image_pdfimage_print

У Канстытуцыю трэба ўносіць такія змяненні, якія будуць адпавядаць патрэбам грамадства. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Сяргей Сівец сёння на дыялогавай пляцоўцы “Канстытуцыйнае рэфармаванне і партыйнае будаўніцтва” ў Мінску.

У сталіцы адбылася ўжо трэцяя дыялогавая пляцоўка. На абмеркаванне вынеслі актуальныя пытанні: мэтазгоднасць адмены смяротнай кары, замацаванне магчымасці прымяняць узяцце пад варту толькі на падставе рашэння суда, а таксама ўвядзенне пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека.

“Канстытуцыйна-прававая рэформа – гэта магчымасць змянення нашага грамадскага дагавора. Тое, дзе закладваюцца паняцці, як мы збіраемся жыць і ўзаемадзейнічаць адзін з адным, якім чынам будзе выбудоўвацца сістэма ўлады і якія паўнамоцтвы будуць у дзяржаўных органаў. Гэта няпростыя, маштабныя пытанні, якія патрабуюць дэталёвага разгляду, а такія дыялогавыя пляцоўкі дапамагаюць узняць тэму, абмеркаваць, прыйсці да кампрамісу і выпрацаваць кансэнсус у частцы іх вырашэння і замацавання”, – расказаў Сяргей Сівец.

Ён таксама падкрэсліў, што на абмеркаванне выносяцца сучасныя праблемы, якія хвалююць жыхароў краіны. А значыць, трэба дэталёва разглядаць тэмы і ўносіць такія прапановы рэформ, якія дакладна будуць адпавядаць патрэбам беларускага грамадства.

“Калі ёсць запатрабаванне на змяненні таго ці іншага сацыяльнага інстытута, мы павінны прапрацаваць гэта пытанне на экспертным узроўні і прапанаваць якія-небудзь якасныя і эвалюцыйныя рэформы. І ніяк інакш. Нельга каціцца назад і пазбаўляцца таго, чаго дасягнулі за многія гады”, – адзначылі ў гутарцы.

Чарговы дыялог завяршыўся, наперадзе фінальная сустрэча. На ёй адбудзецца падвядзенне вынікаў па тэмах, якія ўздымалі на сходах, а таксама распрацоўка праектаў-рэкамендацый, якія спецыялісты палічаць патрэбным вынесці на больш сур’ёзны ўзровень – абмеркаванне на Усебеларускім народным сходзе.

У трэцяй дыялогавай пляцоўцы ўдзельнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў, эксперты.

БЕЛТА