image_pdfimage_print

Нематэрыяльная спадчына

Старажытны народны абрад «Ваджэнне Сулы», які праводзяць у Гомельскім раёне, атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў 2019 годзе і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Гэты абрад стаў 11-й нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Гомельскай вобласці.

Абрад “Ваджэнне Сулы” ў Гомельскім раёне ўяўляе сабой асаблівую праяву вясновай абраднасці, семантычна накіраваны на забеспячэнне добрай ураджайнасці на агародах і палях, а таксама на здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і абарону ад прыроднай стыхіі – маланкі. У ваджэнні Сулы аб’ядноўваюцца вёскі Гадзічава і Маркавічы і іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі – мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзей – жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя, па-мясцоваму адметныя, самаробныя касцюмы.

“Сула” ў разуменні жыхароў Маркавічаў і Гадзічава – гэта як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў. Слова “Сула” мае розныя трактоўкі значэння. Гэта і рух, і плынь, і рака (чалавечая рака, якая цячэ па рэчышчы вуліц), і выгляд зброі (дзіда або рагаціна). Апошняе збліжае па сэнсе словы «Сула» і «страла» (і, адпаведна, варыянты назваў абраду «Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)».

Ваджэнне Сулы адбываецца на другі дзень Вялікадня. Пачынаецца ў вёсцы Гадзічава адразу пасля Велікоднай літургіі, якая праходзіць у мясцовай Свята-Екацярынінскай царкве. Жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог ля царквы і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды (“танкі”) – колавы (“Як на нашай вуліцы шырокае возера”), змейкай (“крывой”: “ А ў крывога танка, ды не выведу канца”), карагоды-гульні (“Чарнабрывы каралёк” і  “Падшыбну кабыліца”), падчас апошняга падкідваюць уверх маленькіх дзяўчынак з воклічамі ” Вялікае расці!”, “Здаровае расці!». Пасля ўсе ўдзельнікі абраду становяцца ў шэрагі, узяўшыся пад рукі, і ідуць з песняй “Як ішла Сула” (лінейны карагод), а затым з прыпеўкамі і песнямі пад гармонік у бок вёскі Маркавічы, уздоўж Екацярынінскай шляху. У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы ў час абыходу вёскі, “танкі” паўтараюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаецца гульнёй “Гарэпня”, спевам “Як ішла Сула”, прыпеўкамі і песнямі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца ўсе жадаючыя. Завяршаецца абрадавае шэсце каля сельскага дома культуры, дзе маркаўчанка з кулічом на ручніку сустракае прадстаўніцу Гадзічава і яны “хрыстосуюцца”. Свята заканчваецца сумесным пачастункам і гуляннем.

Ваджэнне Сулы – лакальная праява рэгіянальнага абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы (Сулы)”, які мае багатую лакальную спецыфіку на такіх узроўнях, як назва, час і месца правядзення, структура, склад удзельнікаў, семантыка рытуальных дзеянняў, сімволіка прадметнай атрыбутыкі і г .д.

Семантыка абраду “Ваджэнне Сулы” сканцэнтравана ў магічнай прымеркаванасці абрадавых дзеянняў і песень да добрай ураджайнасці на агародзе і палях, а таксама абароны ад звышнатуральнага ўздзеяння і забеспячэння здароўя ўсіх вяскоўцаў. Лакальнай асаблівасцю з’яўляецца пачатак рытуалаў у адной вёсцы і іх завяршэнне ў другой (Гадзічава і Маркавічы, Краўцоўка і Дзікалаўка), што спрыяе яднанню супольнасцяў.

Ваджэнне Сулы ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна адрозніваецца дакладнай прымеркаванасцю да другога дня Вялікадня. Сула пачынае час моладзевых гулянняў на вуліцы пасля халоднага часу года і велікоднага посту. Карагоды і гульні, якія выконваюцца ўдзельнікамі, уяўляюць лакальныя варыянты тыпавых прыкладаў, распаўсюджаных на тэрыторыі бытавання абраду «Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)».

Штогадовае правядзенне абраду “Ваджэнне Сулы” ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна было адноўлена ў 2007 годзе, пасля 40-гадовага перапынку (у 1967 г. традыцыя была прыпынена  мясцовай уладай).

 

If you have found a spelling error, please, notify us by selecting that text and pressing Ctrl+Enter.