Прадстаўнікі Улукаўскай спецыяльнай школы-інтэрната бліскуча выступілі на фестывапе “Вясёлкавы карагод”

Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” праходзіць раз у тры гады і аб’ядноўвае на сваіх пляцоўках дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей-сірот, якія захапляюцца рознымі відамі творчасці. Сёлета на прэстыжным творчым спаборніцтве бліскуча выступілі прадстаўнікі Улукаўскай спецыяльнай школы-інтэрната.

У гэтым годзе ўдзельнікамі фестывалю сталі больш за 230 дзяцей. У конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці работы прадставілі выхаванцы 17 устаноў адукацыі і цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У гала-канцэрце прынялі ўдзел 27 творчых калектываў.

Выхаванцы і педагогі Улукаўскай спецыяльнай школы-інтэрната ўжо не аднойчы станавіліся пераможцамі фестывапя “Вясёлкавы карагод”. Кожны раз рыхтуюцца да яго вельмі старанна, ствараюць арыгінальныя дэкаратыўныя работы і вялікую канцэртную праграму.

—“Вясёлкавы карагод”— для нас своеасаблівая творчая справаздача, бо канкурыраваць на іншых конкурсах нашы дзеці не заўсёды здольны. А выступаць, радаваць сваімі талентамі гледачоў ім вельмі хочацца, — адзначыла дырэктар Улукаўскай спецыяльнай школы-інтэрната Наталля Пруднікава.

Сваю выставу выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці педагогі і юныя майстры прысвяцілі 80-годдзю Вялікай Перамогі, адлюстраваўшы ў ёй тэму вайны і міру.

У вялікай канцэртнай праграме прынялі ўдзел танцавальныя калектывы спецыяльнай школы-інтэрната: “Конфетти”, “Спадчына”, “Непоседы”, “Танцевальная карусель”, “Акварель”, “Ритмы детства”. У выніку менавіта нашы землякі прадставілі найбольшую колькасць нумароў у гала-канцэрце фестываля. А іх творчасць была адзначана дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі за развіццё мастацкай самадзейнаці і дыпломам II ступені Галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

—Такое прызнанне для нас — вялікая радасць. Поспех становіцца добрай матывацыяй да творчага росту і новых дасягненняў, — падкрэсліла Наталля Пруднікава.