Заяўкі на рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў прымаюцца да 30 верасня

Дадзены старт XI штогадоваму Рэспубліканскаму конкурсу інавацыйных праектаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” Наталля Сталпінская.

Конкурс праводзіцца ў мэтах стымулявання рэалізацыі перспектыўных інавацыйных праектаў, садзейнічання ў пошуку інвестыцыйнай падтрымкі, стварэння сістэмы па выяўленні маладых, таленавітых спецыялістаў, камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак. У час конкурсу разглядаюцца інавацыйныя праекты з прапрацаванай стратэгіяй камерцыялізацыі.

Акрамя таго, яны павінны адпавядаць прыярытэтным напрамкам навукова-тэхнічнай дзейнасці краіны і быць сацыяльна значнымі.

Конкурс праводзіцца па дзвюх намінацыях “Лепшы інавацыйны праект” і “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект”. Удзельнікамі конкурсу ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” могуць быць юрыдычныя і фізічныя асобы, у намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект” – фізічныя асобы, узрост якіх не перавышае 35 гадоў. Пры гэтым удзельнікі конкурсу самастойна выбіраюць, да якой намінацыі адносіцца прадстаўлены імі інавацыйны праект.

“Па выніках разгляду і абароны інавацыйных праектаў савет конкурсу вызначае пераможцаў і прызёраў конкурсу. У кожнай намінацыі ўстанаўліваюцца адзін пераможца і пяць прызёраў, з іх два ўдзельнікі, якія занялі другое месца, і тры – трэцяе месца. Пераможцам і прызёрам конкурсу ўручаюцца дыпломы і прэміі: за першае месца – 86 БВ, за другое – 57, за трэцяе – 29. Сярод пераможцаў і прызёраў савет конкурсу адбірае праекты для далейшай камерцыялізацыі іх вынікаў, яны атрымаюць сертыфікат на атрыманне грашовых сродкаў у памеры 571 БВ. Таксама 10 пераможцаў інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” па выніках 2019 года атрымаюць фінансаванне на напісанне бізнес-планаў”, – расказала Наталля Сталпінская.

Паводле яе слоў, для падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу да разгляду і абароны інавацыйных праектаў будзе праведзены семінар-трэнінг з прыцягненнем вядучых беларускіх спецыялістаў па інавацыйнай і венчурнай дзейнасці і бізнес-планаванні.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна прайсці абавязковую рэгістрацыю на сайце конкурсу, запоўніўшы ўстаноўленыя арганізатарамі формы (заяўку, пашпарт і бізнес-план інавацыйнага праекта), і накіраваць у друкаваным выглядзе камплект конкурсных дакументаў на адрас Беларускага інавацыйнага фонду (220012, Мінск, вул. Талбухіна, д. 2, офіс 217). Палажэнне аб рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў, формы конкурснай дакументацыі можна знайсці на сайце конкурсу. Тэрмін падачы дакументаў – не пазней за 30 верасня.

Арганізатарамі конкурсу выступае Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне конкурсу ажыццяўляе Беларускі інавацыйны фонд.

БЕЛТА