image_pdfimage_print

Кітай зробіць распрацаваную краінай вакцыну ад COVID-19 даступнай для ўсяго свету, калі яна будзе гатова для прымянення пасля паспяховага правядзення даследаванняў і клінічных выпрабаванняў. Аб гэтым заявіў міністр навукі і тэхналогій КНР Ван Чжыган, паведамляе Міжнароднае радыё Кітая.

На прэс-канферэнцыі ў Пекіне Ван Чжыган заявіў аб тым, што неабходна актывізаваць міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне распрацоўкі вакцыны, яе клінічных выпрабаванняў і прымянення. Паводле слоў міністра, у распрацоўцы прэпарата прыярытэт аддаецца забеспячэнню яго бяспекі, эфектыўнасці і даступнасці.

Цяпер, як адзначыў міністр, Кітай распрацоўвае пяць відаў вакцыны ад COVID-19: інактываваную, на аснове рэкамбінантнага бялку, жывую аслабленую грыпозную, адэнавірусную вектарную, на аснове нуклеінавай кіслаты. На сённяшні дзень чатыры інактываваныя вакцыны і адна адэнавірусная былі адобраны для клінічных выпрабаванняў, гаворыцца ў Белай кнізе “Барацьба з COVID-19: дзеянні Кітая”, апублікаванай прэс-канцылярыяй Дзяржсавета КНР. У цэлым тэмпы даследаванняў і распрацоўкі вакцын у Кітаі і за мяжой аднолькавыя, аднак па некаторых тэхналагічных напрамках Кітай займае перадавыя пазіцыі ў свеце, падкрэсліў Ван Чжыган.

Намеснік міністра замежных спраў КНР Ма Чжаасюй у час прэс-канферэнцыі заявіў, што Кітай прымае ўдзел у ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб міжнародным супрацоўніцтве для паскарэння працэсу распрацоўкі вакцын і медыкаментаў ад COVID-19. Кітай выканае сваё абяцанне і прадаставіць сусвету бяспечную, эфектыўную і высакаякасную вакцыну, калі яна будзе гатова, а таксама дапаможа зрабіць яе ва ўсіх адносінах даступнай для краін, якія сталі на шлях развіцця, падкрэсліў Ма Чжаасюй.

БЕЛТА