image_pdfimage_print
Прэзентацыя сумеснага праекта "Цікавая геаграфія": журналісты “Маяка” і “Добрушскага краю” распавядаюць пра аднолькавыя найменнi двух паселішчаў, якія аддзяляе 70 кіламетраў

У Гомельскай вобласці, ды што там — нават у адным раёне можна знайсці некалькі населеных пунктаў з аднолькавай назвай. Але ж цікава было б даведацца, што стала асновай для аднаго наймення двух паселішчаў, якія аддзяляе каля 70 кіламетраў. Журналісты дзвюх рэдакцый — “Маяка” і “Добрушскага краю” — паспрабавалі адкрыць гэты сакрэт.

Падарожжа першае

Пасёлак Добруш Руднемарымонаўскага сельсавета Гомельскага раёна: двайное перасяленне

Калісьці пасёлак Добруш, які быў заснаваны ў 1926–1927 гадах, быў даволі шматлюдны — тут пражывала больш за сто чалавек, аднак зараз — толькі тры. Канечне, на лецішчы прыязджаюць нашчадкі, апрацоўваюць гароды, бо большасць іх пражывае непадалёк ад Добруша — у суседняй вёсцы Рудня Марымонава.

IMG_822862.JPG

IMG_811824.JPG

IMG_822829.JPG

Вольга Казлова — дачка адной з першапасяленцаў Таісіі Марымонавай. Зараз бібліятэкар Руднемарымонаўскай базавай школы захоўвае памяць пра продкаў і гісторыю двух родных для яе паселішчаў — Добруша і Рудні Марымонвай.

— У пачатку XX стагоддзя некалькі сем’яў з Рудні Марымонавай вырашылі паспытаць шчасця на новым месцы. Ім стаў цяперашні пасёлак Добруш, — расказала Вольга Мікалаеўна. — Для гэтага былі дзве прычыны: раней вёску пастаянна затаплівала. Таму і дамы размяшчаюцца нераўнамерна: тут няма доўгай прамой вуліцы, бо людзі сяліліся на больш высокіх мясцінах, на пагорках, так сказаць на-водшыбе ад суседзяў.

IMG_871177.JPG

А вось будучае паселішча выгадна адрознівалася: вада вясной і ўвосень дасюль не даходзіла. Не тое, што ў Рудні: у сярэдзіне 1950-х гадоў тут была такая паводка, што знесла нават мосцік праз невялікую рачулку.

— Добрае месца выбралі нашы продкі! Таму і назвалі пасёлак Добрушам, — пацвердзіла ягоная жыхарка Ганна Лагута. — Канешне, спачатку давялося раскарчаваць дрэвы, каб пабудаваць дамы і разбіць гароды.

Але ж людзі былі згодныя і на гэта, бо кожная сям’я (а тады ўсе яны былі шматдзетнымі) набывала даволі вялікія надзелы зямлі. Пакрысе на пагорку з’явілася больш за сто хат, пражывала амаль дзвесце чалавек.

— Многія жыхары Добруша былі родзічамі, бо першапася-ленцамі сталі некалькі сем’яў, — паведаміла Вольга Казлова. — Жылі тут Маёравы, Саўковы, Пяшыны, Петрусенкі, Захаравы, Бярнацкія, але ж часцей за ўсё іх называлі па вясковых мянушках, напрыклад, Цузорыкамі. Адкуль пайшло гэтае найменне, зараз ужо ніхто і не памятае…

IMG_844756.JPG

IMG_833780.JPG

У 30-я гады мінулага стагоддзя на былых памешчыцкіх землях, дзе і ўзнік пасёлак Добруш, быў арганізаваны калгас “Смелы”, які ўзначаліў Кляменцій Новікаў. Займалася калектыўная гаспадарка раслінаводствам і жывёлагадоўляй.

Дагэтуль у школьным музеі захава-ліся некалькі гаспадарчых кніг, якія адлюстроўваюць тагачасны ўклад жыцця і працу жыхароў Добруша. Напрыклад, журнал уліку працадзён брыгад № 1 і 4 за 1947 і 1949 гады, дзе сустракаюцца прозвішчы Шак, Сатыраў, Петрусенка… Дарэчы, на старонцы з прозвішчам Лапыроў ёсць і такія запісы: “Лапырова Анісся” і “Лапыроў Міша”: дзеці дапамагалі бацьку падчас жніва, і адпрацавалі цэлы месяц. На іх таксама была разлічана аплата за працадні.

З цягам часу пачаўся адваротны працэс: моладзь усё больш імкнулася пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Рудню Марымонаву: грунтовыя воды сышлі ў глыбіню, таму цяпер пра паводкі ўжо нічога не чуваць. А вось тое, што вёска стала цэнтрам сельсавета, адыграла вялікую ролю. Тут з’явілася ўся неабходная інфраструктура — адкрыліся школа, магазіны, амбулаторыя, установа культуры, ды і да працы людзям было лепей дабірацца.

Вось так і атрымалася: сто гадоў таму з Рудні людзі пераязджалі ў Добруш, а зараз — наадварот.

— Пасёлак будзе існаваць да таго часу, пакуль тут ёсць жыхары, — упэўнены старшыня руднемарымонаўскага сельвыканкама Сямён Чэчыкаў. — Канешне, дамы ў Добрушы, што засталіся ад бацькоў і дзядоў, нашчадкі часцей выкарыстоўваюць як лецішчы. Аднак, спадзяюся, што некаторыя змогуць ацаніць цішыню і прыгажосць гэтых мясцін і застануцца тут на пастаяннае пражыванне.

Падарожжа другое

Раённы цэнтр Добруш Гомельскай вобласці

Старажытнае паданне сведчыць: калісьці беглыя сяляне, ратуючыся ад прыгону, шукалі месца для пасялення. І прыйшлі яны на высокі бераг, дзе раслі дубровы ды сасоннікі, а праз іх празрыстай стужкай вілася рака.

— Дабро ж, — сказаў адзін з сялян.

— І пуць далёкі, — пацвердзіў другі, паказваючы на бясконцыя прасторы.

Засталіся выгнаннікі ў гэтым прыгожым кутку на беразе ракі. Пасяленне сталі зваць Добрушам, а раку побач — Іпуццю.

Калі ж звярнуцца да гістарычных дакументаў, то ў “Рэестры рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці 1560 года” Добруш упершыню ўпамінаецца як пасяленне Гомельскага староства. Дзякуючы геаграфічнаму размяшчэнню, Добруш стаў кустарна-прамысловым цэнтрам па вытворчасці канатаў і ветразяў. Гэтая “спецыялізацыя” знайшла адлюстраванне і ў старажытным гербе: тры бухты канатаў на зялёным фоне.

Да 1834 года паселішча належала графу Румянцаву, які пабудаваў у мястэчку лесапільны завод і млыны. Некаторы час тут таксама існавалі ткацкая мануфактура і шклозавод. У 1870 годзе князь Паскевіч, сумесна з купцамі Лаўянавым і Саламонавым заснаваў у Добрушы папяровую фабрыку. З цягам часу яна стала займаць адно з вядучых месцаў сярод такіх жа прадпрыемстваў. Прадукцыя Добрушскай папяровай фабрыкі карысталася асаблівым попытам: выраблялася нават царская папера, а таксама для друкавання грошаў. Дарэчы, менавіта ў Добрушы ў 1899 годзе на рацэ Іпуць была пабудавана першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі гідраэлектрастанцыя.

IMG_433370.JPG

Пасля рэвалюцыі прадпрыемства нацыяналізавалі, а ў 1920 годзе рашэннем губернскага Савета дэпутатаў папяровай фабрыцы прысвоілі ганаровае званне “Герой працы”. Яе развіццё паўплывала і на рабочы пасёлак, які пашыраўся за кошт будаўніцтва жылля для рабочых. Былі ўзведзены таксама клуб, паліклініка, школы. Добруш набыў ўсесаюзную вядомасць як горад, дзе выраб-ляецца якасная папера і розныя рэчы з яе.

Аднак Добруш не мінула і фашысцкая навала. Раённы цэнтр перажыў некалькі гадоў акупацыі і актыўнае супраціўленне ворагу — на тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанскія атрады, а ў самім горадзе — падполле, сотні дабрушан ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў некалькі вуліц былі названы імёнамі дабрушан — Герояў Савецкага Саюза.

Зараз Добруш, які яшчэ называюць “маленькай Венецыяй”, — даволі буйны горад. Тут дзейнічаюць папяровая фабрыка, фарфоравы завод — адзіны вытворца фарфоравага посуду на тэрыторыі Беларусі, вырабы якога карыстаюцца попытам далёка за межамі краіны, іншыя прамысловыя аб’екты. Развіваецца сфера аказання паслуг — дзейнічаюць установы адукацыі, аховы здароўя, некалькі цэнтраў культуры, краязнаўчы музей, адкрываюцца новыя магазіны рознай формы ўласнасці. Добруш мае добрыя перспектывы для развіцця і захавання чалавечага патэнцыялу — асноўнага багацця “беларускай Венецыі”.

IMG_434462.JPG

http://sozhnews.by