![На базе экалагічнага цэнтра і рыбалкі “Беладжыа” адбылося тэатралізаванае прадстаўленне "Масленіца"](http://sozhnews.by/media/k2/items/cache/2c7d86e38d39d4cfc847e3a54542928f_L.jpg)
Апошні тыдзень перад пачаткам Вялікага паста праходзіць шырокая Масленіца, калі людзі пакрысе адмаўляюцца ад мясных прадуктаў і аддаюць перавагу малочным стравам. А вось у народнай традыцыі Масленіца больш вядома як перыяд развітання з зімою і гукання вясны. Таму і атрыбуты свята — чучала, якое спальвалі, і бліны — тоўсценькія для мачанкі альбо танюсенькія карункавыя, якія найбольш смачныя з салодкімі начынкамі.
Аб усім гэтым расказалі Зіма, Баба Яга, скамарохі, Ямеля і, канечне, Вясна з Масленіцай — галоўныя героі тэатралізаванага прадстаўлення:
— Дарэчы, кожны дзень масленічнага тыдня мае сваю назву. Напрыклад, серада — ласун (па-руску — лакомка), чацвер —разгуляй, бо пачыналіся самыя вясёлыя забавы і гульні. А нядзеля атрымала назву Дараванай, бо ў гэты дзень людзі прасілі дараваць крыўды і не трымаць на іх зла.
Масленіца — найлепшы перыяд, каб наведаць родзічаў і сяброў, ды паласавацца блінамі, бо ў кожнай сям’і ёсць свае сакрэты прыгатавання сонейка на патэльні.
— Малако лею, муку засыпаю, дабаўляю алей, каб жылось весялей. Крышку солі, але не насолю, і каб жыццё было саладзей — цукру, — дзеліцца рэцэптам смачных бліноў жыхарка вёскі Зябраўка Таццяна Майсеенка. — Традыцыйна на Масленіцу за сталом збіраецца ўся наша вялікая сям’я: трэба ж папрасіць адзін у аднаго прабачэнння, ды пачаставацца любімай стравай з рознымі начынкамі.
А яшчэ бліны — самы што ні на ёсць народны фастфуд: іх можна хутка прыгатаваць, і духмяныя жоўценькія кругляшы зручна есці нават на вуліцы і абавязковы атрыбут народных гулянняў. Работнікі культуры падрыхтавалі для жыхароў Гомельскага раёна нямала цікавых мерапрыемстваў падчас Масленіцы.
Так, у нядзелю, 14 сакавіка, жыхароў і гасцей Новай Гуты запрашаюць на народнае гулянне, прысвечанае развітанню з зімою і сустрэчы вясны. Тут будзе усё: гульні, песні з танцамі, і, канешне, бліны…
http://sozhnews.by
Spelling error report
The following text will be sent to our editors: