Праект “Бацькаўшчына: Гомельскі раён у люстэрку часу”: помнікі і гістарычныя мясціны нашага краю

Чарговы выпуск праекта прымеркаваны да знамянальнай даты — 18 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў. Запрашаем у завочнае падарожжа па Гомельскаму краю, каб даведацца нешта новае пра знакамітыя помнікі архітэктуры.

Свята-Мікольская царква ў Старой Беліцы.

2b3f6b2.JPG

Гэта, бадай, самы вядомы помнік драўлянага дойлідства ў краіне, які ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Згодна пісьмовых крыніц, царква была пабудавана ў 1710 годзе і амаль увесь час дзейнiчала — невялікі перапынак у богаслужэннях адбыўся толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нават падчас барацьбы з рэлігіяй, якая разгарнулася ў савецкай дзяржаве. У Свята-Мікольскую царкву прыходзілі і прыязджалі вернікі, бо гэта, па іх словах, — намоленае месца. У храме ёсць некалькі цудатворных абразоў, у тым ліку і Міколы Цудатворцы. Таксама тут захоўваеццца ікона Маці Божай “Аўгустоўская”, якая раней знаходзілася ў Целяшах (абраз захаваўся пасля пажару ў храме). Нядаўна адна з прыхажанак падаравала старажытнай царкве невялікую званіцу.

Існуе легенда, што на самой справе прыход у Старой Беліцы старэйшы за афіцыйныя звесткі, бо калісьці на месцы царквы была невялікая капліца. Пазней замест яе і пабудавалі драўляную царкву.

Паляўнічы домік у Каранёўцы.

4g5bh4d.jpg

Помнік архітэктуры XIX стагоддзя. Пабудаваў яго фельдмаршал Іван Паскевіч, прадстаўнік знакамітага графскага роду.

Першапачаткова ў будынку размяшчаўся вінакурны завод, аднак у другой палове XIX стагоддзя ён набыў сучасны выгляд — завод закрылі, а замест яго зрабілі сядзібу. Дзеля гэтага з Санкт-Пецярбургу запрасілі вядомых архітэктараў Аляксандра Пеля і Роберта Гёдзіке. Так перад галоўным уваходам з’явіўся партал з калонамі, быў надбудаваны невялікі балкон, а вышэй — мансарда. Змянілася і наваколле: перад домам разбілі парк (галоўная алея вяла да прыступак ганку), дзе выкапалі невялікае возера.

Уладальнікі маёнтка часта наведваліся сюды разам са шматлікімі гасцямі — ваколіцы Каранёўкі славіліся як добрыя паляўнічыя ўгоддзі. Таму неўзабаве сядзібу сталі называць Паляўнічым домікам графа Паскевіча. У 1882 годзе ён склаў правілы для наглядальніка сядзібы і егермайстра: у іх абавязкі граф уключыў і догляд за раслінамі ў пітомніку вакол сядзібы.

Зараз, як працяг іх дзейнасці па вырошчванню экзатычных відаў дрэў і дэкаратыўнага кустоўя, — у будынку размяшчаецца Каранёўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу НАН Беларусі.

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара і з архіва рэдакцыі.

Праект “Бацькаўшчына: Гомельскі раён у люстэрку часу”: помнікі і гістарычныя мясціны нашага краю