Піянераў запрашаюць да ўдзелу ў новым анлайн-праекце “Пазнай Беларусь”
![](https://blr.belta.by/images/storage/news/with_archive/2020/000022_1602071178_92442_big.jpg)
Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя 20 кастрычніка дае старт новаму анлайн-праекту “Пазнай Беларусь”, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Цэнтральнага савета БРПА Аляксандра Ганчарова.
“Удзельнікамі праекта стануць піянеры і акцябраты ва ўзросце 7-14 гадоў. Юнакоў і дзяўчат чакае 6 месяцаў паглыблення ў гісторыю, традыцыі, прыроду Беларусі і многае іншае. Яны паспрабуюць прыгатаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні, пашыць сваімі рукамі нацыянальную цацку, падзеляцца незвычайнымі традыцыямі роднага краю”, – расказала Аляксандра Ганчарова.
Выканаўшы заданні, піянеры павінны будуць выкладваць фота і відэасправаздачы на сваіх старонках у сацыяльных сетках з адзіным хэштэгам праекта #познайБеларусь. “Пераможцаў і прызёраў конкурсу чакаюць незвычайныя прызы і дыпломы ад Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі”, – дадала старшыня ЦС БРПА.
Больш падрабязна азнаёміцца з умовамі ўдзелу ў праекце і прайсці рэгістрацыю можна на сайце арганізацыі.
БЕЛТА