“Вялікая размова з Прэзідэнтам” прадаўжалася рэкордныя 8 гадзін

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Палацы Незалежнасці 9 жніўня адбылася “Вялікая размова з Прэзідэнтам”. Сустрэча кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці, экспертнай і медыйнай супольнасці доўжылася амаль 8 гадзін 15 хвілін, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікамі “Вялікай размовы з Прэзідэнтам” сталі амаль 300 чалавек. Усяго ж на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы прыйшло каля тысячы заявак, прычым трэць з іх ад прадстаўнікоў замежжа. Гэта “Вялікая размова з Прэзідэнтам” стала самым працяглым мерапрыемствам такога фармату: сустрэча з кіраўніком дзяржавы прадаўжалася амаль 8 гадзін 15 хвілін. Прамую трансляцыю “Вялікай размовы” вялі каля 20 медыярэсурсаў Беларусі, Расіі і Украіны, у тым ліку і на англійскай мове.

У самым пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што тэм для адкрытай размовы і абмеркавання назбіралася сапраўды шмат. “Таму сёння патрэбна гэта размова – у прамым эфіры, адкрытая, вочы ў вочы і без купюр”, – заявіў Прэзідэнт.

Традыцыйна пытанні, якія прагучалі ў час сустрэчы, датычыліся ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, прычым размова ішла не толькі пра палітыку, але і пра развіццё адукацыі, удасканаленне сістэмы аховы здароўя, эканамічныя працэсы. Улічваючы сімвалічнасць мерапрыемства (яно праводзіцца ў гадавіну прэзідэнцкіх выбараў), шмат пытанняў было пра падзеі 2020 года – на іх кіраўнік дзяржавы адказваў асабліва падрабязна. Асобнай тэмай абмяркоўваліся адносіны з Захадам, процідзеянне санкцыям і сітуацыя на граніцах з ЕС.

Госці з-за мяжы пыталіся ў кіраўніка дзяржавы пра ўзаемадзеянне Беларусі з іх краінамі, у прыватнасці з Расіяй, Украінай, Літвой, Польшчай. А вось прадстаўнікі заходняй прэсы як адзін вырашылі сканцэнтравацца на пытанні аб нібыта пабоях і катаваннях у Беларусі. Але Прэзідэнт, як і абяцаў, адказаў і на гэта пытанне, прычым не адзін раз.

Удзельнікі “Вялікай размовы з Прэзідэнтам” не абмяжоўваліся толькі пытаннямі, але і выступалі з ініцыятывамі, выказвалі свой пункт гледжання, дыскутавалі адзін з адным і кіраўніком дзяржавы.

БЕЛТА




Нашы землякі з поспехам выступілі на ХI Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”

Нашы землякі  з поспехам выступілі на ХI Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”

Нашы землякі Віктар Шыпкоў, Ірына Беланожка, Алена Дудкіна і Яна Анціпенка з поспехам выступілі на ХI Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” у пасёлку Акцябрскі: дадому аматары народнай творчасці вярнуліся з дыпломамі пераможцаў і прызёраў маштабнага творчага форума.

Танец як стан душы

Танцоры з Гомельскага раёна, загадчык Грабаўскага дома культуры Ірына Беланожка і Віктар Шыпкоў уразілі членаў журы сваім артыстызмам, харызмай і эмацыянальным усплескам. Яны заваявалі I месца ў рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў беларускіх народна-побытавых парных танцаў “Лявоніха”.

— У праграме фестывалю значылася дзесяць танцаў, — расказвае Ірына Беланожка. — Рэпеціравалі кожную вольную хвіліну, адточвалі ўсе танцавальныя рухі, каб на сцэне можна было не думаць пра тэхніку выканання, а толькі адчуваць натхненне і эмацыянальны ўздым, які дае народны танец. Для нашай узроставай катэгорыі выбралі “Лявоніху”, “Польку ў два бакі”, вальс, “Барыню” і “Заёнец”. Апошні танец у розных варыяцыях сустракаецца ў многіх народаў, і складаецца з таго, што на пол крыж-накрыж кладуцца дзве палкі (у кагосьці — шаблі), і танцоры адмысловым чынам прыгаюць цераз іх пад рытмы музыкі.

Як прызнаецца работнік культуры, народныя танцы так захапляюць, што супыніцца проста немагчыма, бо яны напаўняюць чалавека энергіяй і дораць узнёслы настрой, якім танцор, у сваю чаргу, дзеліцца з гледачамі.

— Нам было таксама цікава паглядзець выступленні іншых удзельнікаў, — дзеліцца Ірына Беланожка. — Хоць і танцавалі мы адны і тыя ж танцы, усё ж такі для кожнай мясцовасці характэрны свае асаблівасці.

viber_2021-07-26_16-37-23-286.jpg

Рэгіянальныя асаблівасці рамёстваў   

Арганізатары фальклорнага фэсту пад-рыхтавалі вельмі насычаную і разнастайную праграму, так што аматары народнай творчасці мелі магчымасць у поўнай меры прадэманстраваць багацце матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны свайго краю. У прыватнасці, традыцыйныя рамёствы і народныя касцюмы.

er_2021-07-26_22-27-39-005.jpg

— На нашым фестывальным падворку мы прэзентавалі вырабы, зробленыя ў розных тэхніках і відах, з адмысловымі адметнасцямі, характэрнымі толькі для нашай мясцовасці. Напрыклад, агульнараспаўсюджаная вышыўка ў нас была прадстаўлена ў выглядзе сувенірнай прадукцыі, — адзначыла загадчык філіяла “Цэнтр рамёстваў Гомельскага раёна” Алена Дудкіна. — І толькі Гомельскі раён прадставіў такі незвычайны від мастацтва, як пляценне з кукурузнага шалупіння, так званы талаш. Яго адрадзіла наша майстрыха Таццяна Браім, і работы гэтай таленавітай жанчыны прыцягнулі ўвагу ўсіх наведвальнікаў выставы-прэзентацыі “Традыцыі рэгіянальных фальклорных практык”.

Удзельніца фальклорнага фэсту адзначыла, што з цікавасцю агледзела і іншыя падворкі. У пасёлку Акцябрскі сабраліся майстры з усёй рэспублікі, таму было на што падзівіцца і ўзяць сабе “на ўзбраенне”: шматлікія майстар-класы давалі магчымасць паспрабаваць розныя віды рамёстваў. Віктар Шыпкоў прадэманстраваў адметнасці старажытнага віда пляцення на кругавой аснове, а работнік культуры Яна Анціпенка — як зрабіць ляльку-матанку.

viber_2021-07-26_16-39-36-969.jpg

 

Вельмі зацікавіў нашых землякоў і традыцыйны народны касцюм. Але, як адзначыла Алена Дудкіна, аўтэнтычны касцюм прадставілі толькі некалькі раёнаў:

— Таму было вельмі цікава параўнаць крой сукенак і спадніц, колеры, якім аддавалі перавагу ў той ці іншай вобласці, спосабы аздаблення сукенак. Асабліва адрозніваліся паміж сабой галаўныя ўборы. На нашым падворку таксама дэманстраваліся некалькі касцюмаў, якія насілі жанчыны Маркавіч і наваколля. Тлумачэнні па іх асаблівасцях даваў Віктар Шыпкоў.

Дарэчы, спецыяльна да фестывалю Віктар узнавіў андарак — плісіраваную спадніцу чырвонага колеру з геаметрычным узорам па ніжняй кромцы, якая разам з ушваркай, аздобленай машыннай строчкай і аплікацыяй, з’яўляецца адметнасцю святочнага маркавіцкага строю.

Застаецца дадаць, што майстры з Гомельскага раёна адзначаны Дыпломам III ступені ў намінацыі “Народныя промыслы і рамёствы” за самабытнасць і папулярызацыю мастацкіх традыцый свайго краю.

Ірына ГРАМЫКА

Фота прадастаўлена Аленай ДУДКІНАЙ




Беларускія спартсмены прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця Гульняў у Токіа

23 ліпеня, Токіа /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця Гульняў у Токіа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Чарговасць выхаду каманд на дарожкі стадыёна вызначалася па японскім алфавіце. Адкрылі шэсце алімпійцы Грэцыі. За імі выйшла каманда бежанцаў. Беларусы прайшлі за камандай Венесуэлы. Нагадаем, што ў Токіа выступяць 108 прадстаўнікоў нашай краіны ў 20 відах спорту. У ролі сцяганосцаў выступілі прадстаўніца стральбы з лука Ганна Марусава і плывец Мікіта Цмыг. Наступнымі выйшлі спартсмены з Беліза.

Замкнула парад шматлікая японская алімпійская дружына. Паводле даных арганізатараў, у парадзе прымалі ўдзел больш за 6 тыс. атлетаў і трэнераў, 900 прадстаўнікоў СМІ і 1500 супрацоўнікаў тэлебачання.




Час для рэалізацыі цікавых праектаў

Лета — самы любімы для школьнікаў час, калі цэлыя дні можна прысвяціць разнастайным забавам і гульням. А каб канікулы ў навучэнцаў Целяшоўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы прайшлі з карысцю, пры ўстанове адукацыі дзейнічае аздараўленчы лагер “Дружба”.

Цёплыя летнія дзянёчкі — самы спрыяльны час для рэалізацыі цікавых праектаў. Адным з іх — “Упрыгожым Беларусь кветкамі” — зацікавіліся педагогі і вучні школы. Стварыць сваімі рукамі прыгажосць на школьным двары — вельмі цікава і адначасова адказна. Таму навучэнцы з вялікім энтузіязмам прыняліся за справу.

Спачатку склалі план, прадумалі ўсе дэталі будучага ландшафтнага праекта, і праца закіпела. Дарослыя дапамаглі зрабіць з натуральных матэрыялаў арт-аб’ект — хатку-церамок. Яна выконвае двайную функцыю — упрыгожвае тэрыторыю школы і адначасова з’яўляецца прытулкам для маленькіх насельнікаў жывой прыроды. У доміку могуць пасяліцца казуркі, божыя кароўкі, жужалі і іншыя ворагі шкоднікаў. А каб прыцягнуць карысных насякомых, школьнікі выкарысталі кавалкі дрэва з прасверленымі вертыкальнымі і гарызантальнымі хадамі, шышкі, салому, кару, разнастайныя раслінныя рэшткі.

Рэалізацыя праекта дапамагла вучням адначасова выканаць некалькі задач: паспрыяць захаванню папуляцыі насякомых і добраўпарадкаваць школьную тэрыторыю арыгінальным спосабам. Дзеці з задавальненнем сачылі за жыццём крылатых насельнікаў хаткі-церамка, даведаліся пра іх звычкі, і такім чынам пашырылі свой кругагляд, адкрылі для сябе таямніцы жывой прыроды.

Алена ПАНЦЯЛЕЕНКА, настаўнік Целяшоўскага дзіцячага сада – базавай школы.

Фота аўтара




У Беларусі пачалася выдача сертыфікатаў аб праходжанні ЦТ

16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Беларусі стартавала выдача сертыфікатаў аб праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў.

Выдача сертыфікатаў ажыццяўляецца ў пунктах здачы ЦТ. Каб забраць сертыфікат, абітурыент абавязаны прадаставіць дакумент, які засведчвае асобу (пашпарт), дакумент аб агульнай сярэдняй адукацыі( атэстат), а таксама пропуск, на якім стаіць адзнака аб праходжанні ЦТ.

За абітурыента могуць забраць сертыфікат яго законныя прадстаўнікі. Аднак гэта пры ўмове наяўнасці ў самога абітурыента ўважлівай прычыны, па якой ён не змог з’явіцца асабіста. Для гэтага законныя прадстаўнікі павінны мець пры сабе дакумент, які засведчвае асобу і пацвярджае статус законнага прадстаўніка, а таксама натарыяльна завераную копію пашпарта абітурыента (яна спатрэбіцца і тым, хто забірае сертыфікат па даверанасці).

Пры гэтым выдача сертыфікатаў пачалася толькі для тых, хто здаваў іспыт у асноўныя дні. Калі ж абітурыент пісаў ЦТ у адзін з рэзервовых дзён, то забраць сертыфікат ён зможа не раней за 23 ліпеня.

Сёння таксама прайшоў другі рэзервовы дзень для здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Першы быў 14 ліпеня, трэці запланаваны на 18 ліпеня.




Першы энергаблок БелАЭС будзе ўключаны пасля дыягностыкі сістэм і вузлоў турбагенератара – Каранкевіч

16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы энергаблок БелАЭС будзе ўключаны пасля дыягностыкі сістэм і вузлоў турбагенератара. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

12 ліпеня на першым энергаблоку БелАЭС спрацавала аўтаматычная абарона генератара. Турбагенератар быў адключаны ад сеткі. У адпаведнасці з планавым і праектным алгарытмам магутнасць рэактарнай устаноўкі была зніжана да мінімальна кантралюемага ўзроўню – да 1 працэнта. Электразабеспячэнне спажыўцоў у момант адключэння не парушалася.

“З улікам таго, што абсталяванне турбагенератара працавала пры тэмпературы каля плюс 300 градусаў, неабходны некаторы час для яго расхалоджвання, каб спецыялісты маглі пачаць высвятленне прычын спрацоўвання абароны генератара і іх устараненне”, – растлумачыў Віктар Каранкевіч.

Будзе праведзена дэталёвая дыягностыка ўсіх тэхналагічных сістэм і вузлоў турбагенератара. “Гэтыя работы будуць выконвацца паэтапна. Пасля іх завяршэння блок будзе зноў уключаны ў работу”, – дадаў міністр




Першыя мерапрыемствы стартуюць на “Славянскім базары ў Віцебску”

14 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Сёння пачынаюцца першыя мерапрыемствы XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Беларускі тэатр “Лялька” восьмы раз прадставіць “Лялечны квартал”, які карыстаецца папулярнасцю. Творчыя калектывы з Беларусі і Расіі на працягу пяці дзён пакажуць спектаклі для дзяцей і дарослых. Першымі на сцэне 14 ліпеня выступяць гаспадары пляцоўкі з пастаноўкай “Насарог і Жырафа”.

Падрыхтавалі на сёння і нядрэнную выставачную праграму. У абласным краязнаўчым музеі прэзентуюць XI Нацыянальную філатэлістычную выставу “Белфіла-2021”. У экспазіцыі прадстаўлена 80 калекцый з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Ізраіля, Латвіі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і Чэхіі. У канцэртнай зале “Віцебск” публіку чакаюць дзве выставы – жывапісу ад галерэі “АртХаос”, а таксама 750 фатаграфій, якія расказваюць аб розных кутках Расіі.

У дадатак да культурнай праграмы ў цэнтры сучаснага мастацтва прадставяць праект “Вясёлы Пушкін”. Гэта вынік шматгадовага супрацоўніцтва музея-запаведніка А.С. Пушкіна “Міхайлаўскае” і мастака Ігара Шаймарданава. Паводле задумы аўтара, выстава ўяўляе сабой “нешта накшталт маленькай выдуманай навелкі з жыцця Пушкіна або добрага анекдота”. Гэта прыдуманыя, выдуманыя або амаль праўдзівыя гісторыі з дзвюх зім і двух лет, праведзеных пісьменнікам у міхайлаўскай ссылцы, калі ён наведваў Трыгорскае, Бугроўскі млын і Святагорскі кірмаш.

Важнейшым мерапрыемствам першага дня “Славянскага базару” стане адкрыццё на будынку цэнтра культуры “Віцебск” памятнай дошкі заснавальніку фестывалю Радзівону Басу. Менавіта дзякуючы яму пра творчы форум даведаліся далёка за межамі Беларусі і ён стаў брэндам краіны.

Канцэртная праграма музычнага фестывалю пачнецца з выступлення “Хору Турэцкага”. Крыху пазней у Летнім амфітэатры пройдзе сімфанічная рок-феерыя “Уверцюра да фестывалю. Агонь і лёд”. Арганізатары абяцаюць эфектнае лядовае шоу ў гарачы ліпень. У 22.00 на пл.Перамогі з канцэртам-віншаваннем напярэдадні свайго дня нараджэння выступіць Рыгор Лепс. Уваход свабодны. Фінальным акордам першага дня “Славянскага базару” стане цырымонія падняцця сцяга форуму.

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 15 па 18 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 14 і 19 ліпеня. Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю адбудзецца 15 ліпеня на галоўнай сцэне. У час гала-канцэрта ўручаць спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення”. Закрыюць фестываль гала-канцэртам з узнагароджаннем пераможцаў конкурсаў 18 ліпеня. Журы дарослага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, дзіцячага – спявак Піліп Жмахер (Сербія). На форуме чакаюць прадстаўнікоў 33 краін, у тым ліку каля 5 тыс. артыстаў.-




Больш за 5 тыс. работнікаў беларускіх прадпрыемстваў выказаліся супраць санкцый – ФПБ

12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 5 тыс. работнікаў прадпрыемстваў усіх рэгіёнаў краіны і сфер эканомікі выказаліся супраць санкцый. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

“Людзям відавочна, што санкцыі ЕС і ЗША ў першую чаргу ўдараць па заработках, пенсіях, дапамогах. Такія дыскрымінацыйныя меры абсалютна незаконныя і парушаюць адно з асноўных правоў чалавека – права на працу. Беларусы гатовы абараняць такое права. Аб гэтым яны гавораць з сябрамі, у працоўных калектывах, сем’ях, выказваюць сваю пазіцыю ў сацыяльных сетках. Пляцоўкай, якая аб’ядноўвае тых, хто стаміўся маўчаць і гатовы адстойваць сваю пазіцыю, стала Федэрацыя прафсаюзаў. На інтэрнэт-партале нацыянальнага прафцэнтра сабраны тысячы меркаванняў людзей аб санкцыйнай палітыцы калектыўнага Захаду. Больш за 5 тыс. меркаванняў людзей аб’яднаны ў больш чым 30-гадзінны відэаролік, накіраваны сёння палітыкам краін Еўрасаюза”, – расказалі ў ФПБ.

“Я мама і хачу, каб у мяне была работа, каб я магла забяспечваць сваіх дзяцей, а дзеці жылі ў спакойнай краіне”, “Нам санкцыі не патрэбны!”, “Заклікаем займацца сваімі праблемамі і не ўмешвацца ў справы нашай краіны”, “Я падтрымліваю тысячы маіх калег, суайчыннікаў. Хачу паглядзець у вочы тым, хто заклікае з-за мяжы да санкцый, і задаць пытанне, як яны будуць глядзець у вочы сваім суайчыннікам, якія могуць застацца без работы, дзецям, якія могуць страціць будучыню”, “Пакіньце нас у спакоі! Дайце магчымасць спакойна працаваць!” – усё гэта словы простых людзей. Прамысловасць, энергетыка, хімічная галіна, адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная і жыллёва-камунальная сферы, сельская і лясная гаспадарка, сувязь, будаўніцтва, гандаль, транспарт салідарна выступаюць супраць незаконных абмежавальных мер, якія прымяняюцца да нашай краіны.

“Гэта тая праўда, якую заходнія палітыкі сёння наўмысна ігнаруюць і скажаюць. Гэта тое, аб чым яны стараюцца не гаварыць. Яны сёння з высокіх трыбун заяўляюць, што нібы самі беларусы выступаюць за ўвядзенне санкцый, нібы ўсё гэта робіцца ў інтарэсах беларускага народа. Гэта відэа – дакладны і зразумелы адказ на такую хлусню, – падкрэслілі ў Федэрацыі прафсаюзаў. – Відавочна, што заходнія чыноўнікі не збіраюцца лічыцца з меркаваннем людзей. У лютым Федэрацыя прафсаюзаў накіравала ў іх адрас больш за 1,130 млн подпісаў рабочых супраць санкцый. Але і сёння зразумелага адказу на гэты салідарны і калектыўны запыт людзей няма. Цяпер еўрачыноўнікі ў сваіх беззаконных дзеяннях па-ранейшаму прыкрываюцца людзьмі – нібы разбурэнне нашай эканомікі ў іх інтарэсах. Але яны павінны ўбачыць праўду, якая застанецца ў гісторыі і будзе сведчаннем іх незаконнай і крывадушнай палітыкі”




ДАІ рэкамендавала вадзіцелям быць асцярожнымі ў гарачае надвор’е

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендавала вадзіцелям быць больш уважлівымі і асцярожнымі ў гарачае надвор’е. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла дзяржаўтаінспектар АДАІ Партызанскага РУУС Мінска Ганна Ціхановіч.

“Ператамленне за рулём – натуральная рэакцыя арганізма на доўгае кіраванне аўтамабілем, звязанае са значнай нервовай нагрузкай. Небяспекі можна чакаць як ад іншых вадзіцеляў, якія заснулі за рулём і страцілі кіраванне, так і ад самога сябе, калі не адпачыць перад паездкай і некалькі гадзін запар весці аўтамабіль, – расказалі ў АДАІ. – Ператамленне суправаджаецца дрэнным самаадчуваннем, прытупленнем увагі, зніжэннем канцэнтрацыі, хуткай стамляльнасцю і нават бяссонніцай. Небяспека ДТЗ рэзка ўзрастае пасля 8-10 гадзін бесперапыннага ваджэння. Многія вадзіцелі пачынаюць адчуваць стомленасць ужо праз 2-3 гадзіны знаходжання за рулём, і, як правіла, перад паездкай яны не адпачываюць”.

Як адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі, адна гадзіна ваджэння ва ўмовах інтэнсіўнага руху прыраўноўваецца да шасці гадзін дзейнасці чалавека, занятага цяжкай фізічнай працай. Пры кіраванні аўтамабілем на працягу гадзіны са скорасцю 100 км/гадз вадзіцель стамляецца гэтак жа, як людзі пасля чатырох гадзін цяжкай разумовай працы. Акрамя таго, на самаадчуванне ўплывае дрэннае асвятленне дарогі ноччу, неспрыяльныя ўмовы надвор’я, шум і вібрацыі ў кабіне, наступствы ўжывання алкаголю і лякарстваў. Адсюль узнікае няўважлівасць, неасцярожнасць, рассеянасць, марудлівасць. Усё гэта ўплывае на бяспеку дарожнага руху: у вадзіцеля адзначаецца запозненая рэакцыя на дарожную абстаноўку, знакі, сігналы святлафора, ён з цяжкасцю вытрымлівае скорасны рэжым і прамалінейнасць руху.

Асаблівую небяспеку ўяўляюць начныя рэйсы для вадзіцеляў старэйшых за 55 гадоў. “Ноччу шафёры гэтай узроставай групы робяць у два разы больш аварый, чым днём. Справа ў тым, што з узростам, нягледзячы на вялікі вадзіцельскі вопыт, пагаршаюцца псіхічныя і фізіялагічныя функцыі, якія непасрэдна ўплываюць на бяспеку ваджэння. Пры працяглай яздзе ноччу стомленасць можа прывесці да галюцынацый. Напрыклад, па шляху можа здацца дом або звер, які пераходзіць дарогу, могуць проста ўзнікнуць туманныя плямы або прадметы нявызначанай формы. У такіх выпадках вадзіцель рэзка тармозіць або зварочвае ўбок, потым пераконваецца, што на самай справе на дарозе ніякай перашкоды няма”, – сказала Ганна Ціхановіч.

Адзіны сродак выратавання ад галюцынацый – адпачынак. Неабходна рабіць перапынкі, пры ўзнікненні стомленасці спыняцца і адпачываць. Важна ўсведамляць: лепш крыху пазней прыехаць у месца прызначэння, чым трапіць у ДТЗ з-за стомленасці або наогул заснуць за рулём”, – дадалі ў ведамстве.




Па новай праграме “Сямейны капітал” больш за 18,5 тыс. шматдзетных сем’яў адкрылі дэпазіты

8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для шматдзетных сем’яў на 1 ліпеня 2021 года адкрыта 100 930 дэпазітных рахункаў “Сямейны капітал”, з якіх па праграме 2020-2024 гадоў – 18 518, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Па праграме “Сямейны капітал” 2015-2019 гадоў для шматдзетных сем’яў адкрыта 82 412 дэпазітных рахункаў на суму $824,1 млн. Памер назначанай у мінулую пяцігодку сумы складаў $10 тыс. для шматдзетных сем’яў, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нарадзілася (усыноўлена, удачарона) у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года ўключна. Звярнуцца па назначэнне сямейнага капіталу можна было па 30 чэрвеня 2020 года ўключна – не пазней за шэсць месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга дзіцяці або наступных дзяцей.

Па праграме 2020-2024 гадоў для шматдзетных сем’яў адкрыта 18 518 дэпазітных рахункаў на суму Br421,7 млн. У новай пяцігодцы сямейны капітал назначаецца шматдзетным сем’ям, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нарадзілася (усыноўлена, удачарона) з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года ўключна. У 2020 годзе памер сямейнага капіталу складаў Br22,5 тыс., а з 1 студзеня 2021 года – Br23 737,5.

“На 1 ліпеня гэтага года на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пададзена 38 532 заявы. З іх на паляпшэнне жыллёвых умоў – 34 391 (89 працэнтаў), на атрыманне адукацыі – 1779 (5 працэнтаў), на атрыманне медыцынскіх паслуг – 2362 (6 працэнтаў). Прынята 36 430 рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу”, – адзначылі ў Мінпрацы.

Больш за ўсё рашэнняў аб размарозцы сямейнага капіталу прынята ў Брэсцкай вобласці – 7783, следам ідуць Мінская – 6117, Гомельская вобласць – 5847, Мінск – 5057, Гродзенская вобласць – 4253, Магілёўская – 3753. Менш за ўсё такіх рашэнняў прынята ў Віцебскай вобласці – 3620.-0-




На Купалу сонца грае: ў Новай Гуце адбудзецца раённае свята Купалле

Вечарам 6 ліпеня многія збяруцца ля вадаёмаў, каб адсвяткаваць самую таямнічую ноч у годзе — Купальскую. Абавязкова будуць гарэць вогнішчы, дзяўчаты сплятуць вянкі з цалебных зёлак і кветак. Іх пазней пусцяць па вадзе, варажуючы-загадваючы: ці выйдуць сёлета замуж, ці добрае сумеснае жыццё чакае будучую маладую сям’ю?

IMG_1552.JPG

IMG_1574.JPG

Раённае свята Купалле адбудзецца ў Новай Гуце на беразе ракі Сож, на якое ў 20 гадзін запрашаюць жыхароў і гасцей аграгарадку.

— Купалле ў нашым населеным пункце ўжо стала традыцыйным, — расказвае выконваючы абавязкі загадчыка Навагуцкага сельскага дома культуры Наталля Шатовіч. — І з кожным годам свята збірае ўсё больш удзельнікаў. Сёлета мы падрыхтавалі цікавую тэатралізацыю, а таксама вялікую канцэртную праграму. Прыходзьце: будзе весела і незабыўна!

Таямніцы Купалля можна будзе разгадаць таксама ў іншых населеных пунктах раёна: 6 ліпеня вясёлае свята змогуць наведаць жыхары вёсак Зябраўка і Маркавічы (пачатак у 20.00). У пятніцу, 9 ліпеня, работнікі культуры з Цярэшкавіч і Бабовіч прапануюць аднавяскоўцам адшукаць “кветку шчасця” і паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне, а ў суботу, 10 ліпеня, Купалле адбудзецца на возеры Іпуць і ў аграгарадку Яроміна.

IMG_1602.JPG

IMG_1609.JPG

Як верылі нашы продкі, у Купальскую ноч жывёлы могуць размаўляць, расліны — хадзіць, а недзе ў гушчары лясной распускаецца папараць-кветка, якая валодае магічнымі здольнасцямі надзяляць кожнага, хто яе знойдзе. Да святкавання гэтай ночы рыхтаваліся людзі ўсіх узростаў: увечары дзяўчаты зёлкі ў полі збіралі, вянкі плялі, а потым на іх варажылі, па вадзе пушчалі. Лічылася, што толькі ў гэтую ноч можна ўбачыць, як русалкі на галінах дрэў калыхаюцца. Вось толькі сустрэча з імі для мужчын небяспечная: русалкі могуць заваражыць любога з іх і зацягнуць на глыбіню.

IMG_1592.JPG

IMG_1616.JPG

IMG_1615.JPG

Існаваў яшчэ адзін купальскі звычай: 6 ліпеня, калі царква адзначала памяць святой Агрыпіны, якую ў народзе называлі Аграфена, усе імкнуліся нарыхтаваць венікі для лазні, а бліжэй да вечара мыліся. Таму гэты дзень у народзе часцей называлі днём Аграфены Купальніцы. А лагічным яго працягам стала ўмыванне вадою на світанні 7 ліпеня, альбо “купанне” у ранішняй расе.

І толькі на Купалле раскладваюць вогнішча, цераз якое ўсе перапрыгваюць. Бо ад гэтага дзеяння, як лічылі нашы продкі, “усе балячкі ў агонь сы-ходзяць, і чалавек здаравей становіцца”. Так гэта ці не, аднак пасля скачку многія і сапраўды адчуваюць прыліў сіл. Альбо гэта атмасфера свята так дзейнічае, усё ж такі адчуваецца ўздзеянне таямнічай ночкі Купальскай?

Ірына ГРАМЫКА. Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.




За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 943 пацыенты з COVID-19, выпісаны 1363

Фота з архіва

Фота з архіва
За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 943 пацыенты з COVID-19, выпісаны 1363. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваны 399 852 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19. Выздаравелі 392 366 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19.

За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 2910 пацыентаў з выяўленым каранавірусам.

За мінулыя суткі выканана 17 923 тэсты. Усяго ў краіне праведзена 6 427 830 тэстаў.

БЕЛТА