Дажджы і навальніцы чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя

Фота з архіва

Фота з архіва

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў выхадныя месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Паводле даных сіноптыкаў, пад уплывам субтрапічнага паветра ў краіне ўсталявалася вельмі цёплае надвор’е. 10 чэрвеня ў разгар дня тэмпература паветра склала плюс 26-34 градусы, у Мінску было 32 градусы цяпла. На некаторых метэастанцыях, у тым ліку ў сталіцы, быў перавышаны рэкорд дня. Да гэтага ў Мінску рэкордна цёплым быў дзень 10 чэрвеня ў 1996 годзе, тады паветра прагрэлася да 30 градусаў. Такі тэмпературны фон на 5-10 градусаў перавышае кліматычную норму.

У пятніцу, 12 чэрвеня, умовы надвор’я прадоўжыць вызначаць няўстойлівае субтрапічнае паветра. Чакаецца пераменная воблачнасць. Ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі прагназуецца слабы туман. Вецер будзе усходні, паўночна-ўсходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу плюс 15-21 градус, днём – 28-34 градусы, па поўначы краіны дзённая тэмпература паветра будзе 24-27 градусаў цяпла.

“Але сітуацыя ў атмасферы пачынае змяняцца. Над Скандынаўскім паўвостравам набірае сілу халодны антыцыклон “Томас”. Адцясняючы на поўдзень анамальна цёплае паветра, ён прынясе паслабленне гарачыні і аднаўленне чэрвеньскага тэмпературнага рэжыму ў краіне”, – паведамілі сіноптыкі. Так, у суботу, 13 чэрвеня, тэмпература паветра ноччу будзе плюс 15-21 градус, па поўначы – 13-14 градусаў. Днём паветра прагрэецца да 19-26 градусаў, у паўднёвых раёнах – да плюс 27-30 градусаў. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Вецер будзе паўночна-ўсходні ўмераны, днём парывісты.

У нядзелю, 14 чэрвеня, прахалода будзе прабівацца далей на поўдзень. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны будзе плюс 11-17 градусаў, у дзённыя – 16-23 градусы. Па паўднёвым усходзе ноччу чакаецца 18-19 градусаў цяпла, днём у гэтым рэгіёне паветра прагрэецца да 24-27 градусаў. Ноччу месцамі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Вецер прагназуецца паўночна-ўсходні, усходні парывісты.

“У пачатку наступнага тыдня паўночна-ўсходні вецер зменіць паўднёва-заходні, і тэмпература зноў пачне павышацца”, – паведамілі ў Гідрамеце. У панядзелак, 15 чэрвеня, чакаецца пераменная воблачнасць. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у дзённыя гадзіны ў асобных раёнах чакаюцца навальніцы. Тэмпература паветра ноччу будзе 11-18 градусаў, днём чакаецца 20-26 градусаў цяпла. У паўднёва-ўсходніх раёнах паветра ў дзённыя гадзіны прагрэецца да 27-29 градусаў.

БЕЛТА