image_pdfimage_print
Фота AP
Урад Японіі і арганізацыйны камітэт Алімпіяды ў Токіа разглядаюць варыянт спрошчанага правядзення Гульняў з-за сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруса ў свеце, паведамляе ТАСС са спасылкай на губернатара Токіа Юрыка Каікэ.

“Мы хацелі б разгледзець розныя варыянты, сярод іх ёсць рацыяналізацыя і спрашчэнне фармату. Пры гэтым нам неабходна дабіцца разумення з боку нашых грамадзян”, – адзначыла Каікэ.

Раней буйнейшая газета краіны “Ёміуры” паведаміла, што ўлады краіны нацэлены на правядзенне Алімпіяды ў паўнацэнным фармаце, аднак сітуацыя з каранавірусам, якая застаецца няпростай, прымусіла іх разглядаць варыянт больш спрошчанага правядзення Гульняў. Паводле даных крыніц выдання, можа скараціцца колькасць удзельнікаў цырымоній адкрыцця і закрыцця Алімпійскіх гульняў. Таксама будуць уведзены абмежаванні для колькасці гледачоў на стадыёнах.

Японскі бок разглядае варыянт правядзення абавязковага тэсціравання на каранавірус не толькі для спартсменаў і членаў каманд, але і для ўсіх балельшчыкаў. Могуць быць уведзены абмежаванні на перамяшчэнне спартсменаў за межамі Алімпійскай вёскі, дзе яны будуць размешчаны.

Алімпіяда ў Токіа павінна была прайсці з 24 ліпеня па 9 жніўня 2020 года. Аднак з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі спаборніцтвы былі перанесены на год і адбудуцца з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года.

БЕЛТА