![Маляваныя дываны Алены Кіш: у Яромінскай дзіцячай школе мастацтваў адкрылася выстава](http://sozhnews.by/media/k2/items/cache/09cfa75f6fe2743e296475d5e1d37f76_L.jpg)
На ўрачыстым адкрыцці Дзмітрый Белавіч расказаў шмат цікавага пра жыццё і творчасць мастачкі. Нарадзілася Алена Кіш на Случчыне ў 1889 годзе. Выяўленчаму мастацтву яна нідзе не вучылася, аднак зараз яе работы стаяць побач з творамі знакамітых сусветных майстроў, так званага, “наіўнага” мастацтва.
— Алена Кіш вандравала па вёсках, распісвала дываны, — расказвае Дзмітрый Чак. — Такі від мастацтва быў вельмі папулярным у пачатку мінулага стагоддзя. Да развіцця прамысловасці і выпуску фабрычных дываноў, якія сталі ўпрыгожваць сцены, вясковы люд карыстаўся паслугамі народных мастакоў. Менавіта такой была і Алена Кіш.
Жанчына сшывала разам нескалькі адрэзкаў тканага палатна, так, каб атрымаўся суцэльны холст, і распісвала яго клеявымі фарбамі. Ці давала яна назвы сваім работам з казачнымі сюжэтамі, невядома, аднак навукоўцы, якія зараз даследуюць творчасць мастачкі з народа, назвалі іх так: “Дзева на водах”, “Ліст да каханага”, “Рай”, “У райскім садзе” і гэтак далей.
— Доўгі час творчасць нашай зямлячкі была ў заняпадзе, і толькі ў 1978 годзе яе работы былі ўпершыню прадстаўлены шырокай аўдыторыі знаўцаў і аматараў мастацтва на калектыўнай выставе, прысвечанай маляваным дыванам. А сем гадоў таму адбылася першая персанальная выстава яе работ, якія захоўваюцца ў Заслаўскім музеі, — працягвае Дзмітрый Чак.
Зараз імя Алены Кіш стаіць у адным радзе з такімі славутымі майстрамі, як француз Анры Русо, грузін Ніко Пірасмані (альбо Пірасманішвілі). Пра яе творчасць можна прачытаць у “Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва”, імя беларускай мастачкі — у ліку 500, унесеных у каталог лепшых майстроў пэнздля і фарбы з 50 краін свету, якія працавалі ў гэтым напрамку.
— Творчасць Алены Кіш вельмі блізкая дзіцячаму ўспрыняццю рэчаіснасці, таму гэта і стала рашаючым аргументам для арганізацыі выставы фотарэпрадукцый менавіта ў сценах мастацкай школы, — адзначае Дзмітрый Чак. — Спадзяюся, што яна выклікае цікавасць не толькі ў жыхароў аграгарадка Яроміна, а і іншых населеных пунктаў раёна, і многія выкарыстаюць магчымасць дакрануцца да прыгожага, казачнага і невядомага, якое “схавана” ў творах Алены Кіш.
Выстава ў Яромінскай дзіцячай школе мастацтваў будзе працаваць да 30 верасня, з 13 да 18 гадзін. Уваход свабодны.
http://sozhnews.by
Spelling error report
The following text will be sent to our editors: