image_pdfimage_print
Міхась Башлакоў: “Без памяці няма грамадства, без мовы, веры, без душы...”

Лёгкасць, лірызм, шчырасць, сумленне, спагада, глыбіня — паэзія Міхася Башлакова шматгранная, і кожны верш мае асаблівую танальнасць і моцна кранае за душу. Ураджэнца Гомельскага раёна Міхася Башлакова называюць яшчэ песняром Гомельшчыны, бо ў сваіх творах паэт апісвае веліч малой радзімы праз простыя рэчы. У красавіку наш знакаміты земляк адзначыў 70-гадовы юбілей.

Міхась Башлакоў усё жыццё прысвяціў працы з мастацкім словам: некалькі гадоў пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Падчас летніх канікул ён адкрыў для сябе Палессе, якое ў пэўнай ступені стала ягоным “творчым кабінетам”: тут напісана нямала твораў, пры-свечаных гэтаму дзівоснаму краю, у тым ліку і паэма «Цар-дуб»…

Дэбют Міхася Башлакова адбыўся ў 1968 годзе публікацыяй на старонках газеты “Маяк” верша “Раўчук”. Тады Міхась вучыўся ў 10 класе Грабаўскай сярэдняй школы. Праз дваццаць гадоў пасля першай публікацыі яго прынялі ў склад Саюза пісьменнікаў СССР. Дарэчы, некаторы час Міхась Захаравіч узначальваў літаратурнае аб’яднанне “Пралеска”, якое дзейнічала пры рэдакцыі “Маяка”. Таксама ён быў у ліку калектыву літаратараў і вучоных, хто займаўся падрыхтоўкай да выдання 145-томнай гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць”.

Наш славуты зямляк — аўтар зборнікаў “Касавіца”, “Начны паром”, “Дні мае залатыя”, “Як слёзы горкія Айчыны…”, “Матчыны грыбы перабіраю”, “Пяро зязюлі падніму”, “Палын”, “Світальныя коні” і іншых. На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне ў 2005 годзе зборнік “Нетры” увайшоў у лік ста лепшых кніг свету, а праз год у Бельгіі гэты зборнік, а таксама кніга “Палын. Чарнобыль”, выдадзеныя ў сааўтарстве з графікам Міхаілам Барздыкам, адзначаны залатым медалём Міжнароднага конкурсу выяўленчага мастацтва. Міхась Башлакоў — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і расійскай прэміі Баяна. А ў 2018 годзе наш зямляк быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Творчае крэда пісьменнік акрэсліў у адным з вершаў: “Без памяці няма грамадства, без мовы, веры, без душы…”. Вершы Міхася Башлакова пранізаны пачуццём патрыятызму, бо паэт лічыць, што без любові да Бацькаўшчыны, гістарычнай памяці не можа быць чалавека годнага і шчырага. І заўсёды ў яго творах тэма малой радзімы гучала асабліва ярка і моцна: “Мой родны Гомельскі раён // Мае шляхі, мае крыніцы… // Тут меў я шчасце нарадзіцца. // Як песня дзіўная, як сон, // Мой родны Гомельскі раён…”

Міхась Башлакоў кожны раз, калі прыязджае на малую радзіму, наведвае родную школу ў Грабаўцы. Сустракаецца з настаўнікамі і вучнямі, чытае ім вершы — вядомыя і новыя творы.

Па прапанове дырэктара школы Таццяны Мацюшэнка ва ўстанове адукацыі нядаўна адбылося свята паэзіі, прысвечанае знакамітаму земляку. Тэматыка твораў, якія прачыталі са сцэны вучні, была разнастайнай, як і ўся творчасць паэта: побач з лірычнымі радкамі аб каханні гучала і грамадзянска-патрыятычная паэзія.

Вучаніца 9 класа Грабаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Ганна Шарко адзначае:

— Мы ганарымся тым, што на старонках падручнікаў па беларускай літаратуры ёсць творы выпускніка нашай школы, таму з задавальненнем прынялі ўдзел у свяце паэзіі ў яго гонар.

https://sozhnews.by