Па новай праграме “Сямейны капітал” больш за 18,5 тыс. шматдзетных сем’яў адкрылі дэпазіты

8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для шматдзетных сем’яў на 1 ліпеня 2021 года адкрыта 100 930 дэпазітных рахункаў “Сямейны капітал”, з якіх па праграме 2020-2024 гадоў – 18 518, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Па праграме “Сямейны капітал” 2015-2019 гадоў для шматдзетных сем’яў адкрыта 82 412 дэпазітных рахункаў на суму $824,1 млн. Памер назначанай у мінулую пяцігодку сумы складаў $10 тыс. для шматдзетных сем’яў, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нарадзілася (усыноўлена, удачарона) у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года ўключна. Звярнуцца па назначэнне сямейнага капіталу можна было па 30 чэрвеня 2020 года ўключна – не пазней за шэсць месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга дзіцяці або наступных дзяцей.

Па праграме 2020-2024 гадоў для шматдзетных сем’яў адкрыта 18 518 дэпазітных рахункаў на суму Br421,7 млн. У новай пяцігодцы сямейны капітал назначаецца шматдзетным сем’ям, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нарадзілася (усыноўлена, удачарона) з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года ўключна. У 2020 годзе памер сямейнага капіталу складаў Br22,5 тыс., а з 1 студзеня 2021 года – Br23 737,5.

“На 1 ліпеня гэтага года на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пададзена 38 532 заявы. З іх на паляпшэнне жыллёвых умоў – 34 391 (89 працэнтаў), на атрыманне адукацыі – 1779 (5 працэнтаў), на атрыманне медыцынскіх паслуг – 2362 (6 працэнтаў). Прынята 36 430 рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу”, – адзначылі ў Мінпрацы.

Больш за ўсё рашэнняў аб размарозцы сямейнага капіталу прынята ў Брэсцкай вобласці – 7783, следам ідуць Мінская – 6117, Гомельская вобласць – 5847, Мінск – 5057, Гродзенская вобласць – 4253, Магілёўская – 3753. Менш за ўсё такіх рашэнняў прынята ў Віцебскай вобласці – 3620.-0-