image_pdfimage_print
Фота з архіва

Фота з архіва

У новай пяцігодцы, і ў прыватнасці ў гэтым годзе, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прадоўжыць працаваць над удасканаленнем умоў працы і якасці сацыяльнага абслугоўвання, ростам даходаў насельніцтва. Аб канкрэтных мерах журналістам сёння расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч перад пасяджэннем падагульняючай калегіі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр падкрэсліла, што 2020 год для сістэмы працы і сацыяльнай абароны стаў няпростым. Яна адзначыла самаадданасць работнікаў, якія ва ўмовах складанай эпідсітуацыі напружана працавалі, у тым ліку ў рэжыме поўнай ізаляцыі вахтавым метадам засцерагалі пажылых грамадзян і інвалідаў ад каранавіруснай інфекцыі ў стацыянарных установах. І сёння палова дамоў-інтэрнатаў прадаўжае працаваць у такім рэжыме.

Сістэма Мінпрацы і сацабароны асаблівая, у ёй заняты 40 тыс. чалавек, а напрамкаў мноства: працоўныя адносіны, зарплата, пенсійнае забеспячэнне, умовы працы, сацыяльная абарона, дэмаграфія.

Працоўныя адносіны

У студзені 2020 года пачаў працаваць вялікі блок змяненняў, унесеных у Працоўны кодэкс. Закладзены і заканадаўча замацаваны такія важныя навацыі, як дыстанцыйная занятасць і часовы перавод работніка на іншую работу з яго згоды на тэрмін да шасці месяцаў за год. “Як у ваду глядзелі, – заўважыла Ірына Касцевіч. – Прыйшла пандэмія, і гэтыя гібкія формы занятасці далі магчымасць наймальнікам вырашаць многія пытанні, што ўзнікаюць”.

Дапамаглі і змяненні ва ўказ нумар 143, прынятыя ў канцы 2020 года. “Змяніўся парадак аб’яўлення прастою, шэраг іншых мер па пераводзе работнікаў. З’явілася і такая норма, як тры дні адпачынку для работніка без пацвярджальных дакументаў у выпадку нездаровага стану”, – удакладніла міністр.

Эпідсітуацыяй было абумоўлена і прыняцце ўказа нумар 178, накіраванага на падтрымку калектываў і асобных людзей. Гэта даплата з бюджэту да мінімальнай зарплаты і ўзмацненне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі людзям, у якіх сярэднедушавы даход ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму. Амаль 55 тыс. чалавек атрымалі фінансавую падтрымку на агульную суму Br8 млн.

У 2021 годзе зноў прадугледжана карэкціроўка Працоўнага кодэкса. Асноўныя навацыі, якія плануецца ўключыць у праект закона, – дапаўненне ПК змешаным рэжымам працы, у офісе і аддалена, а таксама пашырэннем сацыяльна-працоўных гарантый для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей. “Мы ўжо атрымліваем зваротную сувязь ад усіх зацікаўленых і фарміруем пакет прапаноў. І з гэтага месяца пачынаем абмяркоўваць іх за круглым сталом. Тэрмін унясення прапаноў у Савет Міністраў – верасень бягучага года”, – адзначыла міністр.

Пачнецца распрацоўка праекта прынцыпова новага закона – “Аб аб’яднаннях наймальнікаў”. Генеральнае пагадненне ў Беларусі дзейнічае паміж трыма партнёрамі: урад, наймальнікі, прафсаюзы. Але калі ў прафсаюзаў ёсць свой закон, то ў наймальнікаў – не. “Паступіла такая заяўка, у мінулым годзе падрыхтавана канцэпцыя. Сфарміравана рабочая група, і мы пачынаем падрыхтоўку гэтага законапраекта”, – сказала Ірына Касцевіч. Таксама ў 2021 годзе заканчваецца тэрмін дзеяння бягучага генпагаднення, у гэтым годзе трэба падрыхтаваць новае, якое будзе дзейнічаць да 2024 года.

Заработная плата

Зарплата ў краіне ў намінальным выражэнні вырасла за пяцігодку ў 1,9 раза, у бюджэтнай сферы – гэтак жа. І на канец 2020 года атрымаліся суадносіны зарплаты ў бюджэтнай сферы і сярэдняй зарплаты па краіне 80,4 працэнта. Такім чынам узровень зарплат бюджэтнікаў дасягнуў Br1 тыс.

На новую пяцігодку даведзены новыя параметры, прычым па асобных катэгорыях работнікаў бюджэтнай сферы. Так, урачы і прафесарска-выкладчыцкі склад павінны атрымліваць 150 працэнтаў сярэдняй зарплаты па краіне, настаўнікі – амаль 106 працэнтаў, работнікі фізічнай культуры і спорту – 105 працэнтаў, педагагічныя работнікі – 100 працэнтаў, сярэдні медперсанал – 90 працэнтаў, работнікі сацыяльнай абароны, культуры – 80 працэнтаў.

Як сказала Ірына Касцевіч, у рэальным выражэнні зарплата ў бюджэтнай сферы вырасце ў сярэднім у 1,3 раза.

Рынак працы

Узровень беспрацоўя знізіўся з 5,8 працэнта ў 2016 годзе да 4 працэнтаў па выніках 2020 года. “Узровень занятасці 83 працэнты – гэта высокі паказчык”, – падкрэсліла міністр.

Сістэма органаў занятасці прадоўжыць займацца грамадзянамі, якія з’яўляюцца як актыўнымі беспрацоўнымі, так і пасіўнымі. За мінулую пяцігодку ўдалося працаўладкаваць больш за 740 тыс. чалавек. Прафесійную падрыхтоўку прайшлі каля 40 тыс. беспрацоўных, больш за 9 тыс. атрымалі фінансавую падтрымку для адкрыцця сваёй справы.

“Частка грамадзян прыходзіць у службу занятасці, частка знаходзіць работу самастойна. Для гэтага ёсць і агульнарэспубліканскі банк вакансій, дзе на сённяшні дзень 74 тыс. вакансій, і паслугі амаль 200 агенцтваў па працаўладкаванні, – пералічыла Ірына Касцевіч. – Але будзем працаваць і з пасіўнымі грамадзянамі: праз навучанне, перападрыхтоўку, пошук работы ў наймальніка. Мы адкрытыя, але перш за ўсё павінна быць цікавасць у самога чалавека. Будуць уступаць эканамічныя механізмы, каб прастымуляваць чалавека да работы. Калі мы па базе не занятых у эканоміцы бачым, што ёсць людзі, якія не працуюць па 10-15 гадоў, гэта выклікае заклапочанасць. У тым ліку таму, што, хутчэй за ўсё, яны заняты ў ценявым бізнесе. Наша задача – легалізаваць іх працоўную дзейнасць, растлумачыўшы, што гэта ў тым ліку іх будучыя пенсійныя гарантыі”.

Пры гэтым стаіць задача выбудаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з наймальнікамі праз комплексны падыход. Каб, з аднаго боку, не страціць вызваляемых работнікаў, не дапусціць іх выхаду на адкрыты рынак працы, дапамагчы ім працаўладкавацца на іншыя працоўныя месцы або атрымаць новую прафесію, працаваць на прафілактыку беспрацоўя. А з другога боку, актыўна дапамагаць прадпрыемствам у камплектаванні неабходнымі кадрамі, у тым ліку перанавучаць пад канкрэтнае працоўнае месца.

Умовы працы

За апошнія 5 гадоў у Беларусі на 20,6 працэнта зменшылася колькасць работнікаў, занятых на працоўных месцах са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы. Дзякуючы прынятым мерам узровень вытворчага траўматызму за апошнюю пяцігодку знізіўся больш як на 10 працэнтаў. Але пры гэтым трагедый са смяротным канцом менш не стала.

“Таму прыярытэт – ахова працы, зніжэнне ўзроўню траўматызму. Таму што здаровыя кадры – аснова патэнцыялу эканомікі”, – рэзюмавала міністр.

Пенсійнае забеспячэнне

На 2021 год запланавана амаль Br15 млрд на выплату пенсій (гэта каля 9 працэнтаў ВУП). На пенсійны фонд нагрузка вялікая з улікам таго, што атрымальнікамі з яго з’яўляюцца 27 працэнтаў грамадзян краіны. На люты, паводле слоў Ірыны Касцевіч, сярэдні памер пенсіі склаў Br513. І хоць так і не атрымалася дасягнуць суадносін памеру сярэдняй пенсіі і памеру сярэдняй зарплаты 40 працэнтаў, на працягу пяцігодкі паказчык набліжаўся да гэтага значэння. Задача на новую пяцігодку не знімаецца.

“Але мы павінны разумець, што на гэтыя суадносіны ўплываюць не толькі тыя грошы, якія накіроўваюцца на выплату пенсій. Гэта залежыць яшчэ і ад партрэта пенсіянера. Чым больш у сістэму будуць прыходзіць пенсіянеры, у якіх была высокая зарплата, вялікі стаж, тым лягчэй забяспечыць гэтыя 40-працэнтныя суадносіны”, – падкрэсліла міністр.

Паралельна будуць прымацца меры, каб большае распаўсюджванне атрымала добраахвотнае накапляльнае пенсійнае страхаванне пры захаванні салідарнай сістэмы. Падрыхтаваны ўжо праект указа для запуску гэтай работы па развіцці шматузроўневай пенсійнай сістэмы – гэта так званая праграма “3+3”, пра якую гаварыў і кіраўнік дзяржавы. Праграма прадугледжвае, што пры добраахвотнай выплаце работнікам узносу на накапляльную пенсію, сваю частку ўзносу – з абавязковага 28-працэнтнага тарыфу – пералічыць і яго наймальнік.

Шмат увагі будзе ўдзяляцца і інфармаванню грамадзян, асвеце будучых пенсіянераў у частцы магчымасцей і гарантый, якія ім даступны. У прыватнасці – аб адкладзенай пенсіі. “Сёння амаль 600 тыс. чалавек прадаўжаюць працаваць, знаходзячыся на ​​пенсіі. Старэйшых за працаздольны ўзрост – амаль 500 тыс. чалавек, – прывяла лічбы міністр. – Можна прадаўжаць працаваць, але адмовіцца на перыяд работы ад атрымання пенсіі. Тады пры спыненні працоўнай дзейнасці памер пенсіі павялічваецца ў 1,5-1,8 раза. Мы павінны данесці гэту формулу павышэння пенсіі да кожнага чалавека”.

Актыўнае даўгалецце

Насельніцтва Беларусі няўмольна старэе, як і ў большасці краін свету. Людзей 65 гадоў і старэйшых ужо больш за 15 працэнтаў. Паводле прагнозаў, да 2030 года кожны пяты жыхар нашай краіны перасягне 65-гадовую мяжу.

У 2020 годзе ў Беларусі прынята Нацыянальная стратэгія “Актыўнае даўгалецце – 2030”, якая дасць магчымасць не толькі змякчыць наступствы старэння насельніцтва, але і выкарыстоўваць патэнцыял пажылых грамадзян. Будуць створаны ўмовы для больш працяглага працоўнага жыцця праз рэалізацыю прынцыпу “адукацыя праз усё жыццё”, развіццё медыка-сацыяльнай і герыятрычнай дапамогі, сацыяльнага абслугоўвання.

“Ужо ў 2021 годзе з гэтай стратэгіі хацелася б разгарнуць такі напрамак, як праграма камп’ютарнай дасведчанасці. Калі здарылася пандэмія, пажылыя людзі, хоць і аказвалася дапамога, былі ізаляваны дома. Мы ўбачылі, як важна ім быць “уключанымі” ў жыццё хаця б анлайн, мець магчымасць заказаць прадукты харчавання, пагутарыць з блізкімі, убачыць апошнія навіны свету і краіны. Таму ў бягучым годзе плануем стартануць з такім маштабным праектам”, – падзялілася планамі кіраўнік ведамства.

Сістэма сацыяльнага абслугоўвання

У Беларусі функцыянуе 92 дамы-інтэрнаты і 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання. Больш за 130 тыс. чалавек атрымліваюць сацыяльныя паслугі дома, у дамах-інтэрнатах пражываюць больш за 20 тыс.

У плане на новую пяцігодку – унесці сур’ёзныя змяненні ў закон “Аб сацыяльным абслугоўванні”. “Патрэбны новыя сучасныя падыходы: па вызначэнні патрэбнасці, па ўключэнні ў аказанне сацыяльных паслуг прыватнага камерцыйнага сектара, які ўжо развіваецца. Мы павінны бачыць гэтага партнёра і працаваць з гэтым сегментам, – растлумачыла Ірына Касцевіч. – Будзем пераймяноўваць дамы-інтэрнаты, укараняць сучасныя паслугі. Плануем распрацаваць канцэпцыю кодэкса сацыяльнага работніка ў бягучым годзе, але прыняць яго – у 2023-м. Таму што саму норму трэба папярэдне закласці ў законе – яго падрыхтуем у 2022 годзе.

Інклюзіўнае асяроддзе

Сёння ў краіне 25 тыс. інвалідаў-калясачнікаў, амаль 25 тыс. людзей з інваліднасцю па зроку, ёсць і іншыя катэгорыі. Для іх усіх асяроддзе прабывання – аб’екты сацыяльнай, транспартнай інфраструктуры і вулічнай дарожнай сеткі – павінна быць даступным на 100 працэнтаў.

Таму задача бягучай пяцігодкі – павялічыць колькасць такіх даступных месцаў з 17 працэнтаў (на 2020 год) да 23 працэнтаў да 2025 года. “Мы ўкараняем комплексны падыход, які прадугледжвае, што на такія аб’екты можа трапіць любы чалавек з любымі фізічнымі абмежаваннямі”, – растлумачыла Ірына Касцевіч.

Нарэшце, яна адзначыла і работу па аздараўленні пажылых людзей і інвалідаў на базе 4 санаторыяў сістэмы Мінпрацы. За перыяд пандэміі, выкліканай каранавіруснай інфекцыяй, 1137 пажылых грамадзян і інвалідаў, якія перанеслі захворванне, прайшлі пазачарговую рэабілітацыю ў гэтых здраўніцах. “Такую практыку прадоўжым і ў 2021 годзе”, – сказала на заканчэнне міністр.

БЕЛТА