Традыцыі вядуць за сабой: cёння ў Маркавічах у чатырнаццаты раз правялі абрад Сула

Нягледзячы на тое, што Сула была прызвана “абудзіць зямлю” і падрыхтаваць да засявання і будучага добрага ўраджаю, з цягам часу абрад супаў са святкаваннем Уваскрэсення Хрыстова.

Так і павялося: спачатку ўсе ішлі на богаслужэнне ў царкву ў Гадзічаве, а пасля службы пешшу па старажытнаму Кацярынінскаму шляху ішлі ў Маркавічы. У полі ў канцы вёскі і на перакрыжаваннях вуліц жанчыны і дзеўкі “заводзілі крывога танка” — пачыналі вадзіць карагод, каб “усё ў нас радзіла, і каб маланка нас не біла!”.

Як праводзілі Сулу, настаўнікам і вучням Маркавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы, якія і аднавілі гэты абрад, расказалі старажылы Маркавіч і Гадзічава. Згодна з традыцыяй, адна з жыхарак Маркавіч з кулічом ці тварожнай пасхай на тканым рушніку такімі словамі сустракала гасцей: “Як прайшоў Хрыстос усе мукі, узялі Яго пад рукі. Яго маці стаяла і такія слава прамаўляла: “Сыне мой, як будзеш Ты васкрасаці, будуць цябе ангелы страчаць, са святым васкрасеннем паздраўляць! Хрыстос уваскрос!”. А жанчына з Газдзічава ёй адказвае: “Дай Бог і на той год даждаць светлага Хрыстова васкрасення ў шчасці і здароўі! Хрыстос уваскрос!” — і абедзьве хрыстосуюцца. Так было і сёлета.

Абрад Сула (альбо рух, плынь) меў сакральнае значэнне — карагод сімвалізаваў сонца і ў той жа час лічыўся абярэгам. А тры дзяўчынкі, якія абавязкова знаходзіліся ў цэнтры кола-карагода, і якіх потым жанчыны падымалі ўверх, — пажаданне дзеткам расці здаровымі і дужымі, а таксама добрага ўраджаю. Яшчэ Сула давала сігнал для правядзення народных гулянняў і вячорак на вуліцы.

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў пра Сулу давялося забыць, апошні раз яе праводзілі ў 1968 годзе. Таму не дзіўна, што пра абрад не ведалі нават некаторыя жыхары Маркавіч, тым болей, што частка з іх — перасяленцы з Брагінскага раёна.

Нагадаем, у мінулым годзе абраду Сула нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

http://sozhnews.by