image_pdfimage_print

12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 5 тыс. работнікаў прадпрыемстваў усіх рэгіёнаў краіны і сфер эканомікі выказаліся супраць санкцый. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

“Людзям відавочна, што санкцыі ЕС і ЗША ў першую чаргу ўдараць па заработках, пенсіях, дапамогах. Такія дыскрымінацыйныя меры абсалютна незаконныя і парушаюць адно з асноўных правоў чалавека – права на працу. Беларусы гатовы абараняць такое права. Аб гэтым яны гавораць з сябрамі, у працоўных калектывах, сем’ях, выказваюць сваю пазіцыю ў сацыяльных сетках. Пляцоўкай, якая аб’ядноўвае тых, хто стаміўся маўчаць і гатовы адстойваць сваю пазіцыю, стала Федэрацыя прафсаюзаў. На інтэрнэт-партале нацыянальнага прафцэнтра сабраны тысячы меркаванняў людзей аб санкцыйнай палітыцы калектыўнага Захаду. Больш за 5 тыс. меркаванняў людзей аб’яднаны ў больш чым 30-гадзінны відэаролік, накіраваны сёння палітыкам краін Еўрасаюза”, – расказалі ў ФПБ.

“Я мама і хачу, каб у мяне была работа, каб я магла забяспечваць сваіх дзяцей, а дзеці жылі ў спакойнай краіне”, “Нам санкцыі не патрэбны!”, “Заклікаем займацца сваімі праблемамі і не ўмешвацца ў справы нашай краіны”, “Я падтрымліваю тысячы маіх калег, суайчыннікаў. Хачу паглядзець у вочы тым, хто заклікае з-за мяжы да санкцый, і задаць пытанне, як яны будуць глядзець у вочы сваім суайчыннікам, якія могуць застацца без работы, дзецям, якія могуць страціць будучыню”, “Пакіньце нас у спакоі! Дайце магчымасць спакойна працаваць!” – усё гэта словы простых людзей. Прамысловасць, энергетыка, хімічная галіна, адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная і жыллёва-камунальная сферы, сельская і лясная гаспадарка, сувязь, будаўніцтва, гандаль, транспарт салідарна выступаюць супраць незаконных абмежавальных мер, якія прымяняюцца да нашай краіны.

“Гэта тая праўда, якую заходнія палітыкі сёння наўмысна ігнаруюць і скажаюць. Гэта тое, аб чым яны стараюцца не гаварыць. Яны сёння з высокіх трыбун заяўляюць, што нібы самі беларусы выступаюць за ўвядзенне санкцый, нібы ўсё гэта робіцца ў інтарэсах беларускага народа. Гэта відэа – дакладны і зразумелы адказ на такую хлусню, – падкрэслілі ў Федэрацыі прафсаюзаў. – Відавочна, што заходнія чыноўнікі не збіраюцца лічыцца з меркаваннем людзей. У лютым Федэрацыя прафсаюзаў накіравала ў іх адрас больш за 1,130 млн подпісаў рабочых супраць санкцый. Але і сёння зразумелага адказу на гэты салідарны і калектыўны запыт людзей няма. Цяпер еўрачыноўнікі ў сваіх беззаконных дзеяннях па-ранейшаму прыкрываюцца людзьмі – нібы разбурэнне нашай эканомікі ў іх інтарэсах. Але яны павінны ўбачыць праўду, якая застанецца ў гісторыі і будзе сведчаннем іх незаконнай і крывадушнай палітыкі”