image_pdfimage_print

Археалагічныя помнікі разнастайныя і шматлікія. Аб’ектамі археалагічнага вывучэння з’яўляюцца паселішчы, магільнікі, рэшткі старажытных умацаванняў, старажытныя майстэрні і рудныя распрацоўкі, асобныя пабудовы, старажытныя дарогі і арашальныя каналы, старажытныя малюнкі і надпісы, асобныя рэчавыя знаходкі і г. д.

Сапраўднае даследаванне старажытнасцяў Гомельскага раёна пачалося не раней XVІІІ-пачатку ХІХ ст. Штуршком, напэўна, паслужыла шырока распаўсюджаная тады мода на антыкварыят і рарытэты, якія спецыяльна шукалі для прыватных калекцый. Была такая калекцыя і ва ўладальнікаў больш буйных на Гомельшчыне маёнткаў – князёў Паскевічаў. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваўся цікавы дакумент – “Вопіс прадметаў, ахвяраваных князем Паскевічам у Магілёўскі музей”. Адпаведна з гэтым вопісам, каля сярэдзіны мінулага стагоддзя ў прыватны збор старажытнасцяў Паскевіча былі дастаўлены выпадкова знойдзеныя каля некаторых вёсак сучаснага Гомельскага раёна (Заляддзе, Бабовічы, Шарпілаўка) астанкі маманта…

У тыя ж часы сярод адукаванай часткі грамадства вельмі папулярнымі сталі раскопкі курганоў. Мноства курганоў Гомельскіх наваколляў было раскапана ў 1890-я гады каморнікам Філонавым. Курганныя раскопкі ладзілі таксама генерал Турбін, памешчык Гершнер, мастак Струкаў і іншыя. Напэўна, найбуйнейшы ўклад у даследаванне помнікаў радзімічаў, як і ва ўсю раннюю археалогію Беларусі, унёс энтузіяст навукі і гарачы патрыёт, выдатны навуковец Еўдакім Раманавіч Раманаў, які з’яўляўся выхадцам былога “пазаштатнага” горада Навабеліца, і таму асаблівая ўвага даследчыка да навакольных археалагічных помнікаў невыпадковая.

Раманаву належыць праца па археалогіі Гомельшчыны, якая не страціла свайго значэння і ў нашы дні – Раманаў Е. Р. Археалагічны нарыс Гомельскага павета / / запіскі Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. Кн. 2. Вільня, 1910. Трэба сказаць, што Раманава цікавілі практычна ўсе эпохі археалогіі Гомельшчыны.

Прадаўжальнікамі справы Раманава ў 1920-1930-я гады сталі К. М. Палікарпавіч і А. М. Ляўданскі. Палікарпавіч з’яўляўся спецыялістам у галіне старажытнакаменнага веку – палеаліту. Але падчас даследаванняў сучаснага Гомельскага раёна ім былі адкрыты або абследаваны шматлікія помнікі як каменнага, так бронзавага і жалезнага вякоў.

Ляўданскі ў 1936 годзе разам з А. Д. Каваленем ажыццяўляюць вялікую археалагічную экспедыцыю па р. Сож. Падчас гэтай экспедыцыі даследаваліся гарадзішчы – умацаваныя паселішчы эпохі ранняга жалезнага веку. У архіве Інстытута гісторыі НАН Беларусі захаваліся зробленыя гэтымі даследчыкамі планы гарадзішчаў Уза, Скіток, Чонкі і іншыя.

З пасляваенных часоў у ваколіцах Гомеля пачалі разгортвацца планамерныя даследаванні археалагічных помнікаў. Старажытнасці каменнага і бронзавага вякоў вывучаліся А. Г. Калечыц, якая правяла таксама раскопкі адпаведнага паселішчы каля в. Раманавічы. Помнікі эпохі пачатку жалезнага веку вывучаліся С. Я. Расадзіным.

Даследаванне старажытнасцяў радзімічаў праводзіў У. У. Багамольнікаў. У цяперашні час разнастайныя помнікі раёна вывучаюцца археолагамі -супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Гомельскімі археолагамі.

На тэрыторыі Гомельскага раёна вядома каля трыццаці археалагічных аб’ектаў, якія з’яўляюцца часткай гісторыка-культурнай спадчыны раёна. Сляды знаходжання тут людзей захаваліся ў выглядзе помнікаў археалогіі – рэшткі паселішчаў і пахаванняў, але да нашых дзён захавалася толькі восем аб’ектаў, якія лакалізаваны, вывучаны і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

 

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (V стагоддзе да н. э. – V стагоддзе н. э.),

в. Васілёва

за 0,18 км на захад ад вёскі Васілёва. Пляцоўка трохкутная (105х55х105 м.). Умацавана кальцавым валам. Вышыня 1-1,5 м. Выявіў і абследаваў у 1962 г. Л. Д. Побаль, абследаваў у 1976 г. У. У.Багамольнікаў.

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (V стагоддзе да н. э. – V стагоддзе н. э.), в. Новыя Цярэшкавічы

За 0,7 км на ўсход ад вёскі Новыя Цярэшкавічы,   на правым беразе р. Церуха, у месцы ўпадзення яе ў р. Сож. Пляцоўка авальная, памерам 80х40 м. Умацавання не мае. Вядома з 1910 года, абследавалі  Е. Р.Раманаў (1910) і У. У.  Багамольнікаў (1975).

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (V стагоддзе да н. э. – V стагоддзе н. э.), п. Чонкі

У 0,4 км. да паўднёва-захаду ад пасёлка на краі надпойменной тэрасы правага берага р. Сож знойдзены рэшткі ляпнога і ганчарнага посуду, прасліцы. Адносіцца да сярэдзіны 3-й чвэрці 1 тысячагоддзя нашай эры і эпохі Кіеўскай Русі. У 1978 г. даследаваў А. А. Макушнікаў. Помнік пашкоджаны кар’ерам.

Курганны могільнік перыяду ранняга сярэднявечча (Х-ХІІІ стагоддзі), п. Ільіч

У 5 км на поўнач ад пасёлка Ільіч ва ўрочышчы Баравое на першай надпойменнай тэрасе левага берага р. Сож 29 насыпаў вышынёй 0,5-1.5 м дыяметрам 8-10 м выявіў у 1980 г А. А. Макушнікаў.

Курганны магільнік перыяду бронзавага веку (2-е тысячагоддзе да н. э.), в. Прыбар

Мясцовая назва Гарадок. Насупраць вёскі Прыбар, на левым беразе р. Уза. Пляцоўка авальная памерам 40х25 м з паўднёвага боку захаваліся рэшткі вала вышынёй 0,7-1м. Знойдзены  рэшткі ляпнога і ганчарнага посуду. Адносіцца да мілаградскай і зарубінецкай культуры ранняга жалезнага веку і Кіеўскай Русі.

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (V стагоддзе да н. э. – V стагоддзе н. э.), в. Рудня Марымонава

0,5 км ад вёскі Рудня Марымонава, на левым беразе Дняпра. Пляцоўка памерам 100х80 м, з усходняга боку ўмацавана дугападобным валам вышынёй 3-4 м і ровам глыбінёй 2-3 м адкрыў у пачатку ХХ ст. Е. Р. Раманаў, даследаваў у кастрычніку 1957, 1975 і 1977 гг. Л. Д. Побаль. Знойдзена ляпная кераміка мілаградскай культуры (VII-III стст.да н. э.) і ранняга этапу зарубінецкай (ІІІ ст. да н. э. – ІІ ст. н. э).

Стаянка перыяду мезаліту, бронзавага веку (6-2-е тысячагоддзе да н. э.), в. Раманавічы

0,5 км на ўсход ад вёскі ва ўрочышчы Селішча на дзюнах правага берага р. Іпуць. Знойдзена ляпная кераміка з грабеньчатым, лапчатым, ямачным, шнуравым і лінейным арнаментамі. Сярод крамянёвага інвентара – ромбападобныя і трохвугольныя наканечнікі стрэл, нажавідныя пласцінкі, скрабкі, пашкрэблы. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і Інстытуце археалогіі АН РФ. Выявіў у 1890 г. М. Ф. Беляшэўскі, абследавалі ў 1924 г. К. М. Палікарпавіч і А. В. Кротаў, у 1957-58 гг і. і Арцёменка; даследавалі ў 1962-63 гг. І.В. Гаўрылава, у 1976 г. А. Г. Калечыц.

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (V стагоддзе да н.э. – V стагоддзе н. э.), аг. Чарацянка

Мясцовая назва Гарадзец. За 0,8-1 км. на поўдзень ад вёскі, справа ад дарогі на в. Глыбоцкае. Пляцоўка прамавугольная, памерам 55х40 м умацавана валам вышынёй каля 3 м вядома з 1856 г. у 1981 г. С. Я. Расадзін заклаў на пляцоўцы гарадзішча 2 шурфы памерам 1х1 м. у ім знойдзена ляпная кераміка, дробныя косткі жывёл.