Чонкі: старажытны пасёлак з маладой душой

Славіцца наша зямля прыгожымі краявідамі, помнікамі гісторыі і архітэктуры. У кожнага населенага пункта — свая асаблівая атмасфера. Журналіст “Маяка” працягвае цікавыя падарожжы па Гомельскаму раёну. На гэты раз завітала ў старажытны пасёлак Чонкі, дзе пра гісторыю і знакамітых землякоў расказала Марыя Вакарчук.

Марыя Іванаўна прыехала ў Чонкі больш за 40 гадоў таму, працавала ў мясцовым калгасе бухгалтарам, потым ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Гомельскага раёна. Зараз жанчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку і ўзначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю сельсавета.

— Я адразу палюбіла гэты старажытны край з яго багатай і цікавай гісторыяй, таямніцамі і легендамі, — пачала Марыя Вакарчук. — Кожнаму, хто наведвае наш пасёлак, хочацца паказаць і расказаць шмат цікавага.

Першапачаткова паселішча Чонкі было вядома ў XVII стагоддзі, як месца, куды збеглі стараверы ад Ніканаўскай царкоўнай рэформы. Нават дагэтуль тут жывуць іх нашчадкі і захоўваюць гісторыю свайго роду.

— Аднак пасля падзелу Рэчы Паcпалітай Гомельскі край і Чонкі ў тым ліку ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, што значна паўплывала як на духоўнае жыццё вяскоўцаў, так і на накірунак развіцця паселішча ў цэлым, — расказвае Марыя Вакарчук.

Выгаднае месцазнаходжанне — на самым беразе Сожа — паўплывала на будучы лёс населенага пункта: у першыя ж гады савецкай улады тут адкрылі дом адпачынку для працоўных і сялян (зараз гэта санаторый “Чонкі”).

6d5c6d5c6a5dsc_1.JPG

— Зараз пасёлак славіцца санаторыямі, куды многія прыязджаюць з-за мяжы, — працягвае Марыя Вакарчук. — І часта госці Гомельшчыны чуюць гісторыі пра таемны манастырскі скарб, які знайшлі пры будаўніцтве санаторыя “Машынабудаўнік” ААТ “Гомсельмаш”. Сапраўды, на месцы прыгожага першага корпуса здраўніцы калісьці размяшчаўся жаночы манастыр. Зараз у Чонках таксама дзейнічае храм, але ўжо ў іншым месцы.

Марыя Іванаўна запрашае нас прайсці па набярэжнай Сожа — адной са славутасцяў Чонак. Па яе словах, мясцовыя жыхары клапоцяцца пра тое, каб гэты куточак быў дагледжаны і радаваў вяскоўцаў і шматлікіх гасцей пасёлка.

— Прыемна, што Чонкі маюць добрыя дэмаграфічныя перспектывы: на беразе Сожа ўзнік мікрараён, і будаўніцтва новых дамоў працягваецца. Некалькі гадоў таму быў пабудаваны і мікрараён пяціпавярховых дамоў насупраць вёскі Сеўрукі, — працягвае мясцовая жыхарка.

Таму можна ўбачыць і старыя драўляныя будынкі ў гістарычным цэнтры Чонак, і прыгожыя сучасныя індывідуальныя пабудовы, гаспадары якіх дбаюць пра ўпрыгажэнне і добраўпарадкаванне, таму іх падворкі ўжо сталі мясцовай славутасцю.

6d5c6d5c6a5dsc_4.JPG

6d5c6d5c6a5dsc_3.JPG

— Чонкі — малая радзіма Героя Савецкага Саюза Івана Зайцава, — працягвае Марыя Іванаўна і запрашае нас наведаць вуліцу, якая носіць імя славутага байца. — Дагэтуль захаваўся дом, дзе ён нарадзіўся, тут пражываюць яго родзічы. На жаль, Іван Зайцаў загінуў зусім маладым, таму дзяцей у яго не было…

6d5c6d5c6a5dsc_2.JPG

Марыя Вакарчук таксама адзначае, што ў Чонках у першыя дні вайны пачала работу школа па падрыхтоўцы дыверсантаў. І зараз на тэрыторыі санаторыя “Чонкі”, дзе яна размяшчалася, устаноўлены памятны знак Іллі Старынаву, кіраўніку гэтай вучэбнай установы, якога Гітлер лічыў сваім асабістым ворагам.

— У гэтых мясцінах у 1943 годзе праходзілі вельмі жорсткія баі, — расказвае Марыя Іванаўна. — Пасля вызвалення Гомельшчыны ў адной брацкай магіле былі пахаваны сотні чырвонаармейцаў.

І праз дзесяцігоддзі іх родныя наведваюць мемарыяльны комплекс, каб аддаць даніну памяці героям. А ў дзяржаўныя святы і ў Дзень Перамогі тут адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы, на якія збіраюцца не толькі мясцовыя жыхары, а і адпачываючыя ў санаторыях грамадзяне іншых краін.

— Чонкі — адно з прыгажэйшых мясцін Гомельскага раёна. Таму запрашаю наведацца сюды, каб адпачыць душой і атрымаць зарад бадзёрасці. А мясцовыя жыхары будуць рады расказаць шмат цікавага пра сваю малую радзіму.

Ірына ГРАМЫКА. Фота Дар’і КАЙМОВІЧ

https://sozhnews.by