Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу
![](https://blr.belta.by/images/storage/news/with_archive/2020/000019_1594030007_89184_big.jpg)
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Палацы Незалежнасці ўручыў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
![](https://blr.belta.by/uploads/lotus/news/2020/000019_F9877A1930A798F44325859D0033E277_519785.jpg)
![](https://blr.belta.by/uploads/lotus/news/2020/000019_F9877A1930A798F44325859D0033E277_828287.jpg)
![](https://blr.belta.by/uploads/lotus/news/2020/000019_F9877A1930A798F44325859D0033E277_847665.jpg)
Пагоны генерал-маёра ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Віктар Гулевіч, намеснік міністра ўнутраных спраў – камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Назаранка, начальнік упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Дзмітрый Равуцкі, начальнік упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці Алег Сталярчук і начальнік Інстытута пагранічнай службы Сяргей Жылінскі.
![](https://blr.belta.by/uploads/lotus/news/2020/000019_F9877A1930A798F44325859D0033E277_900985.jpg)
![](https://blr.belta.by/uploads/lotus/news/2020/000019_F9877A1930A798F44325859D0033E277_16891.jpg)
Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў пагоны генерал-маёра юстыцыі начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Алегу Шандаровічу. Начальніку Гомельскай мытні Феліксу Яшкову было прысвоена званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі камандзіраў такога ўзроўню няшмат і атрыманне генеральскага звання з’яўляецца публічным прызнаннем заслуг чалавека, які выбраў сваім лёсам цяжкую прафесію – абараняць Радзіму.
![](https://blr.belta.by/uploads/lotus/news/2020/000019_F9877A1930A798F44325859D0033E277_46230.jpg)
У Палацы Незалежнасці ўшаноўвалі і выпускнікоў, якія скончылі ваенныя навучальныя ўстановы з выдатнымі паказчыкамі ў вучобе. Кіраўнік дзяржавы ўручыў ім спецыяльныя лісты аб аб’яўленні Падзякі Прэзідэнта. Ён павіншаваў ваеннаслужачых з заканчэннем вучобы, адзначыўшы, што гэта падзея значная не толькі для кожнага з іх, але і для органаў ваеннага кіравання, воінскіх часцей і фарміраванняў сілавых структур. “Да іх прыйшло новае, добра падрыхтаванае, вопытнае афіцэрскае папаўненне”, – растлумачыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, сімвалічна, што дыпломы афіцэры атрымалі ў год святкавання вялікай гістарычнай даты – 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, кіраўнік дзяржавы актуалізаваў задачы, якія стаяць перад ваеннымі і праваахоўнікамі. Ён адзначыў, што Беларусь вымушана ўдзяляць пільную ўвагу забеспячэнню ўласнай ваеннай бяспекі, і важнейшая роля ў гэтым адводзіцца Узброеным Сілам. “Мы аснашчаем войскі новымі і мадэрнізаванымі танкамі, сродкамі сувязі і радыёэлектроннай барацьбы, радыёлакацыйнымі станцыямі, пастаянна абнаўляем парк авіяцыйнай тэхнікі. Цяпер і прысутным тут афіцэрам Узброеных Сіл трэба будзе актыўна ўключыцца ў работу па падтрыманні пастаяннай баявой гатоўнасці часцей і воінскіх злучэнняў”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
![](https://blr.belta.by/uploads/lotus/news/2020/000019_F9877A1930A798F44325859D0033E277_371641.jpg)
Галоўная задача супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – забеспячэнне грамадскага парадку ў краіне і бяспекі грамадзян, падкрэсліў Прэзідэнт. У ліку прыярытэтаў у дзейнасці праваахоўнікаў ён назваў процідзеянне наркаманіі, карупцыі, узмацненне барацьбы з крадзяжамі і злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій.
“Службы, падраздзяленні і органы кіравання Міністэрства па надзвычайных сітуацыях павінны яшчэ больш працаваць на папярэджанне і ліквідацыю інцыдэнтаў і аварый. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на бяспечную эксплуатацыю атамнай станцыі”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Выпускнікам-пагранічнікам трэба забяспечыць ахову дзяржаўнай граніцы. Адна з асноўных задач спецслужбаў – нейтралізацыя элементаў тэрарызму, экстрэмізму, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, прадухіленне спроб нанясення ўрону эканоміцы, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
“Кожны з вас дасведчаны, усебакова падрыхтаваны афіцэр-прафесіянал, патрыёт, які прысвяціў жыццё бескарысліваму служэнню краіне і народу. Перакананы, што вы зможаце належным чынам абараніць нашу Айчыну, грамадзян і грамадскую стабільнасць. Памятайце, што вы з’яўляецеся нашчадкамі пераможных традыцый нашых дзядоў і прадзедаў”, – падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў цяперашніх удзельнікаў цырымоніі – наваспечаных генералаў і афіцэраў, якія вызначыліся ў вучобе, – яшчэ ўсё наперадзе. “Я, уручаючы падзякі і генеральскія пагоны, думаў аб начальніках, камандзірах, якія дасягнулі такіх вышынь і стаяць насупраць вас, спрабаваў зразумець, аб чым думаюць яны. У нейкай ступені яны, вядома, ганарацца, што сталі генераламі і займаюць такія пасады, але, напэўна, самае галоўнае, яны вам зайздросцяць. Зайздросцяць таму, што ў вас яшчэ ўсё наперадзе”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён пажадаў удзельнікам цырымоніі моцнага здароўя і надзейных тылоў – для афіцэраў гэта вельмі важна, сказаў Прэзідэнт. “І не пасаромце нідзе ў сваім жыцці свайго імя, а галоўнае – афіцэрскага звання. Вы – афіцэры, генералы, і гэта сведчыць аб многім”, – рэзюмаваў беларускі лідар.
БЕЛТА