image_pdfimage_print

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендавала вадзіцелям быць больш уважлівымі і асцярожнымі ў гарачае надвор’е. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла дзяржаўтаінспектар АДАІ Партызанскага РУУС Мінска Ганна Ціхановіч.

“Ператамленне за рулём – натуральная рэакцыя арганізма на доўгае кіраванне аўтамабілем, звязанае са значнай нервовай нагрузкай. Небяспекі можна чакаць як ад іншых вадзіцеляў, якія заснулі за рулём і страцілі кіраванне, так і ад самога сябе, калі не адпачыць перад паездкай і некалькі гадзін запар весці аўтамабіль, – расказалі ў АДАІ. – Ператамленне суправаджаецца дрэнным самаадчуваннем, прытупленнем увагі, зніжэннем канцэнтрацыі, хуткай стамляльнасцю і нават бяссонніцай. Небяспека ДТЗ рэзка ўзрастае пасля 8-10 гадзін бесперапыннага ваджэння. Многія вадзіцелі пачынаюць адчуваць стомленасць ужо праз 2-3 гадзіны знаходжання за рулём, і, як правіла, перад паездкай яны не адпачываюць”.

Як адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі, адна гадзіна ваджэння ва ўмовах інтэнсіўнага руху прыраўноўваецца да шасці гадзін дзейнасці чалавека, занятага цяжкай фізічнай працай. Пры кіраванні аўтамабілем на працягу гадзіны са скорасцю 100 км/гадз вадзіцель стамляецца гэтак жа, як людзі пасля чатырох гадзін цяжкай разумовай працы. Акрамя таго, на самаадчуванне ўплывае дрэннае асвятленне дарогі ноччу, неспрыяльныя ўмовы надвор’я, шум і вібрацыі ў кабіне, наступствы ўжывання алкаголю і лякарстваў. Адсюль узнікае няўважлівасць, неасцярожнасць, рассеянасць, марудлівасць. Усё гэта ўплывае на бяспеку дарожнага руху: у вадзіцеля адзначаецца запозненая рэакцыя на дарожную абстаноўку, знакі, сігналы святлафора, ён з цяжкасцю вытрымлівае скорасны рэжым і прамалінейнасць руху.

Асаблівую небяспеку ўяўляюць начныя рэйсы для вадзіцеляў старэйшых за 55 гадоў. “Ноччу шафёры гэтай узроставай групы робяць у два разы больш аварый, чым днём. Справа ў тым, што з узростам, нягледзячы на вялікі вадзіцельскі вопыт, пагаршаюцца псіхічныя і фізіялагічныя функцыі, якія непасрэдна ўплываюць на бяспеку ваджэння. Пры працяглай яздзе ноччу стомленасць можа прывесці да галюцынацый. Напрыклад, па шляху можа здацца дом або звер, які пераходзіць дарогу, могуць проста ўзнікнуць туманныя плямы або прадметы нявызначанай формы. У такіх выпадках вадзіцель рэзка тармозіць або зварочвае ўбок, потым пераконваецца, што на самай справе на дарозе ніякай перашкоды няма”, – сказала Ганна Ціхановіч.

Адзіны сродак выратавання ад галюцынацый – адпачынак. Неабходна рабіць перапынкі, пры ўзнікненні стомленасці спыняцца і адпачываць. Важна ўсведамляць: лепш крыху пазней прыехаць у месца прызначэння, чым трапіць у ДТЗ з-за стомленасці або наогул заснуць за рулём”, – дадалі ў ведамстве.