Удзельнікаў і балельшчыкаў ІІ Гульняў краін СНД запрашаюць у Брэсцкай вобласці на каларытныя фэсты

17 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэст у час ІІ Гульняў краін СНД прыме спаборніцтвы па гандболе і плаванні. Удзельнікаў спаборніцтваў і балельшчыкаў запрашаюць наведаць у Брэсцкай вобласці цікавыя турыстычныя мясціны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама.

“Тураператары падрыхтавалі турыстычныя пакеты на 1-2 дні для ўдзельнікаў і гасцей Гульняў краін СНД з наведваннем знакавых мясцін Брэсцкай вобласці. Прапануецца пабываць у Белавежскай пушчы, Брэсцкай крэпасці-героі і яе музеі V форт, Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў, мемарыяльным комплексе “Хаваншчына”, музеі касманаўтыкі ў Тамашоўцы. Таксама будзе магчымасць пабываць на падзейных мерапрыемствах, якія будуць праводзіцца ў час Гульняў у Брэсце і яго наваколлях”, – расказалі ва ўпраўленні спорту і турызму.

Напрыклад, гасцям прапануюць далучыцца да фестывалю традыцыйнай беларускай кухні “Скокаўскія спасоўкі”, які пройдзе побач з музеем-сядзібай Нямцэвічаў у Брэсцкім раёне. Сваёй непаўторнай атмасферай славіцца экалагічны фестываль “Спораўскія сенакосы” ў Бярозаўскім раёне. У рэкламе не мае патрэбы міжнародны фестываль фальклору “Мотальскія прысмакі” ў Іванаўскім раёне. Гастранамічны і экалагічны фестываль “Палескі ўюн” у Пінскім раёне толькі набірае папулярнасць, у гэтым жніўні яго правядуць другі раз.

У Брэсцкай вобласці апошнім часам з’яўляецца больш экамаршрутаў. У прыватнасці, адзін з іх праходзіць па Бярозаўскім раёне з наведваннем заказніка “Спораўскі”, дзе можна сплавіцца на байдарках, пагуляць па экалагічнай сцяжыне, паназіраць за чырванакніжнай вяртлявай чарацянкай, паспрабаваць свае сілы ў вяровачным гарадку. У аграсядзібе Стрыгінь гасцям прапануюць наведаць кантактны заапарк, прадэгуставаць дамашнія сыры і стравы беларускай нацыянальнай кухні. У вёсцы Высокае турыстаў навучаць народнаму абрадаваму танцу “спораўская полька” і пачастуюць запечаным у саломе карасём. Абедзве традыцыі ўнесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

“У Брэсце асаблівай папулярнасцю карыстаюцца турыстычныя маршруты па пешаходнай вуліцы Савецкай, старых дворыках, алеі ліхтароў, а таксама экскурсія “Брэсцкая крэпасць без манументаў”. Дарэчы, навучэнцы сярэдняй школы нумар 20 Брэста распрацавалі аўдыягід па горадзе, які размешчаны на платформе izi.travel. Цяпер адкрыты тры пешаходныя маршруты: па вуліцах Савецкай, Леніна і Гогаля”, – звярнулі ўвагу ва ўпраўленні спорту і турызму. Юнакі і дзяўчаты падышлі да стварэння аўдыягіда прафесійна. Ён падыдзе аматарам прагуляцца па горадзе без экскурсавода.

У Пінску нядаўна адкрылі музей “Сцежкамі яўрэйскай гісторыі”. Баранавічы вядомы заалагічным паркам “Дзіпрыз”. Акрамя гэтага, у Брэсцкай вобласці нямала ўнікальных мясцін, звязаных з імёнамі выдатных людзей. Сярод іх – Леў Сапега, Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Напалеон Орда, Менахем Бегін, Пётр Клімук.

“Створаны выдатныя ўмовы для аматараў адпачынку ў сельскай мясцовасці. У Брэсцкай вобласці турыстаў прымаюць 219 аграсядзіб з рознымі варыянтамі адпачынку – ад аўтэнтычна-вясковага да камфартабельнага. Нашы санаторыі прыемна здзіўляюць прывабнымі суадносінамі цаны і якасці, прапануюць, акрамя аздараўлення з сучаснай лячэбнай базай, актыўны адпачынак і добрую кухню”, – дадалі ва ўпраўленні спорту і турызму.

https://blr.belta.by