Урад разгледзеў сітуацыю на рынку працы

Фота з архіва

Фота з архіва

На пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў разгледжана пытанне аб стане рынку працы і прымаемых мерах па захаванні працоўных калектываў і забеспячэнні выплаты заработнай платы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

Як адзначыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, у цяперашніх умовах функцыянавання эканомікі гэта адно з найважнейшых пытанняў, якія знаходзяцца ў полі зроку ўрада па даручэнні Прэзідэнта. “Каб не дапусціць разбалансіроўкі рынку, масавага вызвалення людзей ва ўмовах зніжэння вытворчасці, скарачэння аб’ёму паслуг з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце, Прэзідэнт і ўрад прынялі неабходныя рашэнні. Створаны інструменты і вызначаны крыніцы падтрымкі прадпрыемстваў і бізнесу, якія істотна пацярпелі ад пандэміі COVID-19”, – падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

У сваім дакладзе міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч адзначыла, што па даручэнні Прэзідэнта вядзецца маніторынг арганізацый па выкананні працоўнага заканадаўства пры звальненні работнікаў. Аператыўныя даныя сведчаць аб адсутнасці масавых грубых парушэнняў. Разам з тым пачынаючы з красавіка назіраецца рост страт рабочага часу. У маі бягучага года ў параўнанні з маем мінулага года павялічылася колькасць работнікаў, якія працавалі няпоўны рабочы час, якія знаходзіліся ў водпусках па ініцыятыве наймальнікаў і ў прастоі.

“Гэта вымушаная рэакцыя арганізацый у перыяд разрыву лагістычных і вытворчых ланцужкоў з-за пандэміі. Прымяненне розных рэжымаў занятасці дае магчымасць захаваць за кожным чалавекам працоўнае месца, хоць і з пэўным зніжэннем іх даходаў”, – рэзюмавала міністр.

Кіраўнік дзяржавы для захавання працоўных калектываў і забеспячэння работнікаў дзяржаўнай гарантыяй – мінімальнай заработнай платай – 28 мая падпісаў указы нумар 178 і нумар 179, накіраваныя на падтрымку работнікаў арганізацый рэальнага сектара і бюджэтнай сферы, якія па аб’ектыўных прычынах вымушаны працаваць няпоўны рабочы час або ў рэжыме прастою.

Арганізацыі актыўна кансультуюцца па пытаннях прымянення ўказа нумар 178. Па стане на 22 чэрвеня атрымалі кансультацыі больш за 420 наймальнікаў. 44 арганізацыі падалі ўжо заяву на атрыманне падтрымкі, па 14 з іх выканкамы прынялі рашэнні: дзевяці ў бліжэйшы час пералічаць запытаныя сумы, і арганізацыі аператыўна забяспечаць выплату даплат сваім работнікам. Пяці арганізацыям адмоўлена ў прадастаўленні субсідыі па аб’ектыўных прычынах.

Прэм’ер-міністр даручыў кіраўнікам мясцовых органаў улады актыўна ўзаемадзейнічаць з арганізацыямі, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, па растлумачэнні прадастаўленых магчымасцей і механізмаў атрымання падтрымкі.

Ірына Касцевіч, у сваю чаргу, паведаміла, што згодна з п.2 указа нумар 178 больш як 5 тыс. грамадзян ужо атрымалі дадатковую матэрыяльную падтрымку праз дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу.

Ва ўрадзе таксама абмеркавалі пытанні своечасовасці выплаты заработнай платы. Адзначана, што кожны негатыўны факт, звязаны з нясвоечасовай выплатай зарплаты, знаходзіцца на кантролі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы. За пяць месяцаў прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу 838 арганізацый і 800 службовых асоб.

Па выніках пасяджэння прэм’ер-міністр даў канкрэтныя даручэнні па падтрыманні стабільнай сітуацыі на рынку працы, недапушчэнні выпадкаў нявыплаты заработнай платы.

БЕЛТА