Маразы да -25°С чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя

Фота з архіва

Фота з архіва

Маразы да 25 градусаў чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

“Сёння на паўднёвыя раёны Беларусі выйшаў цыклон, які атрымаў у нямецкіх сіноптыкаў імя “Зігберт”, ён прынёс у нашу краіну новую порцыю ападкаў. Па меры перамяшчэння цыклону ва ўсходнім напрамку ў нашу краіну пачне паступаць халодная няўстойлівая паветраная маса з паўночнага захаду. Тэмпературны фон пачне паніжацца ўжо сёння вечарам, прадоўжыцца пахаладанне і ў бліжэйшыя суткі”, – расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 5 лютага, будзе воблачна з праясненнямі. У многіх раёнах пройдзе невялікі снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, заходні ўмераны, ноччу парывісты, па паўднёвым усходзе месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 11-17 градусаў марозу, у паўднёвых раёнах – мінус 8-10. Днём будзе 4-10 градусаў ніжэй за нуль.

У выхадныя чакаецца далейшае ўзмацненне маразоў. У суботу, 6 лютага, ноччу і раніцай месцамі па краіне пройдзе невялікі кароткачасовы снег, днём будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, паўночны ўмераны. Тэмпература паветра ноччу складзе 13-18 градусаў марозу, месцамі – да мінус 20, па поўдні – мінус 10-12. Днём будзе 7-14 градусаў ніжэй за нуль.

У нядзелю, 7 лютага, будзе пераважна без ападкаў, толькі днём месцамі па Брэсцкай вобласці пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца няўстойлівы ўмераны, днём у паўднёва-заходніх раёнах парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 15-22 градусы марозу, месцамі – мінус 23-25. Днём будзе 7-14 градусаў ніжэй за нуль.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня захаваецца марознае надвор’е.

БЕЛТА