image_pdfimage_print

У выхадныя ў Беларусі пацяплее, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У верасні на большай частцы тэрыторыі краіны адзначаўся дэфіцыт ападкаў. Іх колькасць у кастрычніку мяркуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (норма 36-66 мм).

“Па тэмпературным рэжыме верасень на значнай частцы тэрыторыі Беларусі прайшоў у кліматычных рамках жніўня. Кастрычнік, паводле прагнозу, у плане надвор’я спрабуе замяніць сабой верасень. Тэмпературны рэжым на працягу большай часткі месяца абяцае быць на 1-2 градусы цяплейшы, чым звычайна. Асабліва адчувальна вышэй за кліматычную норму чакаецца ў першай дэкадзе кастрычніка”, – расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 2 кастрычніка, тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца ў вобласці паніжанага атмасфернага ціску, па паўднёва-заходняй палове рэспублікі будзе адчувацца ўплыў франтальных раздзелаў, якія ідуць з Украіны. Чакаецца воблачна з праясненнямі. Пераважна па паўднёва-заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у дзённы час месцамі магчымы навальніцы. Вецер усходні, паўднёва-ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 6-12 градусаў цяпла, удзень – 13-19 вышэй за нуль.

У суботу, 3 кастрычніка, уплыў франтальнага раздзелу распаўсюдзіцца на многія рэгіёны Беларусі, таму на большай частцы тэрыторыі рэспублікі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы рознай інтэнсіўнасці. Вецер будзе паўднёва-ўсходні ўначы слабы, удзень парывісты. Уначы чакаецца ад 8 да 13 градусаў цяпла, удзень – плюс 13-20, па поўдні – да 22 градусаў вышэй за нуль.

У нядзелю, 4 кастрычніка, уплыў франтальнага раздзелу спыніцца, на тэрыторыю краіны чакаецца паступленне вільготных цёплых паветраных мас з паўднёвых шырот. Чакаецца пераменная воблачнасць. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, у дзённы час у асобных раёнах – з навальніцамі. Вецер чакаецца паўднёва-ўсходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 8-15 градусаў цяпла, удзень – 16-23 вышэй за нуль, месцамі – да 25 градусаў са знакам плюс.

Як адзначылі сіноптыкі, такі тэмпературны фон будзе на 4-9 градусаў вышэйшы за кліматычную норму для гэтых дат кастрычніка.

У пачатку наступнага тыдня атмасферны ціск падрасце, узмоцніцца ўплыў шырокага антыцыклону з цэнтрам над Сярэдняй Волгай, толькі па захадзе краіны захаваецца ўплыў франтальнага раздзелу, дзе яшчэ чакаюцца кароткачасовыя дажджы, удзень, магчыма, з навальніцамі. Паўднёва-ўсходні, паўднёвы вецер будзе падтрымліваць у краіне анамальна цёплае надвор’е. У панядзелак і аўторак, 5 і 6 кастрычніка, тэмпература паветра ўначы складзе 8-15 градусаў цяпла, удзень – ад 14 да 20 градусаў вышэй за нуль, па поўдні – плюс 21-23.

У сераду, 7 кастрычніка, у вобласці павышанага атмасфернага ціску ў многіх раёнах краіны будзе без ападкаў, толькі па захадзе рэспублікі месцамі магчымы кароткачасовыя дажджы. Вецер будзе паўднёвы ўмераны. Уначы чакаецца ад 7 да 14 градусаў цяпла, удзень – 13-20 вышэй за нуль.

БЕЛТА