Супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Гомельскага раёна падрыхтавалі шмат цікавых мерапрыемстваў з нагоды 140-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Асабліва насычаным на падзеі стаў гэты тыдзень, калі ў самую таемную ноч года — Купальскую — нарадзіўся Іван Луцэвіч. Нездарма ж ён узяў сабе літаратурны псеўданім Купала!

На творчыя вечарыны аматараў літаратурнага слова запрасілі бібліятэкары з Глыбоцкага і Цярэшкавіч, Рагоў і Каранёўкі, Бабовіч і Урыцкага, Бальшавіка і Грабаўкі, Міхалькоў і пасёлка Зябраўка, Пакалюбіч, Чарацянкі і Цярэніч. Падчас літаратурных свят прагучалі шматлікія вершы Янкі Купалы, а таксама музычныя творы, напісаныя на словы знакамітага песняра. Работнікі культуры з Рудні-Целяшоўскай і Лапаціна падрыхтавалі цікавыя бібліяграфічныя агляды, а юных аматараў чытання з Чонак і іх ваколіц бібліятэкар запрасіла на пазнавальны ўрок.

— Кульмінацыяй мерапрыемстваў, прысвечаных творчасці летапісца беларускага народа Янкі Купалы, стане раённае літаратурнае свята, якое адбудзецца 13 ліпеня ў 12.00, — расказала дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Гомельскага раёна Алена Захарук. — Запрашаем усіх, хто любіць творчасць класіка і ўвогуле мастацкае слова.

Янку Купалу, які перажыў Вялікую Акцябрскую рэвалюцыю, дзве сусветныя вайны і адну грамадзянскую, заўсёды цікавіў лёс простага селяніна, “пана сахі і касы”, нягледзячы на тое, што сам ён быў нашчадкам шляхецкага роду.

Вершы паэта перакладзены на шматлікія мовы, яго творы любяць і чытаюць пакаленні не толькі беларусаў, а і прадстаўнікоў іншых народаў свету. Бо тое, пра што ён пісаў, — блізкае і зразумелае кожнаму чалавеку. Шматлікія радкі з вершаў Янкі Купалы сталі яскравымі цытатамі.

Найбольш вядомыя радкі — з верша “Спадчына”, напісанага ў 1918 годзе: “Ад прадзедаў спакон вякоў // Мне засталася спадчына;// Паміж сваіх і чужакоў // Яна мне ласкай матчынай. //Аб ёй мне баюць казкi-сны // Вясеннiя праталiны, // I лесу шэлест верасны, // I ў полi дуб апалены”. Дарэчы, менавіта гэтыя словы сталі вядомы ўсяму свету дзякуючы ансамблю “Песняры”. Больш таго, спевакі і музыкі гэтага калектыву не аднойчы звярталіся да творчасці класіка беларускай літаратуры. На аснове вершаў Янкі Купалы ансамбль паставіў дзве рок-оперы — “Песня пра долю” і “Гусляр”.

Творчасць класіка не губляе актуальнасці і дагэтуль. Як жа пранікнёна гучаць словы, якія Янка Купала напісаў у гады Вялікай Айчыннай вайны: “Партызаны, партызаны, // Беларускія сыны! // За няволю, за кайданы, // Рэжце гітлерцаў паганых, // Каб не ўскрэслі век яны”.

Ірына ГРАМЫКА. Фота прадаставіла ЦРБС Гомельскага раёна.

If you have found a spelling error, please, notify us by selecting that text and pressing Ctrl+Enter.