Саўмін скарэкціраваў парадак павышэння зарплаты ў залежнасці ад росту прадукцыйнасці працы

Фота з архіва

Фота з архіва

Урад унёс карэктывы ў парадак павышэння памераў аплаты працы работнікаў у залежнасці ад росту прадукцыйнасці працы. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 23 красавіка 2021 года нумар 243, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

Згодна з дакументам, кіраўніку дзяржаўнай арганізацыі прадастаўлена права змяняць памеры аплаты працы і структуру зарплаты работнікам у межах агульнага памеру аплаты, устаноўленага лакальнымі прававымі актамі і працоўнымі дагаворамі. “Гэта дасць магчымасць выконваць адначасовы перагляд памераў тарыфных ставак (тарыфных акладаў) работнікаў пры індэксацыі заработнай платы, праводзіць удасканаленне структуры зарплаты пры ўмове захавання агульнага памеру аплаты працы, устаноўленага лакальнымі прававымі актамі і працоўнымі дагаворамі”, – адзначылі ў прэс-службе.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржарганізацыі мае права павышаць памеры аплаты працы работнікаў адасобленага падраздзялення, што мае асобны баланс, пры ўмове суадносін росту прадукцыйнасці працы і намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы больш за 1,0 у гэтым адасобленым падраздзяленні. Пры разліку прадукцыйнасці працы ў дзяржарганізацыі прымяняецца выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, (работ, паслуг) або дабаўленая вартасць на аднаго сярэдняспісачнага работніка. Выбар паказчыка разліку выконваецца на каляндарны год па ўзгадненні з вышэйшым органам (арганізацыяй).

Таксама прадугледжана магчымасць аднаразова на працягу каляндарнага года змяніць паказчык разліку па ўзгадненні з вышэйшым органам (арганізацыяй).

Раней змяненне паказчыка вызначэння прадукцыйнасці працы на працягу каляндарнага года дапускалася толькі ў выпадку замены паказчыка выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на аднаго сярэдняспісачнага работніка на паказчык дабаўленай вартасці на аднаго сярэдняспісачнага работніка на гэты ж каляндарны год.

“Прымяненне норм гэтай пастановы дасць магчымасць больш гібка прымаць рашэнні аб павышэнні памераў аплаты працы работнікаў у дзяржарганізацыях і іх адасобленых падраздзяленнях, што маюць асобны баланс, а таксама захаваць матывацыю работнікаў у забеспячэнні росту прадукцыйнасці”, – падкрэслілі ў прэс-службе.

Дакумент уступае ў сілу з 1 мая 2021 года.

БЕЛТА




Дождж з мокрым снегам чакаюцца па паўночным усходзе Беларусі 28 красавіка

Фота з архіва

Фота з архіва

Дождж з мокрым снегам чакаюцца па паўночным усходзе Беларусі 28 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У сераду будзе воблачна з праясненнямі. Месцамі па паўночна-ўсходняй частцы краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі (дождж, уначы з мокрым снегам). Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер прагназуецца няўстойлівы 3-8 м/с.

Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2. Удзень будзе 7-13 градусаў цяпла, у паўднёва-заходніх раёнах – да плюс 15.

БЕЛТА




У Беларусі плануецца павялічваць будаўніцтва арэнднага жылля за кошт прыцягнення інвестараў

Фота з архіва

Фота з архіва

У Беларусі плануецца нарошчваць аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля за кошт прыцягнення прыватных інвестараў. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Цяпер вядзецца работа па актывізацыі будаўніцтва арэнднага жылля за кошт розных крыніц і прыцягненні прыватных забудоўшчыкаў. “Работа арганізавана ў двух напрамках. Гэта ўключэнне пустуючых арэндных жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду і прыватнага жылля фізічных асоб, якія маюць свабодныя кватэры для перадачы ў арэнду па рыначным кошце, і нарошчванне аб’ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля за кошт стварэння эканамічных умоў і стымулявання прыватных інвестараў на ажыццяўленне такога будаўніцтва. Забяспечвацца арэндным жыллём будуць перш за ўсё маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з прадастаўленнем дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе субсідый на частковую кампенсацыю арэндных плацяжоў”, – растлумачылі ў прэс-службе.

Як адзначылі ў міністэрстве, каб прыцягнуць прыватных забудоўшчыкаў да будаўніцтва арэнднага жылля, плануецца прадастаўляць ім без аўкцыённых таргоў адразу два зямельныя ўчасткі для будаўніцтва арэнднага жылля і жылога дома на камерцыйных умовах. Пры гэтым зямельныя ўчасткі павінны быць перададзены без абцяжаранняў, гэта значыць без будынкаў пад знос. Будаўніцтва інжынерных сетак для арэнднага дома плануецца ажыццяўляць за кошт дзяржавы, а для камерцыйнага дома будзе кампенсацыя за кошт дзяржавы ў памеры 50 працэнтаў. “Магчыма, будуць прадастаўляцца падатковыя льготы, а менавіта, вызваленне ад падатку на прыбытак часткі валавога прыбытку, што накіроўваецца арганізацыяй на будаўніцтва або набыццё арэнднага жылля. Таксама абмяркоўваецца магчымасць прадастаўлення крэдытаў для будаўніцтва такіх дамоў з больш нізкай працэнтнай стаўкай у выпадку, калі большая частка сродкаў будзе самога забудоўшчыка”, – расказалі ў ведамстве.

У Мінбудархітэктуры дадалі, што ўсе гэтыя прапановы яшчэ будуць абмяркоўвацца, іх прыняцце будзе залежаць ад пазіцый усіх зацікаўленых бакоў.

БЕЛТА




За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 888 пацыентаў з COVID-19, выпісаны 742

Фота з архіва

Фота з архіва
За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 888 пацыентаў з COVID-19, выпісаны 742. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваны 345 998 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Выздаравелі 336 227 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19.

За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 2443 пацыенты з выяўленым каранавірусам.

За мінулыя суткі выканана 9307 тэстаў. Усяго ў краіне іх праведзена 5 685 902.

БЕЛТА



“Спадзяюся, што гэта будзе добрым сігналам” – Лукашэнка пра сустрэчу з дэпутатам Вярхоўнай рады Украіны Яўгенам Шаўчэнкам

Яўген Шаўчэнка і Аляксандр Лукашэнка

Яўген Шаўчэнка і Аляксандр Лукашэнка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што яго сустрэча з народным дэпутатам Вярхоўнай рады Украіны Яўгенам Шаўчэнкам стане добрым сігналам і будзе садзейнічаць развіццю адносін дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Прыемна з вамі сустрэцца. Аказваецца, ёсць яшчэ ва Украіне людзі, якія паважаюць Беларусь”, – прывітаў кіраўнік дзяржавы госця ў Палацы Незалежнасці.

“Не проста паважаюць, а любяць і цэняць. Для мяне вельмі вялікі гонар з вамі пазнаёміцца, я даўно марыў. Праўда, шчыра”, – адказаў Яўген Шаўчэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для яго таксама важна гэта сустрэча. “Па-першае, нагода пагаварыць пра беларуска-ўкраінскія адносіны. Мы, напэўна, мала гаворым апошнім часам наогул на гэту тэму. А калі гаворым, то не заўсёды пазітыўна. Ведаю, што адбываецца на маёй роднай Украіне. Вы ведаеце маё стаўленне да Украіны – не толькі як Прэзідэнта, але і маё асабістае стаўленне. Таму вельмі важна гэта наша сустрэча як такі добры сігнал. Я спадзяюся, што гэта будзе добрым сігналам, зыходзячы з таго, што я ведаю пра вас і вашу пазіцыю наконт беларуска-ўкраінскіх адносін і наогул адносна Беларусі”, – сказаў Прэзідэнт.

Па-другое, кіраўнік дзяржавы разлічвае, што гэта сустрэча стане добрым пачаткам супрацоўніцтва сапраўдных патрыётаў Украіны з Беларуссю. “Мы ніколі нічога не ўтойвалі ад украінскіх нашых сяброў, утойваць не маем намеру і ў далейшым, тым больш ад нашых сяброў. Можа, я думаў, што іх (колькасць. – Заўвага БЕЛТА) зменшылася, але наўрад ці. Напэўна, проста пра іх менш гавораць і яны, магчыма, менш гавораць апошнім часам. Але не думаю, што ў нас там менш сяброў”, – заўважыў беларускі лідар.

БЕЛТА



Кароткачасовыя дажджы чакаюцца ў Беларусі 21 красавіка

Фота з архіва

Фота з архіва

Кароткачасовыя дажджы і да 17 градусаў цяпла чакаецца ў Беларусі 21 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У сераду будзе воблачна з праясненнямі. Уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. У дзённы час месцамі прагназуюцца навальніцы. Вецер будзе няўстойлівы 4-9 м/с, пры навальніцах парывы да 14 м/с.

Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад нуля да плюс 6 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да плюс 11-17 градусаў.

БЕЛТА




Нас аб’ядноўвае вера: у Чарацянцы мірна жывуць людзi розных нацыянальнасцей – беларусы, рускія украінцы, армяне

Нас аб'ядноўвае вера: у Чарацянцы мірна жывуць людзi розных нацыянальнасцей - беларусы, рускія украінцы, армяне

Аграгарадок Чарацянка знаходзіцца на памежжы з Украінай і вядомы помнікам архітэктуры — старажытнай Успенскай царквой. Менавіта яна стала адным з цэнтраў прыцягнення людзей розных нацыянальнасцей, якія мірна жывуць у аграгарадку: беларусаў, рускіх, украінцаў, армян. Хто б не прыехаў у Чарацянку на пастаяннае месца жыхарства, заўсёды сустрэне тут спагаду і дабрыню, якой славяцца мясцовыя жыхары.

Знаёмства журналістаў “Маяка” са старажытным паселішчам таксама пачалося з наведвання храма, дзе нас ужо чакалі прыхаджанкі Ларыса Балмакова і Вера Бяляева. Яны і паведамілі гісторыю стварэння мясцовай знакамістасці:

— Першапачаткова на ўзгорку каля возера ў 1840-х гадах пабудавалі драўляную царкву, але ж неўзабаве падчас навальніцы яна згарэла — у яе трапіла маланка. Праз два дзесяцігоддзі на яе месцы разгарнулася вялікае будаўніцтва ўжо цаглянага храма з агароджай і капліцай. Толькі за чатыры гады было зрасходавана больш 11 тысяч царскіх рублёў. Па архіўных звестках вядома, што сродкі збіралі не толькі мясцовыя жыхары — асноўную суму ахвяравалі багатыя людзі, напрыклад, купцы і дваране Магілёўскай губерніі. А з Масквы нават прывезлі іканастас, званы на калакольню, фарбу і іншыя будаўнічыя матэрыялы на суму больш за 10 тысяч рублёў.

IMG_903397.JPG

IMG_915516.JPG

Новую царкву пабудавалі ў тыпічным для сярэдзіны XIX стагоддзя псеўдарускім стылі. Прыход быў даволі вялікім: больш за дзве тысячы прыхаджан, жыхароў некалькіх населеных пунктаў — Чарацянкі, Залесся, Будзішча, Пракопаўкі, Макаўя і часткі Маркавіч. Як зараз успамінаюць старажылы, нават на клірасах спявалі прыхаджане з розных вёсак, на адным, напрыклад, толькі з Займішча і Пракопаўкі…

У 1930-я гады вандалы сарвалі з купалоў храма крыжы, а падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы, пакідаючы Чарацянку, спецыяльна абстралялі яго з кулямётаў, аднак разбурыць так і не ўдалося. І вось ужо на працягу нескалькіх гадоў вядзецца рэканструкцыя чарацянскай царквы. Зроблена многае, а самае галоўнае — настаяцель Павел Харламаў звярнуўся да старажытнай традыцыі — роспісу абразоў у выглядзе фрэсак па сценах. Менавіта так напісана і храмавая ікона Божай Маці “Успенне”.

IMG_912212.JPG

IMG_913309.JPG

 

Дарэчы, у царкве прыхаджане маюць магчымасць памаліцца перад некалькімі дарагімі для іх абразамі — старажытнай намоленнай іконай “Успенне” і архістраціга Міхаіла, якую перадалі жыхары Маркавіч. Кіраўнік мясцовай установы культуры Ірына Смолікава дбайна захоўвае некалькі старых фотаздымкаў Успенскай царквы, зробленых у сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Пакуль прыхаджане расказвалі гісторыю храма, сюды завіталі школьнікі з Чарацянскага дзіцячага сада – базавай школы. Настаўнікі Таццяна Сяліцкая і Валянціна Герасіменка напярэдадні Благавешчання прывялі вучняў 3 і 4 класаў, каб расказаць ім пра гэта вялікае царкоўнае свята.

IMG_844964.JPG

— Наша ўстанова адукацыі цесна супраўцоўнічае з прыходам, — паведаміла Валянціна Рыгораўна. — Настаяцель храма Павел Харламаў расказвае дзецям пра святы, а таксама вучыць іх нормам хрысціянскага жыцця: быць шчырымі, добрымі, не рабіць шкоды, слухацца бацькоў.

IMG_893363.JPG

IMG_898332.JPG

IMG_907719.JPG

IMG_933003.JPG

IMG_894468.JPG

У сваю чаргу, настаўнікі і старшакласнікі дапамагаюць навесці парадак на тэрыторыі і ў храме, а перад вялікімі святамі наладжваюць тэатралізаваныя прадстаўленні, у тым ліку і лялечнага тэатра, якім кіруе Валянціна Герасіменка.

Дзеці часта бываюць у храме — разам з аднакласнікамі, альбо з бацькамі, як, напрыклад, Кіра Рудзянок. Дзяўчынка з татам Андрэем і матуляй Ганнай жыве ў Маркавічах. Сям’я нядаўна пераехала з Украіны і знайшла добры прытулак на гасціннай беларускай зямлі.

— Мне падабаецца бываць у гэтым храме, тут прыгожа, і адчуваеш сябе неяк па-іншаму. Больш за ўсё мне падабаецца знаходзіцца каля іконы Мікалая Цудатворцы — гэты святы добры і заўсёды дапамагае.

Дарэчы, чарацянская царква з’яўляецца месцам паломніцтва: некалькі гадоў таму сюды завіталі жыхары расійскага Бранска, якія вырашылі не толькі пакланіцца святыні, але ж і папрацаваць на яе карысць. На працягу трох дзён яны пражывалі ў сем’ях прыхаджан, наведвалі богаслужэнні і дапамагалі ў рэстаўрацыі храма.

IMG_844944.JPG

 

— Сюды прыязджаюць людзі з Беларусі, Расіі і Украіны: вера праваслаўная нас аб’ядноўвае, гэтак жа, як і агульная малітва за ўсіх жыхароў нашай любай краіны, — зазначыла ўраджэнка Глыбоцкага Ларыса Балмакова.

Настаўнікі запрасілі журналістаў наведаць музей установы адукацыі і азнаёміцца з гісторыяй аграгарадка Чарацянка.

IMG_905556.JPG

 

— На працягу доўгага часу мы дбайна збіраем і захоўваем любыя дакументы і даныя пра Чарацянку, — зазначыла кіраўнік музея Таццяна Сяліцкая. — Пачала пісаць “Летапіс вёскі Чарацянка” Наталля Філіпенка, перасяленка з чарнобыльскай зоны. Нейкі час яна працавала ва ўстанове адукацыі, а потым узначаліла сельвыканкам. Якраз у той час — 2005 год — Чарацянка і набыла статус аграгарадка.

Пра паходжанне назвы існуе некалькі версій. Згодна з адной з іх, каля паселішча працякала рака, і ў ёй затануў хлопец. Ягоная нявеста пракляла раку, і тая абмялела, зарасла чаротам і ператварылася ў возера. Пра гэтыя падзеі расказвалася ў песні, якую спявалі чарацянскія дзяўчаты. Яе тэкст калісьці запісаў вучань мясцовай школы Дзмітрый Кручко ад сваёй бабулі Лідзіі Паўлаўны, 1928 года нараджэння.

У Чарацянцы ёсць яшчэ адно месца, якое “адсылае” нас у старадаўнія часы: Ісайчыкава гара.

— Некалі тут жыла знахарка, бабка-павітуха. А імя Ісай азначае “дапамога Бога”. Усё гэта ўказвае на тое, што тут маглі адбывацца язычаскія абрады, бо непадалёк ад Чарацянкі знайшлі два гарадзішчы “Мішкі” і “Гарадзец” — паселішчы старажытных людзей, — зазначыла Таццяна Міхайлаўна.

Чарацянка паступова мянялася: у сярэдзіне мінулага стагоддзя шмат чаго для яе развіцця зрабіў старшыня мясцовага калгаса Мікалай Сімановіч: дзякуючы яму, у гаспадарцы быў пабудаваны мехдвор, жыллё не толькі для працаўнікоў сяльгаспрадпрыемства, але і спецыялістаў іншых сфер дзейнасці. Як успамінае зараз дырэктар школы Жана Дарошка, калі яна з мужам, таксама педагогам, па размеркаванні прыехалі ў Чарацянку, ім адразу ўручылі ключы ад дома, а на вуліцы яны ўбачылі фантан, ля якога грала музыка!

— Вось так тут сустракалі маладых спецыялістаў, ды і не толькі іх, — зазначыла Жана Дарошка. — Не дзіўна, што адну з вуліц назвалі імем чалавека, які шмат зрабіў для населенага пункта.

Калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у Чарацянцы з’явіліся тры новыя вуліцы, а карэнныя жыхары са спагадай аднесліся да тых, хто па волі лёсу страціў малую радзіму і павінен быў пачынаць жыццё на новым месцы. Гэтую ўласцівасць чарацянцаў — душэўны клопат і жаданне дапамагчы — адзначаюць усе, хто прыехаў сюды здалёк.

— Дапамагаць адзін аднаму — гэтаму вучыць вера праваслаўная, таму ў нашым храме можна сустрэць людзей розных нацыянальнасцей, аб’яднаных адзіным духам — хрысціянскай любові і падтрымкі, — зазначыла Таццяна Сяліцкая.

З цеплынёй у душы мы пакідалі гасцінную Чарацянку. Пасля наведвання храма, які аб’яднаў жыхароў Беларусі і нават замежных краін, і цікавага расказа пра гісторыю населенага пункта мы былі ўпэўнены: прынцыпы дабрыні і падтрымкі — той падмурак, на якім трымаецца жыццё старажытнага паселішча з маладой душой.

https://sozhnews.by




У мінулую суботу ў Гомельскім раёне адбыўся першы фальклорна-экалагічны фестываль “Грабаўская вяснянка”

У мінулую суботу ў Гомельскім раёне адбыўся першы фальклорна-экалагічны фестываль “Грабаўская вяснянка”

“Агу, вясна, агу, красна, а што ты нам прынесла?” — такія песні-заклічкі на розныя матывы гучалі ў мінулую суботу ў Гомельскім раёне: тут адбыўся першы фальклорна-экалагічны фестываль “Грабаўская вяснянка”, прымеркаваны да Году народнага адзінства.

Як зазначыла старшыня мясцовага сельвыканкама Наталля Кісялёва, адна з арганізатараў фестывалю, свята “Гуканне вясны” бытавала пераважна на Гомельшчыне, а ў Грабаўцы і навакольных вёсках абрадавыя дзеянні, хоць і мелі аднолькавы сэнс, усё ж адрозніваліся.

— Таму і вырашылі паказаць усю прывабнасць гэтай народнай традыцыі, — адзначыла Наталля Вадзімаўна. — Акрамя таго, Грабаўка вядома помнікам прыроды — тут захаваліся рэшткі панскай сядзібы, а ў школе шмат увагі надаецца экалагічнаму выхаванню вучняў.  

Традыцыйна гуканне вясны — справа жаночая, таму перад гасцямі фестывалю выступілі вучні ўстаноў адукацыі з Грабаўкі і Маркавіч, творчы калектыў выхавацеляў Пясочнабудскага ясляў-сада і аматарскае аб’яднанне “Сустрэча” Пясочнабудскай сельскай бібліятэкі. Яны прадставілі абрады заклікаў вясны, што бытавалі ў іх мясцовасці. Грабаўскія дзяўчынкі выклікалі захапленне прыгожым танцам-карагодам, а жанчыны з Пясочнай Буды прадэманстравалі, якія спевы бытавалі на іх малой радзіме.

77021-04-03_20-11-243.jpg

34666i.jpg

А вось як праводзілі абрад гукання вясны ў Маркавічах.

— У нас «вяснянкі» пачыналі спяваць толькі на Благавешчанне, якое адзначаецца 7 красавіка. Гэта — вялікае хрысціянскае свята, падчас яго забаранялася любая работа. Казалі, што ў гэты дзень «пціца гняздо не ўе, дзеўка косу не пляце», — расказаў адзін з арганізатараў фестывалю, ураджэнец Маркавіч Віктар Шыпкоў. — Жанчыны, дзяўчаты і дзеці ў гэты дзень беглі ў дуброву (зараз гэтае месца называецца Дуброўкі), заводзілі танок (танец-карагод) і пачыналі пець “вяснянкі”, клікаць птушак, абуджаць зямлю ад зімовага сну.

77021-04-03_20-11-04.jpg

721-04-03_20-11-273.jpg

Адну з такіх аўтэнтычных вяснянак і праспявалі дзяўчынкі з Маркавіч:

Зімавалі, не спявалі, вясну дажыдалі.

Вясна, вясна, мая вясна,

А што ж ты нам дый прынесла?

Старым бабам па кіёчку,

А дзевачкам па вяночку: гу-у-у!  

Нямала ўвагі прыцягнулі выставы Грабаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы — музея водараў і шпакоўняў, якія зрабілі вучні.

— Фальклорна-экалагічны фестываль “Грабаўская вяснянка” паказаў багацейшы пласт народнай культуры малой радзімы, таму з нецярпеннем будзем чакаць працягу, — зазначылі госці і ўдзельнікі свята народнай творчасці. — Нам ёсць што пераняць ад нашых продкаў і захаваць для нашчадкаў.

Ірына ГРАМЫКА.

https://sozhnews.by




Пра народныя звычаі свята Саракі паведалі удзельнікі калектыву “Зорачкі” у сваім тэатралізаваным прадстаўленні

Пра народныя звычаі свята Саракі паведалі удзельнікі калектыву “Зорачкі” у сваім тэатралізаваным прадстаўленні

На Саракі дзень з ноччу мераюцца, казалі ў народзе, і лічылі другой сустрэчай вясны. Першая была на Стрэчанне, а трэцяя адбывалася на Благавешчанне. 22 сакавіка гаспадыні пяклі пячэнне ў выглядзе птушак, частавалі ім дзяцей і пры гэтым казалі: “Жавароначкі прыляцелі, на галоўку дзецям селі”, а таксама крышылі яго для пярнатых жыхароў лясоў і палёў.

Пра гэтыя і іншыя народныя звычаі, звязаныя са святам Саракі, жыхары і госці Урыцкага даведаліся падчас тэатралізаванага прадстаўлення, якое падрыхтавалі юныя артысты, удзельнікі калектыву “Зорачкі” Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і вольнага часу.

88-22_12-25-52.jpg

Згодна царкоўнага календара, 22 сакавіка адзначаецца дзень памяці сарака воінаў Севасційскіх, якія прынялі мукі за веру ў Хрыста. У народзе свята называюць Саракі, Сорак Саракоў, жаваронкі, альбо сорак святых. Гэтая лічба мела асноўнае значэнне ў абрадавых дзеяннях.

— Прадвеснікамі вясны былі жаваронкі, аднак, па павер’ям, з цёплых краёў прыляталі 40 відаў птушак. На думку нашых продкаў, іх трэба было пачаставаць, таму на свята Саракі выпякалі не менш і не больш, як 40 пячэнняў у выглядзе птушак, — расказалі ўдзельнікі калектыву. — А каб вясна хутчэй прыходзіла, людзі ладзілі карагоды і танцы, напрыклад, “Юрачка”, прыгаворвалі заклічкі, напрыклад, “Жавароначкі, прыляціце” — так гукалі вясну.

Артысты запрасілі гледачоў таксама прыняць удзел у некаторых дзеяннях тэатралізаванай пастаноўкі: пагуляць у старажытную гульню “Выраі”, адгадаць загадкі пра птушак, альбо ўспомніць прыказкі пра свята Саракі. Сярод якіх ёсць і такія: “На Саракі пайшла зіма да ракі”, “На Саракі прыляцелі з-за мора птахі”, “На Саракі ў адзін дзень сорак маразоў”.

721-03-21_14-40-53.jpg

Узгадалі юныя аматары народнай творчасці і звычаі свята, якія бытавалі на тэрыторыі Гомельскага раёна. Напрыклад, жыхары Маркавіч у гэты дзень варажылі на трэсачках, дровах і плоце. А яшчэ ў гэтай вёсцы «гушкалі птушак»: на вялікую посцілку выкладвалі печыва ў выглядзе пярнатых. Усе браліся за краі, прыгаворвалі-запрашалі крылатых з выраю вярнуцца, і падкідвалі ўверх пячэнне. Фокус быў у тым, каб падкінуць яго як мага вышэй і пры гэтым не даць упасці на зямлю.

— Лічылася, што за два дні да Благавешчання павінны прыляцець буслы — сімвал чысціні, шчасця і сямейнага дабрабыту, — расказала Рыма Лянкова, мастацкі кіраўнік Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і вольнага часу. — Да 7 красавіка забаранялася капаць зямлю, бо, на думку селяніна, толькі пасля гэтага свята зямля абуджалася, і можна ўжо было пачынаць палявыя работы.

Птушкі вяртаюцца з выраю, значыць, вясна прыйшла! Яе надыходу таксама паспрыялі юныя артысты з Урыцкага, якія ўзгадалі старажытны аўтэнтычны абрад і далі іншым дакрануцца да багатай народнай спадчыны.

http://sozhnews.by




Майстры Гомельскага раёна займаюцца вырабам лялек з захаваннем народных традыцый

Майстры Гомельскага раёна займаюцца вырабам  лялек з захаваннем народных традыцый

Для гульні і ў якасці абярэгаў, матанкі і вязаныя, з тканіны і дрэва — нашыя лялькі мелі рознае прызначэнне. Дагэтуль майстры Гомельскага раёна займаюцца іх вырабам з захаваннем народных традыцый.

Жыхарка аграгарадка Мічурынская Наталля Сыбатава кручком і спіцамі валодае віртуозна: вязала прыгожае адзенне, аздабляла яго карункамі і кветкамі. Потым майстрыха вырашыла змяніць амплуа і пачала рабіць лялькі, а адзенне для іх часта выконвала ў народным стылі.

Яе работы, гэтаксама, як і вучаніц (у той час Наталля Міхайлаўна працавала ў Брылёўскай сярэдняй школе, вяла гурток “Фантазія”) былі адзначаны на высокім узроўні: заваявалі другое месца ў рэспубліканскім творчым конкурсе, а таксама двойчы былі ў ліку лепшых на абласным конкурсе “Рознакаляровая мазаіка”.

— Калі некалькі гадоў таму перайшла працаваць у дом культуры, часта ўдзельнічала ў падрыхтоўцы тэатралізацыі народных абрадаў — Масленіцы, Купалля і іншых. У той час я захапілася вязаннем лялек і вырашыла зрабіць іх не толькі ў народным стылі, але і стварыць тэматычныя кампазіцыі.

Так з’явілася вязаная работа “Сардэчна запрашаем”, потым — Купалле і нават Масленіца, дзе чучала вось-вось ахопіць полымя. Пакуль лялькі невялікія, але ж у планах майстрыхі звязаць іх у поўны рост у адзенні, якое б адпавядала ўсім нацыяльным традыцыям. Зараз Наталля Міхайлаўна часта вяжа лялькі для малых дзетак, так званыя сплюшкі, каб немаўлятка хутка супакоўвалася і добра заснула.

7770011.jpg

661-03-09_20-12-13.jpg

77021-03-09_20-12-14.jpg

— Для вязання лялек дзеткам я выкарыстоўваю самыя лепшыя ніткі, якія прызначаны для дзіцячай вопраткі, — дзеліцца майстрыха. — А вось для лялек у нацыянальным строі — толькі льняныя.

У нейкі час у Беларусі, як і на ўсёй пастсавецкай прасторы, вялікай папулярнасцю карысталіся лялькі Барбі.

Але ж пазней многія зноў вярнуліся да самабытных вытокаў. Некаторыя нават вырашылі рабіць лялькі, якія б выгадна адрозніваліся ад заморскай дзяўчыны: матэрыяламі, арыгінальным адзеннем у нацыянальным стылі, прыгажосцю і дабрынёй — карацей, усім, чым так славяцца беларусачкі!

— Наша лялька лепей Барбі! — упэўнена Наталля Сыбатава. — Бо яе можна зрабіць не проста для гульні , але і для засцярогі ад усяго ліхога!

http://sozhnews.by




Традыцыі Масленіцы: сонейка на патэльні збярэ ўсіх за сталом

Традыцыі Масленіцы: сонейка на патэльні збярэ ўсіх за сталом

Масленіца — найлепшы перыяд, каб наведаць родзічаў і сяброў, паласавацца блінамі, бо ў кожнай сям’і ёсць свае сакрэты прыгатавання сонейка на патэльні.

— Малако заліваю, муку засыпаю, дабаўляю алей, каб жылося весялей! Крышку солі, але не насолю, а каб жыццё было саладзей — цукру, — дзеліцца рэцэптам смачных бліноў жыхарка вёскі Зябраўка Таццяна Майсеенка. — Традыцыйна на Масленіцу за сталом збіраецца ўся наша вялікая сям’я: трэба ж папрасіць адзін у аднаго прабачэнння, ды пачаставацца любімай стравай з рознымі начынкамі!

DSC_216550.JPG

Таццяна Міхайлаўна часта пякла бліны ў печы, таму з ахвотай дзеліцца сакрэтамі, як прыгатаваць смачныя і пульхныя жоўценькія кружочкі “сонейка на патэльні”. І кожны раз, калі завіхаецца ля печы, успамінае сваю матулю Наталлю Іванаўну: вось тая была майстрыха бліны пекчы! Нагатуе на вялікую сям’ю танюсенькіх блінчыкаў — ажно на прасвет свецяцца — пакуль не з’ясі, за вушы ад такой смакаты не адцягнеш!

12a35458166e99234d_L.jpg

— Найлепшыя для бліноў — дубовыя дровы, — адзначыла ўвішная гаспадыня. — А начынка да іх любая падыдзе: і салодкая, і мясная, а то і шкварачка на патэльні, засмажаная са смятанай ды цыбуляй. Смаката!

http://sozhnews.by




На базе экалагічнага цэнтра і рыбалкі “Беладжыа” адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Масленіца”

На базе экалагічнага цэнтра і рыбалкі “Беладжыа” адбылося тэатралізаванае прадстаўленне "Масленіца"

Сёння на базе экалагічнага цэнтра і рыбалкі “Беладжыа” адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Масленіца”, якое падрыхтавалі работнікі цэнтра культуры Гомельскага раёна. Першымі з зімой развіталіся і сустрэлі вясну навучэнцы і педагогі Урыцкай сярэдняй школы.

Апошні тыдзень перад пачаткам Вялікага паста праходзіць шырокая Масленіца, калі людзі пакрысе адмаўляюцца ад мясных прадуктаў і аддаюць перавагу малочным стравам. А вось у народнай традыцыі Масленіца больш вядома як перыяд развітання з зімою і гукання вясны. Таму і атрыбуты свята — чучала, якое спальвалі, і бліны — тоўсценькія для мачанкі альбо танюсенькія карункавыя, якія найбольш смачныя з салодкімі начынкамі.

IMG_3444346.jpg

IMG_366528.jpg

IMG_344555.jpg

Аб усім гэтым расказалі Зіма, Баба Яга, скамарохі, Ямеля і, канечне, Вясна з Масленіцай — галоўныя героі тэатралізаванага прадстаўлення:

— Дарэчы, кожны дзень масленічнага тыдня мае сваю назву. Напрыклад, серада — ласун (па-руску — лакомка), чацвер —разгуляй, бо пачыналіся самыя вясёлыя забавы і гульні. А нядзеля атрымала назву Дараванай, бо ў гэты дзень людзі прасілі дараваць крыўды і не трымаць на іх зла.

IMG_335592.jpg

IMG_355523.jpg

IMG_3555463.jpg

IMG_344591.jpg

IMG_3444367.jpg

IMG_355409.jpg

IMG_354566.jpg

IMG_355551.jpg

IMG_3666321.jpg

IMG_344559.jpg

Масленіца — найлепшы перыяд, каб наведаць родзічаў і сяброў, ды паласавацца блінамі, бо ў кожнай сям’і ёсць свае сакрэты прыгатавання сонейка на патэльні.

— Малако лею, муку засыпаю, дабаўляю алей, каб жылось весялей. Крышку солі, але не насолю, і каб жыццё было саладзей — цукру, — дзеліцца рэцэптам смачных бліноў жыхарка вёскі Зябраўка Таццяна Майсеенка. — Традыцыйна на Масленіцу за сталом збіраецца ўся наша вялікая сям’я: трэба ж папрасіць адзін у аднаго прабачэнння, ды пачаставацца любімай стравай з рознымі начынкамі.

А яшчэ бліны — самы што ні на ёсць народны фастфуд: іх можна хутка прыгатаваць, і духмяныя жоўценькія кругляшы зручна есці нават на вуліцы і абавязковы атрыбут народных гулянняў. Работнікі культуры падрыхтавалі для жыхароў Гомельскага раёна нямала цікавых мерапрыемстваў падчас Масленіцы.

Так, у нядзелю, 14 сакавіка, жыхароў і гасцей Новай Гуты запрашаюць на народнае гулянне, прысвечанае развітанню з зімою і сустрэчы вясны. Тут будзе усё: гульні, песні з танцамі, і, канешне, бліны…

IMG_34244411.jpg

IMG_345536.jpg

IMG_345543.jpg

IMG_335596.jpg

http://sozhnews.by