта падзея значная не толькі для кожнага з іх, але і для органаў ваеннага кіравання, воінскіх часцей і фарміраванняў сілавых структур. “Да іх прыйшло новае, добра падрыхтаванае, вопытнае афіцэрскае папаўненне”, – растлумачыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, сімвалічна, што дыпломы афіцэры атрымалі ў год святкавання вялікай гістарычнай даты – 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, кіраўнік дзяржавы актуалізаваў задачы, якія стаяць перад ваеннымі і праваахоўнікамі. Ён адзначыў, што Беларусь вымушана ўдзяляць пільную ўвагу забеспячэнню ўласнай ваеннай бяспекі, і важнейшая роля ў гэтым адводзіцца Узброеным Сілам. “Мы аснашчаем войскі новымі і мадэрнізаванымі танкамі, сродкамі сувязі і радыёэлектроннай барацьбы, радыёлакацыйнымі станцыямі, пастаянна абнаўляем парк авіяцыйнай тэхнікі. Цяпер і прысутным тут афіцэрам Узброеных Сіл трэба будзе актыўна ўключыцца ў работу па падтрыманні пастаяннай баявой гатоўнасці часцей і воінскіх злучэнняў”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўная задача супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – забеспячэнне грамадскага парадку ў краіне і бяспекі грамадзян, падкрэсліў Прэзідэнт. У ліку прыярытэтаў у дзейнасці праваахоўнікаў ён назваў процідзеянне наркаманіі, карупцыі, узмацненне барацьбы з крадзяжамі і злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій.

“Службы, падраздзяленні і органы кіравання Міністэрства па надзвычайных сітуацыях павінны яшчэ больш працаваць на папярэджанне і ліквідацыю інцыдэнтаў і аварый. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на бяспечную эксплуатацыю атамнай станцыі”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Выпускнікам-пагранічнікам трэба забяспечыць ахову дзяржаўнай граніцы. Адна з асноўных задач спецслужбаў – нейтралізацыя элементаў тэрарызму, экстрэмізму, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, прадухіленне спроб нанясення ўрону эканоміцы, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

“Кожны з вас дасведчаны, усебакова падрыхтаваны афіцэр-прафесіянал, патрыёт, які прысвяціў жыццё бескарысліваму служэнню краіне і народу. Перакананы, што вы зможаце належным чынам абараніць нашу Айчыну, грамадзян і грамадскую стабільнасць. Памятайце, што вы з’яўляецеся нашчадкамі пераможных традыцый нашых дзядоў і прадзедаў”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў цяперашніх удзельнікаў цырымоніі – наваспечаных генералаў і афіцэраў, якія вызначыліся ў вучобе, – яшчэ ўсё наперадзе. “Я, уручаючы падзякі і генеральскія пагоны, думаў аб начальніках, камандзірах, якія дасягнулі такіх вышынь і стаяць насупраць вас, спрабаваў зразумець, аб чым думаюць яны. У нейкай ступені яны, вядома, ганарацца, што сталі генераламі і займаюць такія пасады, але, напэўна, самае галоўнае, яны вам зайздросцяць. Зайздросцяць таму, што ў вас яшчэ ўсё наперадзе”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пажадаў удзельнікам цырымоніі моцнага здароўя і надзейных тылоў – для афіцэраў гэта вельмі важна, сказаў Прэзідэнт. “І не пасаромце нідзе ў сваім жыцці свайго імя, а галоўнае – афіцэрскага звання. Вы – афіцэры, генералы, і гэта сведчыць аб многім”, – рэзюмаваў беларускі лідар.

БЕЛТА




З 1 ліпеня ўступае ў сілу пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС

Фота з архіва

Фота з архіва

Сёння ўступаюць у сілу пагадненне аб спрашчэнні выдачы віз і пагадненне аб рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, паведамляе БЕЛТА.

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму аблягчае для беларускіх грамадзян атрыманне кароткатэрміновых віз для ўезду ў Еўрапейскі саюз, паколькі візавы збор зніжаецца да 35 еўра і адмяняецца для пэўных катэгорый падарожнікаў. Акрамя таго, зніжаюцца максімальны памер збору за абслугоўванне (спаганяемы візавымі цэнтрамі) і тэрмін, за які консульствы прымаюць рашэнні па заяве аб выдачы візы. Некалькі катэгорый падарожнікаў змогуць атрымліваць шматразовыя візы з павелічэннем тэрміну дзеяння (да пяці гадоў). Пры гэтым ім давядзецца прадстаўляць менш дакументаў, якія пацвярджаюць мэту паездкі.

Пагадненне аб рэадмісіі прадугледжвае, што Беларусь і Еўрапейскі саюз павінны будуць ажыццяўляць прыём назад на сваю тэрыторыю ўласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць або перасталі адпавядаць крытэрыям легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго. У дакуменце замацавана прадастаўленне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду адносна рэадмісіі грамадзян трэціх краін. У сумеснай дэкларацыі да пагаднення змешчана абавязацельства Еўрасаюза аб аказанні краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў гэтай галіне.

Пагадненні аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу, Беларусь і Еўрапейскі саюз падпісалі 8 студзеня ў Бруселі. Дакументы затым былі ратыфікаваны Нацыянальным сходам Беларусі і адобраны Еўрапейскім парламентам.

Уступленне ў сілу пагаднення аб спрашчэнні выдачы віз будзе садзейнічаць аблягчэнню паездак грамадзян, развіццю міжнародных, у тым ліку турыстычных, кантактаў, а таксама ўмацаванню атмасферы даверу і ўзаемаразумення паміж народамі.

БЕЛТА




“Ён заўсёды будзе сімвалам непарушнай дружбы” – Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці мемарыяла пада Ржэвам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным прыняў удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час цырымоніі кіраўнікі дзяржаў пагутарылі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, а затым усклалі кветкі да мемарыяла. Пасля гэтага ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых герояў мінутай маўчання.

“Вайна – гэта заўсёды кроў, жах і смерць. У гэтай нечалавечай, жорсткай рэальнасці бываюць рубяжы, процістаянне на якіх аплачана неймавернай цаной. Ржэў – менавіта такое месца, таму што за ім была сталіца нашай Радзімы і ўся наша вялікая краіна. Тут гарэла зямля, плавіўся камень і крышылася браня, але не здаваўся савецкі салдат. Ішоў урукапашную ў жорсткай схватцы з ворагам, калі заканчваліся патроны. Сыходзіў крывёю на снезе ў люты мароз. Паміраў, але стаяў насмерць”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пада Ржэвам паляглі сотні тысяч герояў, і для кожнага з іх гэта была апошняя пядзя яго роднай зямлі. Гэтак жа, як для іншых воінаў, – Брэсцкая крэпасць, Неўскі выступ пад Ленінградам, Буйніцкае поле пад Магілёвам або Мамаеў курган у Сталінградзе, дадаў Прэзідэнт.

“Сёння мы адкрываем помнік воінам, сярод якіх былі прадстаўнікі ўсіх народаў Савецкага Саюза. Мы аддаём ім свой сыноўскі абавязак, абавязак святой памяці. Пакуль мы ствараем помнікі, пакуль мы прыходзім да помнікаў, мы ваяваць не будзем, мы пазбегнем гэтай страшнай трагедыі. Як толькі мы забудзем дарогу да гэтых святых мясцін – мы абавязкова будзем ваяваць. У гэтым сэнс нашых дзеянняў у гэтыя светлыя святы”, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў стваральнікам гэтага грандыёзнага помніка, а таксама кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі, Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы, ураду Цвярской вобласці, Расійскаму ваенна-гістарычнаму таварыству, творчаму калектыву і ўсім грамадзянам, якія прынялі ўдзел у будаўніцтве.

Прэзідэнт упэўнены, што мемарыял Савецкаму салдату пада Ржэвам заўсёды будзе сімвалам непарушнай дружбы паміж Расіяй і Беларуссю, месцам усеагульнага гонару і пакланення перад подзвігам нашых дзядоў і прадзедаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у міжнароднай акцыі “Сад памяці”. Ён і расійскі лідар пасадзілі саджанцы елкі. Акцыя стартавала ў сакавіку 2020 года і прадугледжвае высадку 27 млн дрэў у Расіі і іншых краінах СНД у памяць аб загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны.

Адна з валанцёраў прапанавала кіраўнікам дзяржаў завяршыць гэту акцыю 22 чэрвеня 2021 года – у дзень 80-годдзя пачатку вайны – у Брэсцкай крэпасці, пасадзіўшы дрэвы ў гонар усіх загінулых там. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту прапанову. “Чакаем”, – сказаў ён.

Затым прэзідэнты наведалі філіял Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаны Ржэўскай бітве, дзе для іх правялі кароткую экскурсію.

Мемарыяльны комплекс узведзены ля вёскі Харошава Ржэўскага раёна Цвярской вобласці паблізу федэральнай аўтамабільнай трасы М9 Масква – Рыга. Ён створаны на народныя ахвяраванні па ініцыятыве ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Праект рэалізаваны Расійскім ваенна-гістарычным таварыствам пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы, Мінкультуры Расіі і ўрада Цвярской вобласці. Мемарыял прысвечаны памяці савецкіх салдат, якія загінулі ў баях пада Ржэвам у 1942-1943 гадах.

Цэнтральным аб’ектам комплексу з’яўляецца 25-метровая скульптура салдата на 10-метровым насыпным кургане.

У комплекс уваходзіць музейна-гістарычны павільён. Музей аснашчаны мультымедыйным абсталяваннем, з дапамогай якога наведвальнікі могуць азнаёміцца з фатаграфіямі, франтавымі пісьмамі, расказамі, успамінамі ўдзельнікаў Ржэўскай бітвы.

БЕЛТА




У Беларусі створаны ўмовы для рэалізацыі моладдзю сваіх талентаў і здольнасцей – Падаляк

Беларуская моладзь мае ўсе ўмовы для рэалізацыі сваіх талентаў і здольнасцей. Аб гэтым сказала карэспандэнту БЕЛТА прафесар кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук Таццяна Падаляк, якая сёння ўдзельнічала ў сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з педагагічным актывам краіны.

У Беларусі шмат таленавітых і здольных юнакоў і дзяўчат. “Кожны можа выбраць сваю будучую прафесію, зыходзячы са здольнасцей і жаданняў. Даступнасць адукацыі, у тым ліку вышэйшай, для ўсіх – гэта вельмі важна, – сказала Таццяна Падаляк. – За гады незалежнасці Беларусі сістэма адукацыі была значна ўдасканалена. Пры гэтым у краіне не пайшлі па шляху ломкі адукацыі, а змаглі захаваць і прымножыць лепшыя традыцыі вышэйшай школы”.

Вучоны на прыкладзе БДУ расказала аб неабходнасці захавання ў калектывах ВНУ балансу паміж вопытнымі і маладымі выкладчыкамі і кіраўнікамі. “Пераканана, што сплаў вопыту і маладосці дае цудоўны рэзультат у адукацыйным працэсе”, – падкрэсліла Таццяна Падаляк.

Яна лічыць важным, што абмеркаванне праблем далейшага развіцця адукацыі выносіцца на ўзровень Прэзідэнта, які з вялікай увагай падыходзіць да ўсіх нюансаў гэтай сферы.

Таццяна Падаляк – практыкуючы журналіст з больш як 25-гадовым стажам, працавала ў самых розных выданнях, ад раёнак да рэспубліканскіх газет. Тэма яе кандыдацкай работы – “Духоўнае станаўленне асобы і сродкі масавай інфармацыі: канструктыўныя і дэструктыўныя тэндэнцыі сучаснай беларускай публіцыстыкі”. У 2019 годзе абараніла доктарскую дысертацыю “Аксіялогія сучаснай беларускай журналістыкі”. Сфера яе навуковых інтарэсаў – тэорыя і метадалогія журналістыкі, прафесійная этыка журналіста.

БЕЛТА




Урад разгледзеў сітуацыю на рынку працы

Фота з архіва

Фота з архіва

На пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў разгледжана пытанне аб стане рынку працы і прымаемых мерах па захаванні працоўных калектываў і забеспячэнні выплаты заработнай платы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

Як адзначыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, у цяперашніх умовах функцыянавання эканомікі гэта адно з найважнейшых пытанняў, якія знаходзяцца ў полі зроку ўрада па даручэнні Прэзідэнта. “Каб не дапусціць разбалансіроўкі рынку, масавага вызвалення людзей ва ўмовах зніжэння вытворчасці, скарачэння аб’ёму паслуг з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце, Прэзідэнт і ўрад прынялі неабходныя рашэнні. Створаны інструменты і вызначаны крыніцы падтрымкі прадпрыемстваў і бізнесу, якія істотна пацярпелі ад пандэміі COVID-19”, – падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

У сваім дакладзе міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч адзначыла, што па даручэнні Прэзідэнта вядзецца маніторынг арганізацый па выкананні працоўнага заканадаўства пры звальненні работнікаў. Аператыўныя даныя сведчаць аб адсутнасці масавых грубых парушэнняў. Разам з тым пачынаючы з красавіка назіраецца рост страт рабочага часу. У маі бягучага года ў параўнанні з маем мінулага года павялічылася колькасць работнікаў, якія працавалі няпоўны рабочы час, якія знаходзіліся ў водпусках па ініцыятыве наймальнікаў і ў прастоі.

“Гэта вымушаная рэакцыя арганізацый у перыяд разрыву лагістычных і вытворчых ланцужкоў з-за пандэміі. Прымяненне розных рэжымаў занятасці дае магчымасць захаваць за кожным чалавекам працоўнае месца, хоць і з пэўным зніжэннем іх даходаў”, – рэзюмавала міністр.

Кіраўнік дзяржавы для захавання працоўных калектываў і забеспячэння работнікаў дзяржаўнай гарантыяй – мінімальнай заработнай платай – 28 мая падпісаў указы нумар 178 і нумар 179, накіраваныя на падтрымку работнікаў арганізацый рэальнага сектара і бюджэтнай сферы, якія па аб’ектыўных прычынах вымушаны працаваць няпоўны рабочы час або ў рэжыме прастою.

Арганізацыі актыўна кансультуюцца па пытаннях прымянення ўказа нумар 178. Па стане на 22 чэрвеня атрымалі кансультацыі больш за 420 наймальнікаў. 44 арганізацыі падалі ўжо заяву на атрыманне падтрымкі, па 14 з іх выканкамы прынялі рашэнні: дзевяці ў бліжэйшы час пералічаць запытаныя сумы, і арганізацыі аператыўна забяспечаць выплату даплат сваім работнікам. Пяці арганізацыям адмоўлена ў прадастаўленні субсідыі па аб’ектыўных прычынах.

Прэм’ер-міністр даручыў кіраўнікам мясцовых органаў улады актыўна ўзаемадзейнічаць з арганізацыямі, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, па растлумачэнні прадастаўленых магчымасцей і механізмаў атрымання падтрымкі.

Ірына Касцевіч, у сваю чаргу, паведаміла, што згодна з п.2 указа нумар 178 больш як 5 тыс. грамадзян ужо атрымалі дадатковую матэрыяльную падтрымку праз дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу.

Ва ўрадзе таксама абмеркавалі пытанні своечасовасці выплаты заработнай платы. Адзначана, што кожны негатыўны факт, звязаны з нясвоечасовай выплатай зарплаты, знаходзіцца на кантролі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы. За пяць месяцаў прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу 838 арганізацый і 800 службовых асоб.

Па выніках пасяджэння прэм’ер-міністр даў канкрэтныя даручэнні па падтрыманні стабільнай сітуацыі на рынку працы, недапушчэнні выпадкаў нявыплаты заработнай платы.

БЕЛТА




Лукашэнка прысутнічаў на парадзе Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння разам з сынамі прысутнічаў у Маскве на ваенным парадзе, прысвечаным 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У ліку высокіх замежных гасцей, якія таксама прыбылі на парад, прэзідэнты Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана, прадстаўнікі вышэйшых органаў улады некаторых іншых дзяржаў, паслы краін – саюзнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі. Былі запрошаны таксама кіраўнікі некаторых міжнародных арганізацый, у тым ліку старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч і генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась.

Акрамя расійскіх ваенных у парадзе прымаюць удзел прадстаўнікі 13 дзяржаў, у тым ліку па брусчатцы Краснай плошчы прамаршыруе група сцяганосцаў зводнай роты Ганаровай варты Міністэрства абароны Беларусі.

Фота фотаслужбы Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі
Фота фотаслужбы Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі

У Расіі парад з нагоды 75-годдзя Перамогі ў гэтым годзе быў перанесены з 9 мая з-за пандэміі каранавіруса. Прэзідэнт РФ выбраў дату 24 чэрвеня, таму што менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе адбыўся гістарычны парад Пераможцаў. Па аналогіі цяперашняя ўрачыстасць была названа парадам Перамогі.

Фота ТАСС
Фота ТАСС

Як паведамлялася, у Беларусі ваенны парад у азнаменаванне 75-й гадавіны Вялікай Перамогі правялі 9 мая. У ім удзельнічалі каля 3 тыс. ваеннаслужачых і звыш 150 адзінак тэхнікі, у небе над Мінскам праляцелі 36 самалётаў і верталётаў. “Гэта свята для нас свяшчэннае. Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай бязлітаснай вайны XX стагоддзя, непараўнальная ні з якімі цяжкасцямі сённяшняга дня”, – заявіў на ваенным парадзе Прэзідэнт Беларусі.

Напярэдадні візіту ў Маскву кіраўнік беларускай дзяржавы прыняў удзел у серыі памятных мерапрыемстваў. 20 чэрвеня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адкрылі мемарыяльны комплекс памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці, які размешчаны ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна. На наступны дзень Прэзідэнт наведаў Светлагорскі раён, дзе адбылася цырымонія адкрыцця мемарыяльнага комплексу “Ала” на месцы спаленай у гады вайны нацыстамі вёскі. У дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня, кіраўнік дзяржавы зрабіў паездку ў Брэст. Аляксандр Лукашэнка наведаў Брэсцкую крэпасць, дзе па традыцыі ў час пачатку вайны прайшло памятнае мерапрыемства.

БЕЛТА




У Гомельскім раёне знята забарона на наведванне лясоў

У сувязі з усталяваннем I-III класа пажарнай небяспекі, рашэннем райвыканкама на тэрыторыі Гомельскага раёна знятая забарона на наведванне лясоў.

– У апошнія дні прайшлі багатыя дажджы, і пажаранебяспечная абстаноўка ў лясным фондзе знізілася да I–III класа. Бо ў бліжэйшы час пажарная небяспека прагназуецца на ўзроўні II-III класа, наведваць лясы дазваляецца — – пракаментаваў сітуацыю інжынер па ахове і абароне лесу Гомельскага дасведчанага лясгаса Ігар Чарняк.

На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь размешчана Інтэрактыўная карта, па якой можна адсочваць зняцце абмежаванняў па рэгіёнах. Рашэнні па ўвядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюць мясцовыя органы ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях.

Работнікі Гомельскага вопытнага лясгаса яшчэ раз заклікаюць: пры выяўленні пажару не заставацца абыякавымі, тэлефанаваць па нумарах тэлефонаў экстранных службаў 26-04-93 і 26-06-32.

http://sozhnews.by




Пленэр, кірмаш і конкурс майстроў пройдуць на “Славянскім базары”

Фота з архіва

Фота з архіва

Андрэй Шчарбіцкі – БЕЛТА/. У час Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдуць пленэры дэкаратыўнага жывапісу, конкурс майстроў і традыцыйны кірмаш, паведамілі БЕЛТА ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

З 16 па 19 ліпеня ў Віцебску пройдуць пленэр майстроў народных мастацкіх рамёстваў па дэкаратыўным жывапісе “Райскі сад”, які прысвечаны 100-годдзю віцебскай мастачкі Марыі Ларынай. Таксама чакаецца штогадовы кірмаш рамёстваў “Горад майстроў”. На працягу двух дзён гасцей фестывальнага горада чакае таксама конкурс майстроў традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу “Фарбы нябёс”.

XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 16 па 20 ліпеня. На яго мерапрыемствы прададзена больш за 15 тыс. білетаў. Пандэмія скарэкціравала афішу форуму, у бягучым годзе не будзе сольных канцэртаў.

БЕЛТА




У Беларусі вырасце памер працоўных пенсій

Прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне аб павышэнні пенсій з 1 ліпеня 2020 года. Пераразлік працоўных пенсій будзе праведзены шляхам карэкціроўкі фактычнага заработку пенсіянера, зыходзячы з сярэдняй зарплаты, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій, з павышэннем яе велічыні на 6%.

Павялічацца пенсіі:

– па ўзросце,

– за выслугу гадоў,

– па інваліднасці,

– па прычыне страты карміцеля.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце – Br470,6.

На выплату пенсій у 2020 годзе будзе накіравана больш за Br13,4 млрд, у тым ліку на пераразлік па ўказе – Br335 млн.

Пераразлік пенсій у ліпені будзе праведзены больш як 2,4 млн пенсіянераў.

Памеры надбавак, павышэнняў і даплат да пенсій, а таксама сацыяльных пенсій у ліпені не змяняюцца.

БЕЛТА




Лукашэнка назваў суверэнітэт беларускай дзяржавы неаспрэчным фактарам

Аляксандр Лукашэнка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў суверэнітэт беларускай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у Брэсцкай крэпасці на мерапрыемстве, прысвечаным Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адрасаваў словы асаблівай удзячнасці ветэранам за тое, што яны з гонарам вытрымалі цяжар ваеннага і пасляваеннага перыяду. “Тыя, хто пайшоў ад нас, сёння з намі, яны глядзяць адтуль (з нябёс. – Заўвага БЕЛТА) на нас і ацэньваюць нашы дзеянні. Мы ім гаворым, што іх гераічнае мінулае стала сімвалам нашай незалежнасці. Іх жыццёвы шлях – прыкладам, у якім мы знаходзім сілы для пераадолення выклікаў не толькі нашага часу, але і будучых часоў”, – сказаў ён. Цяжкасці сучаснага пакалення не параўнаюцца з тымі выпрабаваннямі, якія выпалі на долю ветэранаў, перакананы кіраўнік дзяржавы.

“Мы дакладна ведаем, што іх імкненне да свабоды і справядлівасці, адданасць Радзіме жывуць у кожным з нас. І гэта тая спадчыннасць, якая робіць суверэнітэт нашай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Вельмі сугучна з нашымі днямі”, – прадоўжыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што трэба прадаўжаць і цяпер змагацца за сваю незалежнасць, суверэнітэт супраць тых, хто навязвае нам свае ідэі, хто ідзе сюды, каб разбурыць мір і ўсё тое, што створана ў краіне. І рабіць гэта неабходна ў імя памяці аб шматлікіх ахвярах вайны, аб загінулых у сотнях спаленых беларускіх вёсках. “Усё, што мы сёння маем, хоць і стварылі гэта сваімі рукамі, належыць не толькі нам. Яно належыць таксама і ім, а яшчэ будучаму – нашым дзецям, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Час выбраў нас, і мы павінны вырашыць праблемы, якія стаяць перад намі”.

“Сёння ўсе мы, нашчадкі слаўных воінаў, увасабляем у жыццё ўсё, за што змагаліся абаронцы Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы гадуем дзяцей, будуем свае незалежныя дзяржавы, а галоўнае – мы свабодныя людзі. Мы не сталі тымі, на каго разлічвалі фашысты, прыйшоўшы сюды 22 чэрвеня”, – дадаў ён.

Звяртаючыся да афіцэраў і салдат, якія цяпер нясуць службу на гэтай гераічнай зямлі, Прэзідэнт адзначыў, што і сам служыў у гэтых мясцінах і добра ведае Брэст. “Вы сёння наследнікі Перамогі, вы стаіце на рубяжы, які не быў аддадзены ворагу, пакуль быў жывы хоць бы адзін воін. Ад нас гэтага сёння не патрабуецца, але мы павінны быць гатовымі да ўсяго. Дзякуючы абаронцам Брэсцкай крэпасці дзень 22 чэрвеня стаў пачаткам краху нацысцкай Германіі. Гэта вялікі гонар – прадаўжаць традыцыі герояў, і вялікая адказнасць – абараніць свет, які яны адстаялі цаной свайго жыцця”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Няхай ваша служба будзе мірнай і бяспечнай, – пажадаў кіраўнік дзяржавы. – Я заўсёды памятаю і хачу, каб вы, калі давядзецца ваяваць, стаялі насмерць тут, але не за тысячы кіламетраў на чужых землях і тэрыторыях, там нам рабіць няма чаго. Я хачу , каб вы таксама аб гэтым памяталі”.

“Шматлікія войны пакінулі глыбокі след у памяці нашага народа. Але яны навучылі нас галоўнаму – берагчы і цаніць мір і незалежнасць, без якіх у нас няма будучыні, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Я вельмі часта нагадваю аб гэтым людзям, на злобу сённяшняга дня. Мы вычарпалі рэсурс не толькі рэвалюцый, але і той час, у які мы хадзілі пад бізуном і ў лапцях, без штаноў, бедныя і галодныя. Мы і толькі мы павінны будаваць сваю дзяржаву. Мы і толькі мы павінны вырашаць лёс свой і сваіх дзяцей. Няхай кожны наш дзень будзе пражыты ў імя памяці тых, хто змагаўся і паміраў дзеля нашага жыцця, дзеля нашага будучага, сённяшняга – у чыстай, утульнай, зялёнай, прыгожай Беларусі, працавітай, з разумным і мудрым народам. Няхай Гасподзь нам дасць гэту мудрасць назаўсёды, каб мы маглі жыць сваім розумам і на сваёй зямлі”.-0-

 БЕЛТА