image_pdfimage_print

Віктара Шыпкова добра ведаюць далёка за межамі Гомельскага раёна: малады чалавек дбайна збірае, захоўвае і рэстаўрыруе старажытныя рэчы, якія калісьці належылі ягоным родным і аднавяскоўцам. З цягам часу “геаграфія” даследаванняў аматара-краязнаўцы пашырылася, і зараз у ягонай “скарбонцы” — некалькі соцень экспанатаў з розных вёсак раёна. Таму і ўзнікла ідэя стварыць інтэрактыўную выставу народнага побыту, тым больш, што ёсць і памяшканне — бабуліна хата ў пасёлку Халмы Маркавіцкага сельсавета.

Як прызнаецца Віктар Шыпкоў, усё пачалося яшчэ са школы, калі ён уваходзіў у склад фальклорнага калектыву “Чарнабрыўцы”. Пад кіраўніцтвам настаўніка Рыгора Басава ён азнаёміўся з прынцыпамі збірання, апісання і захоўвання старажытных рэчаў і нематэрыяльнай спадчыны: яшчэ ў юнацкія гады Віктар Шыпкоў удзельнічаў у адраджэнні старажытнага абраду “Ваджэнне Сулы”, які некалькі гадоў назад быў унесены ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

zdvgzdgj_3.JPG

— Зараз мы збіраем дакументы для надання такога ж статусу яшчэ адной старажытнай традыцыі Маркавіч — каляднаму абраду “Звязда”, — расказвае Віктар Шыпкоў. — Штогод на свята Нараджэння Хрыстова хлопцы і дзяўчаты з зоркай, у цэнтры якой знаходзіцца ікона “Ражаства” ў вянку і ад якой адыходзіць восем “праменняў”, упрыгожаных кветкамі, каляровымі і ззяючымі стужкамі, хадзілі з хаты ў хату і віншавалі аднавяскоўцаў, абвяшчаючы добрую навіну: Хрыстос нарадзіўся!

Дапамогу фалькларысту-аматару па афармленні заяўкі і падрыхтоўцы дакументаў аказваюць навукоўцы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Вялізны пласт даследаванняў Віктара Шыпкова датычыцца матэрыяльнай спадчыны продкаў. Пачалося ўсё са старой ільняной кашулі і прабабчынай “кажушкі”, якія юнак знайшоў на гарышчы.

zdvgzdgj_4.JPG

— На аўчынным кажушку засталіся нават узоры, выкананыя ў тэхніцы, якая нагадвае вядомую выцінанку з паперы. Толькі тут майстры “прабівалі” наскрозь скуру і падкладвалі пад праёмы прыгожую тканіну, а вакол узору прышывалі асаблівым чынам каляровыя стужкі, — дзеліцца стогадовымі сакрэтамі рамяства Віктар Шыпкоў. — Такое прыгожае аздабленне было відаць здалёку. Мая прабабуля захацела пашыць верхняе зімняе адзенне светлага колеру, а яшчэ каля ўзору вышыць свае ініцыялы “КБ” — Ксенія Бяляева.

zdvgzdgj_1.JPG

Малады чалавек не толькі дбайна захаваў сямейную рэч, але і скапіраваў яе. Некаторыя матэрыялы прый-шлося замяніць іх сучаснымі аналагамі, але ж агульны выгляд і тэхніка выкання былі поўнасцю захаваны.

У “скарбонцы” аўтэнтычных рэчаў — дзясяткі рушнікоў, спадніц-“андаракаў”, камізэлек-“ушварак”, фартушкоў-“запасак”. Большасць з іх, асабліва адзенне, служыць узорам для “рэплікі”, як назваў Віктар Шыпкоў поўнае капіраванне — ад падбору тканіны да спосабаў кройкі, шыцця і вышыўкі. Пра гэта майстар можа расказваць доўга, і часта ў яго гаворцы мільгаюць цікавыя слоўцы, якімі раней называлі спецыяльныя швы, напрыклад, “вузельцы”, “капейка” альбо “верхаблудзік”. Апошні так назвалі, бо бачныя ніткі былі толькі звонку адзення.

zdvgzdgj_2.JPG

Віктар Шыпкоў самастойна асвоіў некалькі відаў рамяства — пашыў верхняга адзення, жаночых і мужчынскіх “строяў”-касцюмаў, аздабленне вышыў-кай і стужкамі, пляценне паясоў і ткацтва. Дарэчы, у майстра захоўваецца ўнікальнае “трыа” — тры ручнікі з адным узорам, выкананым у рознай тэхніцы.

— Самы старажытны — тканы, — тлумачыць майстар. — На пазнейшых узоры “калодзеж” і “зоркі” ўжо былі вышыты крыжыкам. Дарэчы, вышыўка — вельмі цікавая вобласць для даследавання. Напрыклад, даўней для вяселля і пахавання сарочкі вышывалі “белым па беламу”, гэта пазней прыйшла мода на сарочкі “ў кветкі”.

zdvgzdgj_6.JPG

Заўтра, 22 снежня, у Мінску адкрываецца вялізная тэматычная выстава “Калядныя ўзоры” беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, на якой будуць прадстаўлены і работы Віктара Шыпкова.

Застаецца дабавіць, што планамерная праца да даследаванні народнай спадчыны прывяла аматара-этнографа і фалькларыста да думкі аб стварэнні інтэрактыўнай выставы ў вясковай хаце. Тут можна будзе апрануць на сябе строй, сфатаграфавацца, патанчыць пад гармонік і акунуцца ў побыт нашых продкаў.

Ірына ГРАМЫКА. Фота Дар’і КАЙМОВіЧ

https://sozhnews.by