image_pdfimage_print
Нас аб'ядноўвае вера: у Чарацянцы мірна жывуць людзi розных нацыянальнасцей - беларусы, рускія украінцы, армяне

Аграгарадок Чарацянка знаходзіцца на памежжы з Украінай і вядомы помнікам архітэктуры — старажытнай Успенскай царквой. Менавіта яна стала адным з цэнтраў прыцягнення людзей розных нацыянальнасцей, якія мірна жывуць у аграгарадку: беларусаў, рускіх, украінцаў, армян. Хто б не прыехаў у Чарацянку на пастаяннае месца жыхарства, заўсёды сустрэне тут спагаду і дабрыню, якой славяцца мясцовыя жыхары.

Знаёмства журналістаў “Маяка” са старажытным паселішчам таксама пачалося з наведвання храма, дзе нас ужо чакалі прыхаджанкі Ларыса Балмакова і Вера Бяляева. Яны і паведамілі гісторыю стварэння мясцовай знакамістасці:

— Першапачаткова на ўзгорку каля возера ў 1840-х гадах пабудавалі драўляную царкву, але ж неўзабаве падчас навальніцы яна згарэла — у яе трапіла маланка. Праз два дзесяцігоддзі на яе месцы разгарнулася вялікае будаўніцтва ўжо цаглянага храма з агароджай і капліцай. Толькі за чатыры гады было зрасходавана больш 11 тысяч царскіх рублёў. Па архіўных звестках вядома, што сродкі збіралі не толькі мясцовыя жыхары — асноўную суму ахвяравалі багатыя людзі, напрыклад, купцы і дваране Магілёўскай губерніі. А з Масквы нават прывезлі іканастас, званы на калакольню, фарбу і іншыя будаўнічыя матэрыялы на суму больш за 10 тысяч рублёў.

IMG_903397.JPG

IMG_915516.JPG

Новую царкву пабудавалі ў тыпічным для сярэдзіны XIX стагоддзя псеўдарускім стылі. Прыход быў даволі вялікім: больш за дзве тысячы прыхаджан, жыхароў некалькіх населеных пунктаў — Чарацянкі, Залесся, Будзішча, Пракопаўкі, Макаўя і часткі Маркавіч. Як зараз успамінаюць старажылы, нават на клірасах спявалі прыхаджане з розных вёсак, на адным, напрыклад, толькі з Займішча і Пракопаўкі…

У 1930-я гады вандалы сарвалі з купалоў храма крыжы, а падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы, пакідаючы Чарацянку, спецыяльна абстралялі яго з кулямётаў, аднак разбурыць так і не ўдалося. І вось ужо на працягу нескалькіх гадоў вядзецца рэканструкцыя чарацянскай царквы. Зроблена многае, а самае галоўнае — настаяцель Павел Харламаў звярнуўся да старажытнай традыцыі — роспісу абразоў у выглядзе фрэсак па сценах. Менавіта так напісана і храмавая ікона Божай Маці “Успенне”.

IMG_912212.JPG

IMG_913309.JPG

 

Дарэчы, у царкве прыхаджане маюць магчымасць памаліцца перад некалькімі дарагімі для іх абразамі — старажытнай намоленнай іконай “Успенне” і архістраціга Міхаіла, якую перадалі жыхары Маркавіч. Кіраўнік мясцовай установы культуры Ірына Смолікава дбайна захоўвае некалькі старых фотаздымкаў Успенскай царквы, зробленых у сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Пакуль прыхаджане расказвалі гісторыю храма, сюды завіталі школьнікі з Чарацянскага дзіцячага сада – базавай школы. Настаўнікі Таццяна Сяліцкая і Валянціна Герасіменка напярэдадні Благавешчання прывялі вучняў 3 і 4 класаў, каб расказаць ім пра гэта вялікае царкоўнае свята.

IMG_844964.JPG

— Наша ўстанова адукацыі цесна супраўцоўнічае з прыходам, — паведаміла Валянціна Рыгораўна. — Настаяцель храма Павел Харламаў расказвае дзецям пра святы, а таксама вучыць іх нормам хрысціянскага жыцця: быць шчырымі, добрымі, не рабіць шкоды, слухацца бацькоў.

IMG_893363.JPG

IMG_898332.JPG

IMG_907719.JPG

IMG_933003.JPG

IMG_894468.JPG

У сваю чаргу, настаўнікі і старшакласнікі дапамагаюць навесці парадак на тэрыторыі і ў храме, а перад вялікімі святамі наладжваюць тэатралізаваныя прадстаўленні, у тым ліку і лялечнага тэатра, якім кіруе Валянціна Герасіменка.

Дзеці часта бываюць у храме — разам з аднакласнікамі, альбо з бацькамі, як, напрыклад, Кіра Рудзянок. Дзяўчынка з татам Андрэем і матуляй Ганнай жыве ў Маркавічах. Сям’я нядаўна пераехала з Украіны і знайшла добры прытулак на гасціннай беларускай зямлі.

— Мне падабаецца бываць у гэтым храме, тут прыгожа, і адчуваеш сябе неяк па-іншаму. Больш за ўсё мне падабаецца знаходзіцца каля іконы Мікалая Цудатворцы — гэты святы добры і заўсёды дапамагае.

Дарэчы, чарацянская царква з’яўляецца месцам паломніцтва: некалькі гадоў таму сюды завіталі жыхары расійскага Бранска, якія вырашылі не толькі пакланіцца святыні, але ж і папрацаваць на яе карысць. На працягу трох дзён яны пражывалі ў сем’ях прыхаджан, наведвалі богаслужэнні і дапамагалі ў рэстаўрацыі храма.

IMG_844944.JPG

 

— Сюды прыязджаюць людзі з Беларусі, Расіі і Украіны: вера праваслаўная нас аб’ядноўвае, гэтак жа, як і агульная малітва за ўсіх жыхароў нашай любай краіны, — зазначыла ўраджэнка Глыбоцкага Ларыса Балмакова.

Настаўнікі запрасілі журналістаў наведаць музей установы адукацыі і азнаёміцца з гісторыяй аграгарадка Чарацянка.

IMG_905556.JPG

 

— На працягу доўгага часу мы дбайна збіраем і захоўваем любыя дакументы і даныя пра Чарацянку, — зазначыла кіраўнік музея Таццяна Сяліцкая. — Пачала пісаць “Летапіс вёскі Чарацянка” Наталля Філіпенка, перасяленка з чарнобыльскай зоны. Нейкі час яна працавала ва ўстанове адукацыі, а потым узначаліла сельвыканкам. Якраз у той час — 2005 год — Чарацянка і набыла статус аграгарадка.

Пра паходжанне назвы існуе некалькі версій. Згодна з адной з іх, каля паселішча працякала рака, і ў ёй затануў хлопец. Ягоная нявеста пракляла раку, і тая абмялела, зарасла чаротам і ператварылася ў возера. Пра гэтыя падзеі расказвалася ў песні, якую спявалі чарацянскія дзяўчаты. Яе тэкст калісьці запісаў вучань мясцовай школы Дзмітрый Кручко ад сваёй бабулі Лідзіі Паўлаўны, 1928 года нараджэння.

У Чарацянцы ёсць яшчэ адно месца, якое “адсылае” нас у старадаўнія часы: Ісайчыкава гара.

— Некалі тут жыла знахарка, бабка-павітуха. А імя Ісай азначае “дапамога Бога”. Усё гэта ўказвае на тое, што тут маглі адбывацца язычаскія абрады, бо непадалёк ад Чарацянкі знайшлі два гарадзішчы “Мішкі” і “Гарадзец” — паселішчы старажытных людзей, — зазначыла Таццяна Міхайлаўна.

Чарацянка паступова мянялася: у сярэдзіне мінулага стагоддзя шмат чаго для яе развіцця зрабіў старшыня мясцовага калгаса Мікалай Сімановіч: дзякуючы яму, у гаспадарцы быў пабудаваны мехдвор, жыллё не толькі для працаўнікоў сяльгаспрадпрыемства, але і спецыялістаў іншых сфер дзейнасці. Як успамінае зараз дырэктар школы Жана Дарошка, калі яна з мужам, таксама педагогам, па размеркаванні прыехалі ў Чарацянку, ім адразу ўручылі ключы ад дома, а на вуліцы яны ўбачылі фантан, ля якога грала музыка!

— Вось так тут сустракалі маладых спецыялістаў, ды і не толькі іх, — зазначыла Жана Дарошка. — Не дзіўна, што адну з вуліц назвалі імем чалавека, які шмат зрабіў для населенага пункта.

Калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у Чарацянцы з’явіліся тры новыя вуліцы, а карэнныя жыхары са спагадай аднесліся да тых, хто па волі лёсу страціў малую радзіму і павінен быў пачынаць жыццё на новым месцы. Гэтую ўласцівасць чарацянцаў — душэўны клопат і жаданне дапамагчы — адзначаюць усе, хто прыехаў сюды здалёк.

— Дапамагаць адзін аднаму — гэтаму вучыць вера праваслаўная, таму ў нашым храме можна сустрэць людзей розных нацыянальнасцей, аб’яднаных адзіным духам — хрысціянскай любові і падтрымкі, — зазначыла Таццяна Сяліцкая.

З цеплынёй у душы мы пакідалі гасцінную Чарацянку. Пасля наведвання храма, які аб’яднаў жыхароў Беларусі і нават замежных краін, і цікавага расказа пра гісторыю населенага пункта мы былі ўпэўнены: прынцыпы дабрыні і падтрымкі — той падмурак, на якім трымаецца жыццё старажытнага паселішча з маладой душой.

https://sozhnews.by